Я. Анышкевіч: Лукашэнка траціць імідж суровага, але добрага бацькі

Аляксандар Казулін некалькі дзён таму пахаваў сваю жонку Ірыну, якая памерла ад анкалягічнай хваробы. Сьмерць Ірыны, а таксама нежаданьне ўладаў даць пропуск Казуліну на яе пахаваньне, сталі каталізатарам разважаньняў пра сытуацыю ў Беларусі. Многія людзі на ўсім сьвеце былі абураныя пазыцыяй беларускай улады, якая спачатку не хацела выдаць Казуліну пропуск на пахаваньне жонкі, а цяпер міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў заявіў, што Казулін атрымаў пропуск незаконна. Эўразьвяз і ЗША патрабуюць неадкладна вызваліць Казуліна з турмы без аніякіх умоваў, але гэтае патрабаваньне ня надта рашучае. Пра стаўленьне Эўрапейскага Зьвязу да сытуацыі ў Беларусі мы гутарым з Янушам Анышкевічам, віцэ-старшынём Камісіі замежных спраў Эўрапейскага парлямэнту. Ці Эўропа прыдумала нейкую ідэю, якім чынам яна магла б паўплываць на дэмакратызцыю Беларусі? Я.Анышкевіч: Шчыра кажучы, калі вы пытаеце пра нейкія новыя ініцыятывы, пра ключ, які мог бы адкрыць Беларусь, то такіх ідэй няма. Увесь арсэнал ініцыятываў ужо вычарпаўся. Але я лічу, што апошнія падзеі ў Беларусі – сумныя падзеі, як сьмерць Ірыны Казулінай - паказваюць, што нешта можа зьмяніцца. Спачатку было відаць, што Лукашэнка не зьбіраецца дазволіць Казуліну ўдзельнічаць у пахаваньні, але пад націскам міжнароднай грамадзкасьці, і перш за ўсё эўрапейскай грамадзкай думкі, ён быў прымушаны даць водпуск вязьню. Так што аптымістычны акцэнт такі, што беларускі прэзыдэнт усё ж такі крыху паддаецца такому націску. Можа, дзякуючы гэтаму, сытуацыя ў Беларусі яшчэ не да канца безнадзейная, можа ўдасца нешта зрабіць. Ці непакоіць вас факт, што паводзіны Лукашэнкі залежаць галоўным чынам ад адносінаў з Крамлём, а не ад пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу? Я.Анышкевіч: Так, крыху непакоіць. Але, на маю думку, Лукашэнка хоча паказаць, што Беларусь выбірае шматвэктарную палітыку, што яна не асуджана толькі на Маскву. Прэзыдэнт Беларусі хоча даказваць, што ён ня будзе без слова супраціву падпарадкоўвацца ўсім загадам Масквы, што ў яго ёсьць яшчэ магчымасьць гуляць і на ішых палях. Калі гэта сапраўды так, то вельмі добра, бо Эўрапейскі Зьвяз, краіны дэмакратычнага Захаду атрымаюць нейкую магчымасьць паўплываць на Лукашэнку. Вы згадалі пра тое, што практычна ўвесь арсэнал сродкаў, калі гаворка ідзе пра кантакты з Беларусяй, ужы вычарпаўся. Польшча таксама спрабавала весьці розную палітыку – ізаляцыі, спробаў дыялёгу, але без посьпехаў. Чаму? Я.Анышкевіч: Можа таму, што Польшча спрабавала выкарыстаць свой досьвед, атрыманы ў 80-ыя гады. Але, па-першае, нельга пераносіць тыя мэханізмы, якія тады працавалі, на кантакты зь Беларусяй. Справа ў тым, што ў 80-ыя гады Польшча ўсё ж такі нейкім чынам залежыла ад Захаду, які пазычаў нам грошы, і мог сьпісаць даўгі, таму польскія ўлады прыслухоўваліся да голасу з Захаду. У Беларусі сытуацыя іншая, але мне здаецца, што пакрысе яна пачынае набліжацца да тагачаснай польскай сытуацыі. Па-другое, трэба абавязкова старацца ўзмацніць пабудову грамадзянскай супольнасьці, і пераламаць манаполь дзяржавы на інфармацыю. Гэта як радыёстанцыі, якія вяшчаюць на Беларусь, так і тэлевізія. На вашую думку, такая інфармацыйная вайна, гэта значыць, аб’ектыўная інфармацыя з-за мяжы, магла б дапамагчы беларускаму грамадзтву? Ці беларускі народ знаходзіцца на такім этапе свайго разьвіцьця, каб зразумець, што грамадзянская супольнасьць – гэта яго будучыня? Я.Анышкевіч: Я думаю, што беларусы пачынаюць разумець сытуацыю, і перастаюць глядзець на Лукашэнку як на добрага бацьку, які дасьць ім шчасьлівае жыцьцё. У краіне расьце інфляцыя, павышаюцца цэны, улады адабралі ў шматлікіх грамадзян ільготы, якімі яны раней карысталіся. Лукашэнка паступова траціць свой імідж суровага, але добрага бацькі. Цяпер неабходна трымацца ранейшай палітыкі Эўрапейскага Зьвязу, але максымальна выкарыстаць факт, што ў Менску будзе адкрыта прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі. І, канешне ж, падтрымліваць незалежныя крыніцы інфармацыі. Размаўляў Павал Леккі, Польская служба, пераклад Натальлі Грышкевіч Polskie Radio