Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара на сьвята Пасхі Хрыстовай 2008 году

Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара “ad nutum Sanctae Sedis” для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Пасхі Хрыстовай 2008 году

Вялебныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!


Крыжу Твайму пакланяемся, Хрысьце,
і сьвятое Ўваскрасеньне Тваё
ў песьнях славім.

Ютрань Уваскрасеньня Гасподняга


1. Да сьвятога і сьветлага Ўваскрасеньня Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста сьвятая Царква – паводле старажытнай традыцыі – вядзе вернікаў шляхам вялікапоснага подзьвігу, ачышчэньня сэрца, малітвы, міласэрнасьці і духовай салідарнасьці. Сапраўды, каб радасна славіць Уваскрасеньне Гасподняе, неабходна найперш шчыра пакланіцца сьвятому Крыжу Гасподняму.

На шляху вялікапоснай духовай мабілізацыі, у духу хрысьціянскай міласэрнасьці, многія вернікі нашае Царквы – паводле словаў старажытнай Анафоры сьвятога Базыля Вялікага – маліліся:

«Госпадзе, будзь апекуном дзетак, настаўнікам моладзі, падтрымкай старых [...]. Барані ўдоваў, за сірот заступайся, вызвалі палонных, аздараві хворых. Будзь памятлівы, Божа, тых, што пад судом, у вязніцах, на катаржных работах і ўсіх тых, якія маюць патрэбу ў Тваёй вялікай Міласэрнасьці».

Гэты подзьвіг посту, малітвы, міласэрнасьці і духовай салідарнасьці прыносім пакорліва Уваскросламу Госпаду і з радасьцю славім Ягоную Пасхальную перамогу – перамогу Крыжа і Уваскрасеньня.

2. Калі ўвечары Нядзелі Уваскрасеньня Ісус Хрыстос прыйшоў да сваіх напалоханых вучняў, Ён прынёс ім дар міру і моц сваёй Пасхальнай перамогі – моц Духа Сьвятога (пар. Ян 20, 19-23). Таксама пасьля васьмі дзён, Ісус ізноў прыйшоў да сваіх вучняў, сярод якіх быў і Тамаш, і прывітаў іх словамі: «Мір вам!» А Апосталу Тамашу дазволіў дакрануцца «дапытліваю рукою» да Свайго прабітага і жыцьцядайнага боку, каб ён паверыў і стаў сьведкам таго, што Ісус сапраўды жывы.

Радасьць і моц Перамогі Уваскрасеньня жыве ў сьвятой Царкве і перадаецца вернікам – «кожнаму паводле патрэбы» - у Сьвятых Дарах Еўхарыстыі «Ласкаю, Міласэрнасьцю і Чалавекалюбствам» таго ж Уваскрослага Хрыста.

У візантыйскай літургічнай традыцыі нашае Царквы знаходзім шмат тэкстаў, якія паказваюць нам Міласэрнага Хрыста Чалавекалюбца. У апошнія дзесяцігоддзі евангельская праўда аб Божай Міласэрнасьці атрымала больш глыбокае разуменьне ў кантэксьце зьяўленьняў Ісуса Міласэрнага сьвятой манахіні Фаўстыне (Кавальскай) у блізкім нашым сэрцам горадзе Вільні. Сам Ісус Хрыстос загадаў ёй напісаць абраз і зьмясьціць на ім словы малітвы: «Ісус, давяраю Табе!»

Хрысьціянам Беларусі варта ведаць, што першы абраз Ісуса Міласэрнага быў напісаны ў Вільні ў 1934 г. па блаславеньні духоўніка манахіні Фаўстыны – а. Міхала Сапоцькі. Ён сам нарадзіўся на Беларусі, у Навасадах каля Ашмянаў у 1888 г. ды ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя быў настаяцелям касьцёла сьв. Міхала ў Вільні. Памёр а. Міхал у Беластоку ў 1975 г., дзе ён і пахаваны. (Кананічны працэс яго беатыфікацыі завершаны і ён будзе праслаўлены ў верасьні гэтага году).

Слуга Божы а. Міхал Сапоцька загадаў іканапісцу Яўгену Казіміроўскаму напісаць сьвятую ікону. Сама сястра Фаустына прыходзіла ў майстэрню, каб распавесьці пра дэталі выгляду абраза. 4 красавіка 1937 г. а. Сапоцька зьмясьціў Абраз у касьцёле сьв. Міхала ў Вільні. У 1948 г., калі камуністычныя ўлады зачынілі касьцёл сьв. Міхала , а. Юзаф Грасевіч, сябра а. Міхала Сапоцькі, забраў яго на Беларусь і зьмясьціў у парафіяльным касьцёле ў Новай Рудзе каля Гародні, дзе вернікі маліліся перад ім у цяжкія часы перасьледу.

Вось так сьвяты Абраз перабываў на Беларусі амаль сорак гадоў. Пасьля яго перавезьлі ў Вільню і, дзякуючы руплівасьці віленскіх душпастыраў Аляксандра Кашкевіча і Тадэвуша Кандрусевіча, зьмясьцілі ў касьцёле Сьвятога Духа. Такім чынам Беларусь і адважныя беларускія сьвятары захавалі сьвятую Ікону для духовага дабра вернікаў.

Пасьля доўгіх шматгадовых дасьледваньняў Сьвяты Айцец Ян Павал ІІ надаў нядзелі пасьля Пасхі (Нядзелі Тамаша) імя Нядзелі Божае Міласэрнасьці і блаславіў сусьветнае шанаваньне Іконы Хрыста Міласэрнага. У Цэрквах візантыйскай традыцыі гэтая ікона ўшаноўваецца як Ікона Хрыста Чалавекалюбцы.

З блаславеньня Яго Сьвятасьці Папы Бенядыкта XVI 2 красавіка гэтага году, у 3-я ўгодкі блаславёнага спачыну Слугі Божага Яна Паўла ІІ, у Рыме пачнецца Сусьветны Кангрэс, прысьвечаны пашырэньню культу Божай Міласэрнасьці. У ім будуць удзельнічаць некаторыя беларускія каталіцкія ярархі і вернікі. Усіх сьвятароў і вернікаў БГКЦ запрашаем, каб сваёй малітвай суправаджалі гэтую сусьветную духовую падзею, так блізка зьвязаную з беларускай зямлёй і гісторыяй.

3. У духовым жыцьці Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы асаблівае значэньне мае храм Хрыста Чалавекалюбцы у Маладэчне, дзе ўшаноўваем Ікону Хрыста Міласэрнага і дзе штогод у Нядзелю Тамаша асабліва молімся за нашую Бацькаўшчыну Беларусь.

У 2008 годзе сьвята Хрыста Чалавекалюбцы прыпадае ў нядзелю пасьля 25 сакавіка – сьвята Дабравешчаньня, якое адкрыла шлях Божай “Эканоміі” Міласэрнасьці. Гэта тым больш каштоўная нагода для малітвы за Беларусь.

Дарагія Браты і Сёстры!

У духу ўдзячнасьці Хрысту Чалавекалюбцу за Ягоную “Эканомію” Міласэрнасьці хачу прывітаць са сьвятам Пасхі Хрыстовай усіх, хто яе сьвяткуе паводле новага каляндара: грэка-католікаў, братоў рыма-католікаў, братоў пратэстантаў.

Братам праваслаўным, якія будуць сьвяткаваць Пасху паводле юліянскага каляндара, жадаем добрага вялікапоснага духовага подзьвігу.

Няхай Хрыстос Чалавекалюбец дасьць усім нам гатоўнасьць і моц сулучна сьведчыць, што Ён нясе ўсім жыхарам Беларусі багацьце сваёй Міласэрнасьці.

Усім сьвятарам, манахам, манахіням, семінарыстам,
усім вернікам нашае Царквы ў Беларусі і па-за яе межамі,
а таксама ўсім нашым Сябрам
жадаем багатых дароў міру, радасьці і надзеі
ад Уваскрослага Хрыста Чалавекалюбцы.

Усіх вас віншуем і вітаем сьвяточным вітаньнем:
Хрыстос уваскрос - сапраўды ўваскрос!


Менск, Пасха Гасподняя 2008 году.

+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі