ПРАТЭСТ

Беларуская дыяспара ў Каралеўстве Бэльгія заяўляе рашучы пратэст супраць масавага зьбіцьця беларускіх грамадзянаў, што мела месца падчас сьвяткаваньня Дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка ў Менску. Антыбеларуская палітыка вынішчэньня нацыянальнае памяці, мовы і культуры, што праводзіць урад спадара А. Лукашэнкі , з кожным годам робіцца ўсё больш цынічнай і брутальнай. Законнае права Беларускага народу на ўрачыстае адзначэньне памятных датаў сваёй гісторыі патаптанае хамскім ботам ворагаў Беларушчыны і замененае на абсалютную залежнасьць ад свавольства дэнацыяналізаванага чынавенства, што кіруецца не Канстытуцыяй, але прымітыўным жаданьнем дагадзіць дыктатару. Падзеі 25 сакавіка гэтага году, калі брутальным, крывавым чынам была разагнаная мірная дэманстрацыя беларускіх грамадзянаў, выклікае трывогу і пачуцьцё поўнага бяспраўя Беларускага народу перад абліччам паліцэйскага рэжыму, чужароднасьць якога не выклікае ані якіх сумніваў – не можа родны ўрад чыніць такі зьдзек над сваім народам, - паказалі, што сілавыя структуры ўжо больш не бароняць інтарэсаў Беларусі, але служаць акупацыйным структурам замежнай дзяржавы. Нагадваем чынавенству, якое прыслугоўвае акупацыйнаму рэжыму Лукашэнкі пра непазьбежную адказнасьць за зьдзек над Беларускім народам, за парушэньне Канстытуцыі і здраду Беларускай Дзяржаве. Угаворваем усімі магчымымі спосабамі вяртаць на Беларусі законнасьць і верхавенства гарантаваных Канстытуцыяй правоў чалавека. Жыве Беларусь! Далоў антынародную прарасейскую дыктатуру! Беларуска-Эўрапейскае Задзіночаньне, Бэльгія 27 сакавіка 2008 г., Брусэль.