Крыху пра ўяўнае і рэальнае

Велікодныя думкі. Айцец Аляксандар Надсан. Думаю, што кожнаму з нас здаралася ў жыцьці, калі мы нецярпліва чакалі некага, пра каго шмат чулі, толькі каб пры першай сустрэчы адчуць расчараваньнe. Звычайна, пасьля першага канфузу мы можам прызнаць нашую памылку і пагадзіцца з рэчаіснасьцю. На жаль, бываюць і больш сумныя выпадкі, калі расчараваньне ператвараецца ў варожасьць і нават нянавісьць да асобы, якая не апраўдала нашых спадзяваньняў. Драматычныя падзеі Вялікай Пятніцы, калі Госпад Ісус Хрыстос памёр на крыжы, былі таксама вялікай трагедыяй для абранага народу, або хутчэй ягоных духоўных правадыроў. Гэта былі людзі, годныя павагі, пабожныя, спадакемцы доўгай лініі тых, што, нягледзячы на цяжкасьці, перасьлед і варожае атачэньне, захавалі веру ў адзінага Бога і прыйсьце на сьвет Збаўцы, Мэсіі, які меў іх вызваліць ад чужацкага панаваньня. Праз доўгія стагодзьдзі чаканьня гэтай хвіліны яны, відаць, вырабілі ў сабе ўяўленьне, якімі павінны быць сам Збаўца, адноўленая ім дзяржава і якое павінна быць у ёй месца абранага народу. Іхнія спадзяваньні, аднак, ня спраўдзіліся. Збаўца, калі нарэшце прыйшоў, не адпавядаў іхняму ўяўленьню аб Ім, і яны яго адкінулі. «Прыйшоў да сваіх, і свае Яго ня прынялі»(Ян 1:11). Калі ж народ, нягледзячы на іхнія забароны, ішоў за Ім, яны пастанавілі Яго зьнішчыць, кажучы: «Што нам зрабіць з гэтым чалавекам, які чыніць шмат знакаў? Калі Яго пакінем так, то ўсе павераць у Яго, і прыдуць рымляне і зьнішчаць сьвяты горад і наш народ» (Ян 11:47-48). Гісторыя дае нам шмат прыкладаў рэжымаў, якія, пад покрывам заклапочанасьці пра агульнае дабро, супакой ці «стабільнасьць», намагаюцца схаваць невыгодную для іх праўду і перасьледуюць усе праявы нязгодных з іхнімі думак. Яны ня хочуць зразумець, што ніякая фізычная сіла ня можа ўстрымаць вольнае думкі, як гэта добра сказаў вуснамі гусьляра ў паэме «Курган» Янка Купала: Сілен, княжа, караць, галаву сілен зьняць,- Не скуеш толькі дум ланцугамі. Чалавек упэўнены ў слушнасьці сваіх перакананьняў адносіцца спакойна да тых, хто з ім не пагаджаецца, і ніколі ня будзе ўжываць супраць іх фізычнай сілы. Неталерантнасьць да думак іншых звычайна зьяўляецца паказчыкам духоўнай слабасьці і няўпэўненасьці, часта падсьведамай, у сваіх перакананьнях. Тыя, што дамагліся сьмерці Хрыста, таксама паказалі сваю няўпэўненасьць, калі загадалі паставіць варту пры Ягонай магіле. Але ўсе іхнія высілкі былі дарэмныя. Магіла не магла ўтрымаць Таго, хто сказаў: «Я - Дарога, і Праўда, і Жыцьцё». Праўда перамагла, паказваючы ўсім дарогу да жыцьця - жыцьця непрамінальнага і вечнага, жыцьця ў Богу. Нярэдка, калі нам здараецца нейкая прыкрасьць ці несправядлівасьць, мімаволі вырываюцца ў нас словы: «Дзе ж быў Бог, што дазволіў гэта». Гэтымі ці падобнымі словамі паказваем, якім нам падаецца Бог у нашым уяўленьні. Таму, каб вярнуцца да рэальнасьці, варта ў такіх выпадках глянуць на крыж і Таго, хто дзеля нас павіс на ім — Госпада, і Збаўцу нашага Ісуса Хрыста. Будучы Богам, які дабравольна стаўся адным з нас, Ён не вымагае ад нас нічога, чаго сам не перацярпеў. Пра гэта добра сказана ў Лісьце да Габрэяў: «Ён павінен быў ва ўсім стацца падобным да братоў, каб быць міласэрным і верным найвышэйшым сьвятаром перад Богам, каб ачысьціць грахі народу. Бо як Ён сам цярпеў і быў выпрабоўваны, дык можа і тым, што выпрабоўваюцца, дапамагчы» (Габ 2:17-18). Хочацца закончыць гэтыя кароткія разважаньні словамі велікоднай песьні сьвятога Яна Дамаскіна: «Учора я быў пахаваны з Табою, Хрысьце, - сёньня Ты ўваскрос і я ўстаў; учора я быў укрыжаваны з Табою — услаў мяне сёньня ў валадарстве Тваім». Вялікдзень 2008 г. Лёндан а.А. Надсан, апостальскі візытытар для беларусаў замежжа "Наша Нiва"