У ПАРЭ разгледзяць «жорстка крытычны даклад» аб Беларусі

У Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прадставяць даклад аб злоўжываннях у сістэме крымінальнага правасуддзя Беларусі. Дакумэнт падрыхтаваны дакладчыкам камітэту ПАРЭ па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека Хрыстасам Пургурыдэсам. Ён будзе разгледжаны на сэсіі ПАРЭ ўвечары 15 красавіка. Па выніках абмеркаваньня дакладу ПАРЭ мае ўхваліць рэзалюцыю і рэкамэндацыю. У праекце рэзалюцыі, у прыватнасьці, выказваецца "глыбокае шкадаваньне ў сувязі з палітычна матываванымі злоўжываньнямі ў сыстэме правасудзьдзя, якія ўсё яшчэ маюць месца ў Беларусі", а таксама ўтрымліваецца заклік скасаваць артыкул 1931 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), паведамляе “Радыё Свабода”. "Асамблея ўпэўненая, што Рэспубліка Беларусь з часам далучыцца да эўрапейскай сям`і нацыяў, якая выконвае правы чалавека і нормы закону, у тым ліку гарантаваўшы кампэнсацыю ахвярам і пакараўшы вінаватых ва злоўжываньнях пры ажыцьцяўленьні правасудзьдзя, апісаных ў дакладзе", — гаворыцца ў праекце рэзалюцыі. У Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы (ПАРЭ) уваходзяць прадстаўнікі парлямэнтаў усіх краінаў-сябраў Рады Эўропы. Склад нацыянальнай дэлегацыі вызначаецца нацыянальнымі парлямэнтамі. ПАРЭ лічыцца найстарэйшым у Эўропе органам міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва. Беларусь з часоў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня мела ў ПАРЭ статус “спэцыяльна запрошанага”. Але 13 студзеня 1997 году гэты статус быў замарожаны. Такое рашэньне стала рэакцыяй асамблеі на шматлікія парушэньні падчас правядзеньня ў Беларусі рэфэрэндуму 1996 году. З гэтага часу парлямэнт Беларусі на сэсіях ПАРЭ не прадстаўлены. Усе спробы афіцыйных беларускіх уладаў дамагчыся адмены гэтага рашэньня, посьпеху ня мелі. ПАРЭ прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі. Яны выцякаюць з дакладаў, якія рыхтуюць дэпутаты. Чатыры гады таму дэпутат Хрыстас Пургурыдэс, які мае выступіць у Страсбуры з дакладам аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя ў Беларусі, зарабіў справаздачу, у якой сьцьвярджаў: “У Беларусі на найвышэйшым дзяржаўным узроўні былі зробленыя актыўныя крокі, каб схаваць сапраўдную падаплёку зьнікненьня лідэраў апазыцыі Захаранкі, Ганчара, Красоўскага”. ПАРЭ вызначае спэцыяльнага дакладчыка Палітычнага камітэту па Беларусі. Цяпер ім з’яўляецца італьянскі парлямэнтар Андрэа Рыгоні. Хартыя-97