Палітычная эміграцыя – люстэрка сёньняшняй апазыцыі.

«Што ёсьць эміграцыя і з каго яна ствараецца?» - пытаньне ня меньш штодзённае чым «што ёсьць сёньняшняя апазыцыя?» Хто ёсьць палітычны ўцякач? І чым ён адрозьніваецца ад звычайнага эмігранта? Гэта пытаньні ня меньш набалелыяе, чым праблема беларускай апазыцыі. Кожны палітычны ўцякач - гэта «былы» палітычны дзеяч, які мае свае перакананьні, каторыя ня супадаюць з ідэалягічнымі шаблёнамі дыктатарскага рэжыму. Свае перакананьні ён не павінны хаваць, паказваючы дулю ў кішэні. Палітык павінны ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія ладзяцца той арганізацыяй, да якой ён належыць, але на практыцы часьцей гэта абмяжоўваецца толькі добра зробленымі фотаздымкамі разам зь вядомымі палітыкамі. Кожны сябра партыі павінны сплачваць складкі чальца, але гэта ня мусіць абмяжоўвацца аднаразовай выплатай кіраўніку той ці іншай арганізацыі, які выдае «інтульгенцыю». Калі ўважліва прааналізаваць сёньняшні склад палітычнай эміграцыі, якая налічвае тысячы ўцекачоў, можна прыйсьці да высновы, што альбо ніякай беларускай эміграцыі ня існуе, альбо гэта спрытнюгі, якія робяць бізнес на праблемах Радзімы. У любым выпадку, сёньняшні ўзурпатар - гэта адзінае, што патрэбна насельніцтву Беларусі, якое ператвараецца ў механізм па пераапрацоўцы харчпрадукту. Сёньняшнія асобы, якія спрабуюць сябе ў ролі павадыроў апазыцыйных рухаў і арганізацыяў, усё больш і больш дыскрыдытуюць саму ідэю апазыцыйнасьці, якая павінна сымбалізаваць супрацьстаяньне сёньняшняй незаконнай уладзе. Але кіраўнікі рухаў і партыяў усё больш капіруюць самае горшае з аўтарытарнага рэжыму. Чаго вартае тое, што яны спрабуюць накласьці сваё вета на тэлеканал суседняй краіны?... Няўжо яны бачаць сябе лепшымі цэнзарамі, чым зімоўскі на БТ? Усе інфармацыйныя рэсурсы знаходзяцца пад цэнзурай той ці іншай партыі ці руху. Дастаткова зрабіць толькі больш ці меньш крытычную заўвагу ў каментарах да артыкулу ці проста якой навіны, як становіцца зразумелым, да якой палітычнай плыні належыць гэты інфармацыйны рэсурс. Менавіта праца цэнзараў-мадэратараў і выклікала думкі выказаныя ў артыкуле. Тэма рэферэндума падчас выбараў зьяўляецца найбольш забароненай для мадэратараў усіх медыя рэсурсаў. Не магу зразумець, чаму менавіта гэтая тэма зьяўляецца тэмай-табу. Калі ніякага рэферэндуму ня будзе, чаму цензары-мадэратары так упарта не жадаюць ставіць камэнтар з развагамі пра наступствы гэтых выбараў, якія кожны сумленны Беларус павінен байкатаваць. Але байкот, гэта ня проста дуля ў кішэні, а ахвярная праца падчас выбарчага марафону. Зразумела, што ёсьць вялікая спакуса хапнуць халяўных грошай, да якіх ужо прызвычаіліся штатныя «апазыцыянеры». Але ня трэба забывацца на прымаўку пра клубочак, у якім заўсёды ёсьць канечык. Можна застацца ў гісторыі асобай вартай павагі, а можна быць прайдохам, які спэкулюе праблемамі краіны. Тэма байкоту выбараў ініцыявана адным з крытыкаў ранейшых байкотаў. І гэта наводзіць на разважаньні, якую выгаду мае гэты палітычны дзеяч ад закліку да байкоту. Калі гэта сапраўды шчырыя заклікі, то чаму ня тлумачыцца, як трэба гэта рабіць, і хто за гэту справу зьбіраецца быць адказным. Але больш здаецца, што гэта робіцца з мэтай апярэдзіць тых, хто сапраўды мае байкатаваць і тым самым унесьці разлад і непаразуменьні сярод тых сілаў, якія жывуць і дыхаюць ідэяй Незалежнасьці краіны. Добра памятаю, як розныя спрытнюгі ад палітыкі спрабавалі прыватызаваць ідэю Незалежнасьці падчас падрыхтоўкі да з'езду за Незалежнасьць і спрабавалі адабраць яе ў беларускай інтэльгецыі. Балюча было бачыць, як недарэчна выглядаюць творчыя тэленавітыя Беларусы ў час палітычных інтрыгаў і палітыканскіх гульняў. У той час выкарыстана была ідэя Незалежнасьці, а на сёньняшні дзень пачынаюцца спекуляцыі нават ідэяй Хрысьціянства. Розныя кан'юктурныя сілы спрабуюць зарабіць на гэтай святой для вернікаў справе, бо ад хрысьціянства там толькі назва. Відавочна, што гэты людзі ой як далёка ад Бога, таму ў сваіх кан'юктурных справах нічога не баяцца. Напрыканцы, хачу задаць пытаньне: Ці патрэбна Беларускаму народу апазыцыя, якая з'яўляецца зьмяншальным люстэркам сёньняшняй дыктатарскай улады? Якая мае сваю карупцыю, якая мае сваю цензуру, якая ўмее пляваць на маральнасьць і чалавеччыя пачуцьці. Адзінае, што радуе, што сярод апазыцыі існуюць сілы ня хворыя на саўковасьць альбо ўжо перахварэўшыя гэтай поршай. Беларусы, заставайцеся заўсёды Беларусамі і на эміграцыі не забывайцеся, што вы скарысталіся часовымі цяжкасьцямі краіны, каб палепшыць сваё жыцьцё. Час вяртаць пазыкі! Жыве Беларусь! 22.05.2008 Ян Лучынаўскі