Кангрэс ECPM у Брусэлю

11 чэрвеня 2008 году ў сталіцы Бэльгіі праходзіў чарговы штогадовы Кангрэс ECPM (Эўрапейскага Хрысьціянскага Палітычнага Руху). Эўрапейскі Хрысьціянскі Палітычны Рух паўстаў ва ўмовах паступовага адыходу значнае часткі палітычных сілаў хрысьціянска-дэмакратычнага накірунку ў Эўропе ад хрысьціянскіх прынцыпаў.

У паседжаньні Кангрэсу бралі ўдзел прадстаўнікі дзьвюх беларускіх палітычных арганізацыяў. Партыя Беларускае Хрысьціянскае Дэмакратыі ў 2007 годзе была прынятая ў склад ECPM. На Кангрэс была таксама запрошаная дэлегацыя Моладзевага Руху Беларускага Народнага Фронту «Маладое Адраджэньне», які прадстаўлялі яго старшыня Раман Кавальчук і каардынатар у Заходняй Эўропе Ігар Піменаў які ёсьць адказны за працу маладзёвай суполкі Беларуска – Эўрапейскага Задзіночаньня ў Бэльгіі.

ecpm

Моладзевы Рух Беларускага Народнага Фронту «Маладое Адраджэньне» быў створаны ў 1993 годзе як Моладзевая фракцыя БНФ, але цяпер дзейнічае са статусам самастойнай арганізацыі за мяжой і ў Беларусі падтрымлівае Кансэрватыўна-Хрысьціянскую Партыю – БНФ.

Асноўнай тэмай, якая абмяркоўвалася падчас Кангрэсу, быў тэкст праекту новых правілаў рэгуляваньня Эўразьвязу – Лісабонскага трактату, які быў распрацаваны на падставе папярэдняга праекту Канстытуцыі Эўразьвязу, адхіленага па выніках нацыянальных рэфэрэндумаў у Францыі й Нідэрляндах.

Перад удзельнікамі Кангрэсу выступіў Др. Сандэр Люйтвілер зь нідэрляндзкага Унівэрсітэту Эразмус у Ротэрдаму на тэму будучыні хрысьціянскай палітыкі і яе месца ў новым закладальным дакумэнту Эўразьвязу. Да ўвагі дэлегатаў былі прэзэнтаваныя даклад пра ролю хрысьціянаў на палітычнай сцэне і прапановы прыярытэтаў для сямейнай палітыкі з хрысьціянска-сацыяльнай перспэктывы.

На канфэрэнцыі таксама выступаў бэльгійскі прафэсар Эміле Ванбэкэвоорт зь Інстытуту Міжнародных Бізнэсовых Стасункаў пры Унівэрсітэту Штайнбайс у Бэрліне. Ён тлумачыў сутнасьць перавагі сучасных тэхналёгіяў у палітычнай канкурэнцыі і зьвярнуўся да дэлегатаў Кангрэсу з парадай улічыць новыя мэтады прыцягненьня прыхільнікаў хрысьціянскіх каштоўнасьцяў да палітычнай актыўнасьці дзеля абароны й пашырэньня сваіх правоў.

Напярэдадні выбараў у Эўрапарлямэнт, якія маюць адбыцца ў 2009 годзе, вельмі важна асэнсаваць адказнасьць Эўрапейскага Хрысьціянскага Палітычнага Руху за ажыцьцяўленьне прынцыпаў хрысьціянскай палітыкі ва ўмовах яе маргіналізацыі ў дзеяньнях вялікіх і ўплывовых палітычных партыяў, якія носяць назву хрысьціянска-дэмакратычных, але абапіраюцца ў сваёй палітыцы ў бальшыні выключна на прынцыпы вольнага рынку і сэкулярнага лібэральнага разуменьня правоў чалавека. У зьвязку з гэтым, быў абмеркаваны й зацьверджаны дэлегатамі Кангрэсу праект палітычнае плятформы ECPM пад назвай «Хрысьціянска-дэмакратычны голас у Эўрапейскім Зьвязу».