Сьвяты Язэп on-line

2008 год абвешчаны Каталіцкай Царквой годам Божага Слова. І вельмі дарэчы, што менавіта сёлета вернікі Беларускай Грэка‑Каталіцкай Царквы (БГКЦ) і яе сябры парадаваліся адраджэньню сайту парафіі ў імя сьвятога і праведнага Язэпа у Менску. Гэта была першая грэка‑каталіцкая парафія, заснаваная ў Менску пасля 1839 году на пачатку 1990‑х, яна ж першая стварыла свой сайт SvJazep.org. Сайт быў створаны ў 2000 годзе, але да нядаўняга часу нерэгулярна абнаўляўся. Цяпер сайт SvJazep.org фактычна створаны нанова. На сайце можна знайсьці ня толькі паведамленьні пра жыцьцё парафіі, але таксама кароткую і адначасова зьмястоўную інфармацыю пра ўсю Беларускую Грэка‑Каталіцкую Царкву. Тут зьмешчаны артыкулы пра гісторыю парафіі і БГКЦ (гэты артыкул яшчэ не завершаны), біяграфічныя даведкі пра грэка‑каталіцкіх сьвятароў, якія служаць у парафіі, у Беларусі і за мяжой, а таксама пра царкоўныя ўлады. RSS‑стужка навінаў дазваляе пазнаёміцца з асноўнымі падзеямі ў жыцьці Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў. Дарэчы, наведнікі сайту могуць даведацца, колькі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў ёсьць на сьвеце і якія традыцыі яны ўспадкавалі. Ведама, кожная Царква мае свой каляндар. Таму рубрыка «Каляндар» на сайце SvJazep.org, можна сказаць, абавязковая. У гэтай рубрыцы наведнікі знаёмяцца з кароткімі жыцьцяпісамі сьвятых, памяць якіх ушаноўваецца Царквою ў пэўны дзень. Утрымліваюцца ў гэтай рубрыцы і некаторыя богаслужбовыя зьвесткі. Рубрыку вядзе а. Яўген Усошын — магістар тэалёгіі і царкоўны гісторык. У рубрыцы «Гаміліі і казаньні» публікуюцца пераважна нядзельныя казаньні. Казаньні пішуць розныя аўтары — грэка‑каталіцкія сьвятары, — але агульнай пазытыўнай іх рысай ёсьць тое, што ўсе яны па‑беларуску, кароткія ды маюць уласную назву, што дазваляе чытачу лёгка «ўвайсьці» ў чытаньне тэксту. Як сказаў карэспандэнту НН а. Андрэй Буніч, заснавальнікі сайту спадзяюцца, што ён будзе цікавы ўсім хрысьціянам ў Беларусі і тым, хто шукае Бога і сваю Царкву. Дэрэчы ў беларускім Інтэрнэце грэка‑каталіцкі SvJazep.org не самотны: зусім нядаўна зьявіўся сайт перакладаў а. Аляксандра Надсана (chasaslovec.carkva.by). Беларускі хрысьціянскі Інтэрнэт пашыраецца. Аляксандар Загорскі Наша Нiва