Маем новага Біскупа Анвэрпану, Уладыку Яна Боньні

Слава Ісусу Хрысту! Мілыя Богу Браты і Сёстры, Вернікі Парафіі Сьвятога Мучаніка Язафата Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага! Як вядома, зусім нядаўна нашая дыяцэзія разьвіталася са сваім Біскупам Уладыкам Паўлам Ван дэн Бэрхге, які нядаўна адзначыў сваё 75-годдзе і паводле кананічнага права адыйшоў на пакой. На працягу некалькіх месяцаў наша Парафія малілася за спасланьне нам новага дастойнага Біскупа, які б быў здольны “верна навучаць словам Гасподняй праўды”. І вось днямі мы атрымалі ліст з Анвэрпанскага Біскупства, наступнага зьместу: “Парафіям нашай дыяцэзіі, Каталіцкім супольнасьцям замежнага паходжаньня, Добрыя Сёстры і Браты ў Госпадзе, З пачуцьцем глыбокай радасьці і ўдзячнасьці магу Вам паведаміць, што Папа Бенэдыкт прызначыў для нашай дыяцэзіі прызначыў новага Біскупа, менавіта Мср. Яна Боньні (Mgr. Johan Bonny), сьвятар дыяцэзіі Бруггэ, сталы супрацоўнік Папскай Рады для еднасьці хрысьціянаў і рэктар Бэльгійскага Каледжу ў Рыме. Мы ўдзячныя яму і Госпаду за гэтага годнага наступніка. Нашыя на працягу некалькіх месяцаў малітвы за кагосьці, хто нас вёў бы і нам прадстаяў бы, атрымалі ў гэтым адказ. Цяпер момант, каб дзякаваць і маліцца Госпаду аб блаславеньні нашага новага пастыра і нашай дыяцэзіі. У той жа час мы дзякуем таксама Айцу Яну Боньні за яго станоўчы адказ і ад сэрца шчыра запрашаем ў нашае асяроддзе. Без сумненьня ён можа разьлічваць на супрацоўніцтва ўсіх нас. Антвэрпан, 28 кастрычніка 2008 + Біскуп Павал Ван дэн Бэрхге.” З удзячным сэрцам прыняўшы гэтую навіну, маючы духоўную ўпэўненасьць, што новы Біскуп будзе таксама клапаціца і спрыяць духоваму разьвіцьцю нашае беларускае Парафіі, узносім свае штодзенныя малітвы да пасада Ўсявышняга за Уладыку Яна, Біскупа Антвэрпанскага, і просім для яго ў Госпада многія і добрыя леты! Сьвятар Ян Майсейчык, парах