170 гадоў так званаму Полацкаму “сабору” 1839 г.

У 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, у выніку якога ўся наша старажытная дзяржава была акупаваная Расейскай Імпэрыяй. Упершыню за ўсю гісторыю свайго існаваньня наш народ апынуўся пад уладай расейскіх цароў, варожых да беларускай незалежнасьці і самабытнасьці. Новая ўлада разумела, што стрыжнем беларускай самасьвядомасьці зьяўляецца Беларуская Ўніяцкая Царква, да якой у той час належала абсалютная большасьць беларускага народу. Таму ад самага пачатку акупацыі была разьвернута шырокая антыўніяцкая акцыя, накіраваная на аслабленьне структураў Беларускай Царквы і выкараненьне гістарычных яе адметнасьцяў ад расейскай.

Духовыя навучальныя установы былі выведзеныя з пад улады біскупаў і паддадзеныя прафэсуры, якая была моцна заражаная лібэралізмам, модным ужо ў той час вальнадумствам і, адпаведна, мела антыпапскі і антыкаталіцкі настрой. У выніку з гэтых установаў выходзілі вельмі кволыя ў веры сьвятары, не здольныя супрацьстаць націску афіцыйнай прапаганды і таму схільныя да апастазіі (адпадзеньня). Менавіта такімі выпускнікамі сталіся сьвятары-рэнегаты Язэп Сямашка, Антон Зубко і Васіль Лужынскі. Іх схільнасьць да адступніцтва была заўважана царскімі ўладамі, таму неўзабаве ўсе яны былі ўхваленыя на біскупскія катэдры і апранутыя ў архірэйскія рызы. У падзяку за гэта яны павялі непрыкрытую барацьбу з духавенствам, якое мела моцную каталіцкую веру і глыбокую адданасьць уніяцкай традыцыі. Дзейнасьць гэтых біскупаў прыняла дэструктыўны характар, накіраваны на разбурэньне нутранага ладу Царквы.

У 1827 годзе Язэп Сямашка склаў план вынішчэньня Ўніі і падаў яго расейскаму ўраду, які ацаніў ягоныя стараньні і стаў рыхтаваць яго на мітрапалічы пасад. Згодна з Сямашкавым планам быў распачаты штучны падзел духавенства грэцкага і лацінскага абрадаў (апошняе было выдаленае з Грэцка-Уніяцкай Калегіі), абрабаваныя на карысьць царскай казны Базыльянскія манастыры, а самыя базыльяне, што адзначаліся актыўным місіянерствам і адданасьцю Царкве, выведзеныя з-пад кіраўніцтва протаігумена і аддадзеныя пад уладу біскупаў-апастатаў, якія ўрэшце забаранілі навіцыят (прыняцьце новых паслушнікаў). Кандыдытам у сьвятарства было забаронена выязджаць на навучаньне ў Рым, адначасова здольныя клірыкі, “дзеля лепшага знаёмства з расейскім духам у вышэйшых праваслаўных духоўных установах”, былі высыланыя да Масквы ды Пецярбургу. У 1831 годзе замест уніяцкага быў прымусова ўведзены праваслаўны Службоўнік, у якім не было памінаньня Папы Рымскага, а ў сэмінарыях грэка-каталіцкія падручнікі таксама былі замененыя на маскоўскія кнігі. Незгодныя прыняць гэтыя зьмены былі рэпрэсаваныя (напрыклад, з 54 сьвятароў наваградскага павету, якія падпісалі пратэстацыю, некаторыя пад пагрозай былі прымушаныя адклікаць свае подпісы, а тыя, што не паслухаліся былі засуджаныя да году пакуты ў манастырох. У найбольш упартых адбіралі дзяцей, а самых высылалі да Сібіры. У 1838 годзе памёр стары мітрапаліт Язафат Булгак – апошняя перашкода ў справе зьнішчэньня Ўніяцкай Царквы. Сямашка стаў на чале Уніяцкае Калегіі і, адчуўшы, што апазыцыя раскольніцкай дзейнасьці практычна задушаная, заняўся актыўнай падрыхтоўкай адступніцкага “сабору”.

24 лютага 1839 году ў Полацку пад патранатам расейскіх акупацыйных уладаў гэты “сабор” адбыўся. На ім біскуп літоўскі Язэп Сямашка і ягоныя нешматлікія паплечнікі абвесьцілі сваё адмаўленьне паслушэнства Апостальскай Сталіцы і Намесьніку Апостала Пятра і ўваходжаньне Уніяцкай Царквы ў склад дзяржаўнай Расейскай праваслаўнай Царквы. Гэта азначала забарону Уніяцкай Царквы ў межах Расейскай Імпэрыі. З таго часу мінула 170 гадоў – амаль два стагоддзі перасьледаваньняў, дыскрэдытацыі і вынішчэньня, але насуперак усяму гэтаму д’ябальскаму чыну Справа Сьвятой Уніі выжыла і працягвае сваё існаваньне ў сэрцах мільёнаў людзей. Наўпростымі спадкаемцамі Уніяцкай Царквы Рэчы Паспалітай зьяўляюцца на сёньняшні дзень Беларуская і Украінская Грэка-Каталіцкія Цэрквы.

* * * * *

Лёсы Уніяцкай Царквы ў Беларусі зьяўляюцца сёньня прадметам зацікаўленасьці гісторыкаў, кананістаў, багасловаў у розных краінах Эўропы.

На працягу некалькіх тыдняў 2009 г. праходзіла электронная кансультацыя, на якой абмяркоўвалася справа згаданага так званага Полацкага “сабору” 1839 г.

Вынікам гэтай кансультацыі сталі 10 тэзісаў, якія прадстаўляем вашай увазе.

Сьвятар Ян Майсейчык,
парафія Сьвятога Мучаніка Язафата і Ўваскрасеньня Хрыстовага (Антвэрпан)

Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі:

170 гадоў ад так званага "сабору" у Полацку (ў 1839)
10 тэзісаў - Запіскі кансультацыяў (24 лютага 2009)

1) Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква БГКЦ зьяўляецца непасрэднай (хаця не адзінай) спадкаеміцай Берасьцейскай Уніі, якая была заключана паміж біскупамі Рускай Царквы (Ecclesia Ruthena) і Рымскай Апостальскай Сталіцай. Усходняя Царква, якая на ўнійным Сінодзе ў Берасьці аднавіла сваю еднасьць з Рымам, у гісторыю Беларускіх Земляў федэрацыйнага дзяржаўнага арганізму называнага Рэччу Паспалітай (Res pubblica Polono-Lithuana) упісалася пад назвай Уніяцкая. Гэтая назва часам ужываецца і сёньня.

У Царкоўным календары БГКЦ дата 16 кастрычніка штогод адзначаецца як успамін унійнага Сіноду ў Берасьці 1596 году.

2) 24 лютага 2009 г. мінула 170 гадоў ад так званага "сабору" у Полацку ў 1839 г., на якім уніяцкі біскуп літоўскай епархіі Іосіф Сямашка і ягоныя паплечнікі – пад націскам царскіх уладаў – абвясьцілі "аб'яднаньне” (воссоединение) Уніяцкай Царквы на Беларускіх Землях з дзяржаўнай Царквой Расійскай Імперыі (якая называлася “православно-кафолическая Церковь”).

25 сакавіка 1839 г. цар Мікалай І і Сінод Расійскай Праваслаўнай Царквы пацьвердзілі ліквідацыю Ўніяцкай Царквы.

3) Толькі пасля заканчэньня І Сусьветнай вайны Ўсходняя Каталіцкая Царква візантыйска-славянскага абраду змагла адрадзіцца ў Заходняй Беларусі, землі якой заставаліся пад панаваньнем Польшчы. На гэтых тэрыторыях у міжваенны час існавала амаль 30 парафіяў, якія засталіся ў юрысдыкцыі мясцовых лацінскіх біскупаў (Вільня, Пінск).

На пачатку ІІ Сусьветнай вайны, у верасьні 1939 г., тэрыторыя Заходняй Беларусі была далучана да Савецкага Саюзу і большасьць грэка-каталіцкіх парафіяў была ліквідавана.

Львоўскі мітрапаліт Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шаптыцкі прызначыў у той час (1940) Экзарха для Беларусі а. Антона Неманцэвіча S. J. Экзарх Антон неўзабаве ў 1942 г. быў арыштаваны нацысцкім SD і ў 1943 г. загінуў мучаніцкай смерцю ў Менску.

4) Канец 80-х гг. мінулага стагоддзя на Беларусі характарызаваўся ростам зацікаўленасьці Ўніяцкай Царквой сярод студэнтаў і інтэлігенцыі Менска і іншых гарадоў Беларусі. Рух за адраджэньне Ўніяцкай Царквы ўзмоцніўся ў 1990 г. пасьля візіту ў Менск Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана.

Дзень 11 сакавіка 1990 г., калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Менску Боскую Літургію на беларускай мове, можа быць прызнаны за дату аднаўленьня душпастырскай дзейнасьці грэка-каталіцкіх парафіяў у Беларусі.

5) Восеньню 1993 г. у Беларусь прыехаў Візітатар ватыканскай Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў а. Сяргей Гаек, з мэтай вывучыць сітуацыю беларускіх грэка-католікаў. На пачатку 1994 г. (г. зн. 15 год таму) ён быў прызначаны Апостальскім Візітатарам “ad nutum Sanctae Sedis” для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, а Грэка-Каталіцкая Царква была непасрэдна падпарадкаваная Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Гэта мела быць часовым вырашэньнем пытаньня, але трывае ўжо 15 год.

6) Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква існуе як асобная ("sui iuris") Царква візантыйскай традыцыі ў "Annuario Pontificio", г. зн., што такой яна прызнаецца Апостальскай Сталіцай. Але да сёньняшняга дня яна ня мае біскупа. Улада і місія кіраваньня гэтай Царквою даверана архімандрыту. Гэтая сітуацыя не зьяўляецца нармальнай.

Але ня ёсьць нармальным таксама, калі некаторыя "навукоўцы" адмаўляюць БГКЦ імя Царква. Кіруюцца яны толькі дадзенымі сацыялогіі і не бяруць пад увагу тое, што Царкву ня можа зьнішчыць ніводная сьвецкая ўлада, нават улады расійскага царызму ці савецкага бальшавізму.

За вернасьць Хрысту і Рымскай Апостальскай Сталіцы сьвятары і вернікі гэтай Царквы цярпелі ў савецкіх і нямецкіх нацысцкіх турмах і панесьлі мучаніцкую сьмерць.

7) На сёньняшні дзень (24 лютага 2009 г.) Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі падзелена на 2 протапрэсьвітараты: Цэнтральна-Заходні і Ўсходні.

Клір Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі налічвае 15 сьвятароў. Яны абслугоўваюць 20 парафіяў, разьмешчаных на тэрыторыі ўсяе краіны, але толькі 13 з іх маюць дзяржаўную рэгістрацыю.

Акармя таго душпастыры БГКЦ даязджаюць да мясцовасьцяў, дзе парафіі знаходзяцца на этапе аднаўленьня ці арганізацыі.

У розны спосаб, у тым ліку праз квартальнік "Царква" (апошнім часам таксама праз вэб-сайты: carkva-gazeta.org ды www.svjazep.org), з евангелізацыйнай місіяй БГКЦ дасягае некалькі тысячаў асобаў. Як мінімум столькі ж прыхільнікаў застаецца па-за душпастырскай апекай БГКЦ.

8) Асобнай праблемай зьяўляецца душпастырская апека над усходнімі хрысьціянамі, якія прыступаюць да поўнай еднасьці (ad plenam communionem) з Каталіцкай Царквой.

Паводле Codex Canonum Orientalium Ecclesiarum яны павінны захоўваць уласны абрад, у гэтым выпадку візантыйскі. На практыцы яны ўключаны ў структуры парафіяў лацінскага абраду, але нельга не лічыць іх грэка-католікамі, хаця яны і карыстаюцца душпастырскай апекай парафіяў лацінскага абраду. Дакладная лічба іх невядомая, але гэта некалькі тысяч вернікаў.

У гэтым кантэксьце належыць нагадаць, што пэўныя нецаркоўныя крыніцы называюць лічбу каля 25.000-30.000 грэка-католікаў у Беларусі. Толькі невялікая частка з іх прайшла праз працэс вацэркаўленьня (воцерковления), г. зн. уключэньня, хаця б толькі сакрамэнтальнага, у жыцьцё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Nota bene падобна ёсьць з іншымі традыцыйнымі Цэрквамі ў Беларусі.

Дайсьці з Евангельлем да гэтым людей – асноўная задача ў межах місіі БГКЦ ў Беларусі.

9) Беларусы грэка-католікі за мяжой давераныя апецы Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага протаярэя Аляксандра Надсана, які жыве ў Беларускай Місіі ў Лондане. Дапамагаюць яму ў працы тры сьвятара ў розных краінах.

Папярэднікамі а. Аляксандра Надсана на пасадзе Апостальскага Візітатара для Беларусаў замежжа былі два грэка-каталіцкія біскупы: біскуп Чэслаў Сіповіч (1960-1981 гг.) і біскуп Уладзімір Тарасевіч (1983-1986 гг.). Былі гэта адзіныя беларускія грэка-каталіцкія біскупы ад часу скасаваньня Уніі на так званым "саборы" у Полацку ў 1839 г.

Беларуская Місія ў Лондане, а асабліва а. Аляксандр Надсан, мае вялікія заслугі ў перакладзе візантыйскіх літургічных тэкстаў на сучасную беларускую мову.

Побач з традыцыйнымі душпастырскімі асяродкамі ў ЗША і Вялікай Брытаніі ў апошніх гадах паўстала беларуская грэка-каталіцкая парафія ў Антвэрпэн у Бельгіі, якая ахоплівае новую хвалю беларускай эміграцыі.

10) Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква бачыць сваю важную місію таксама ў пашырэньні (promotio) беларускай хрысьціянскай культуры.

Апраўленьне службаў і абвяшчаньне Слова Божага на беларускай мове зьяўляецца зьдзяйсьненьнем неабходнага для евангелізацыі сімбіёзу паміж Евангельлем і культурай на землях, дзе народная мова і культура былі моцна зьнішчаны.

Зразумела, што інкультурацыя Евангельля і евангелізацыя культуры адбываецца ў шматлікіх сферах душпастырскага служэньня Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, у Беларусі і за мяжой.

Casola Lunigiana, 24-02-2009

Per contatto/ Для кантактаў: mailto: polatsk170@gmail.com