ДАРОЖНАЯ МАПА ДЛЯ БЕЛАРУСІ: ВЫБАР ПАДЫХОДАЎ

31 сакавіка ў Брусэлю з ініцыятывы трох найбуйнейшых фракцыяў Эўрапарлямэнту адбылася аднадзённая канфэрэнцыя, якая была цалкам прымеркаваная вызначэньню палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі.

З уводзінамі да асноўных дыскусіяў выступілі лідэры Эўрапейскае Народнае Партыі – Эўрапейскіх Дэмакратаў, Партыі Эўрапейскіх Сацыялістаў ды Эўрапейскага Задзіночаньня Лібэральных Дэмакратаў, а з абагульненым дакладам выступіў старшыня Эўрапарлямэнту Ганс-Гэрт Пёттэрынг.

Са зьместу дыскусіяў вынікала адрознае стаўленьне Эўрапарлямэнту з аднаго боку ды выканаўчых структураў Эўразьвязу з іншага боку, прадстаўленых кіраўніком генэральнага дырэктарату вонкавых дачыненьняў. Менавіта гэтыя пазіцыі мусіць ўзважыць Рада Эўрапейскага Зьвязу ў выглядзе найвышэйшых ўрадавых прадстаўнікоў кожнае з краінаў-чальцоў перад самітам, які адбудзецца ў Празе 7 траўня. Як ведама, праскі саміт Эўразьвязу павінен дэкляраваць прынцыпы новага ўзроўню супрацоўніцтва з яго суседзямі, сярод якіх ёсьць і Беларусь. Асноўнай перашкодай на шляху да паўнавартаснага ўдзелу Беларусі ў праграме Ўсходняга партнэрства, якая будзе прэзэнтаваная падчас саміту краінаў Эўразьвязу ў Празе, зьяўляецца сумнеў у ажыцьцяўленьні дыктатарскім рэжымам А. Лукашэнкі неабходных крокаў да палітычнай лібэралізацыі, дэмакратызацыі законадаўства ды трансфармацыі эканомікі да рынкавых ўмоваў.

Чалец фракцыі Партыі Эўрапейскіх Сацыялістаў нідэрляндзкі дэпутат Ян Марынус Вірсма, які актыўна працаваў у камітэце Эўрапарлямэнту па справах Беларусі, выказаў ўпэўненасьць у мэтазгоднасьці ўвядзеньня эканамічных санкцыяў, накіраваных на істотнае абмежаваньне прыбыткаў найвышэйшых прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі ад дзейнасьці беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Доўгатэрміновая палітычная ізаляцыя рэжыму Захадам прынесла адпаведныя пазытыўныя вынікі і прымусіла Лукашэнку зрабіць пэўныя саступкі ў выглядзе вызваленьня палітычных зьняволеных, а таксама дазволу на продаж і падпіску газэтаў ''Народная Воля'' і ''Наша Ніва'' праз дзяржаўную сістэму распаўсюду друкаваных выданьняў.

Кансалідаваныя падыходы ды аб'ектыўная ацэнка сучаснай сітуацыі ў Беларусі былі прадстаўленыя беларускімі ўдзельнікамі канфэрэнцыі, сярод якіх былі лідэр грамадзкага Руху ''За Свабоду'' Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае Партыі Анатоль Лябедзька, кіраўніца Беларускае Асацыяцыі Журналістаў Жана Ліцьвіна, сустаршыня партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя Віталь Рымашэўскі ды старшыня незалежнага Зьвязу Палякаў у Беларусі Анжэліка Борыс. Галоўны прынцып для разьвіцьця далейшага супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусяй, прапанаваны беларускімі ўдзельнікамі канфэрэнцыі, палягае ў тым, каб прымусіць рэжым Лукашэнкі ўлічваць інтарэсы грамадзянаў, якія не пагаджаюцца з палітыкай ўладаў. Падчас канфэрэнцыі неаднаразова падкрэсьлілася неабходнасьць удзелу беларускай палітычнай апазіцыі ды грамадзянскай супольнасьці ў фармаваньні праграмы ды ўмоваў супрацоўніцтва Эўразьвязу і Беларусі. На адным з папярэдніх мерапрыемстваў, арганізаваным Эўрапарлямэнтам і прысьвечаным Беларусі, сябра Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Янка Жучка выказаў зьдзіўленьне тым, што беларуская мова не ўваходзіць у лік працоўных моваў канфэрэнцыі па Беларусі. А гэтым разам недахоп быў выпраўлены і сінхронны пераклад зь беларускай і на беларускую мову быў наладжаны.

Высновы, зробленыя беларускімі й замежнымі дакладчыкамі ў справах рэфармаваньня крымінальнага й выбарчага кодэксаў Беларусі, закону пра мэдыі, умовы для палітычнай дзейнасьці ды свабоды асацыяцыяў, свабоды веравызнаньня ды правоў нацыянальных мяншыняў, не дазваляюць засьведчыць імкненьне антыбеларускага рэжыму да дзеяньняў ў накірунку дэмакратычнай трансфармацыі нашай краіны.

Разам з ацэнкай дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі былі акрэсьленыя недахопы ў палітыцы Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Старшыня Руху ''За Свабоду'' Аляксандар Мілінкевіч назваў несправядлівым рэгуляваньне выдачы Шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі, якія вымушаны плаціць за візы ўдвая большы за грамадзянаў Расеі ды Ўкраіны кансулярны ўнёсак у 60 Эўра. Сустаршыня Рады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька крытыкаваў неэфэктыўную палітыку Арганізацыі па Бясьпецы й Супрацоўніцтве ў Эўропе, якая з 2000 году дазваляе ''дэпутатам'' незаконна прызначаемай рэжымам Лукашэнкі гэтак званай Палаце прадстаўнікоў афіцыйна прадстаўляць Беларусь у Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. АБСЭ, паводле Анатоля Лябедзькі, ўжо восем гадоў запар тлумачыць прысутнасьць дэлегацыі гэтак званае Палаты прадстаўнікоў у сваёй Парлямэнцкай Асамблеі стварэньнем падмурку для дыялёгу з рэжымам, які альбо ўвогуле не адбываўся альбо ня меў ніякіх практычных вынікаў.

Да апошняга моманту ня быў пацьверджаны ўдзел ў вызначальнай канфэрэнцыі прадстаўнікоў уладаў Беларусі. Урэшце канфэрэнцыю наведаў амбасадар Беларусі ў Бэльгіі Ўладзімер Сенька, які выступіў з заклікам пашырыць фармат дачыненьняў Эўразьвязу з афіцыйным Менскам без папярэдніх перадумоваў і патрабаваньняў, кіруючыся выгодамі ад перспэктыўнага супрацоўніцтва.

Сябра Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Зьміцер Піменаў зьвярнуў увагу ўдзельнікаў канфэрэнцыі на пасьлядоўны этнацыд ў дачыненьні да беларусаў, які ажыцьцяўляе рэжым Лукашэнкі праз закрыцьцё беларускіх школаў і перасьлед за карыстаньне беларускай мовай. Спадар Піменаў таксама выказаў пратэст супраць прыярытэту прагматычнага падыходу Эўразьвязу ў дачыненьні з дыктатурай, што супярэчыць эўрапейскім маральным каштоўнасьцям і правам чалавека. Прысутныя на канфэрэнцыі атрымалі і з зацікаўленьнем чыталі інфармацыйны бюлетэнь Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня (зьмест бюлетэня пададзены ніжэй).

У часе дэбатаў яскрава акрэсьлілася сапраўднае стаўленьне антыбеларускага рэжыму да сваіх грамадзянаў, калі амбасадар Беларусі сказаў на адрас прысутных у залі паседжаньняў сваіх суграмадзянаў у замежжы, сярод якіх былі сябра Рады БНР Зьміцер Піменаў і старшыня Моладзевага Руху Беларускага Народнага Фронту ''Маладое Адраджэньне'' Раман Кавальчук, што зь імі яму няма пра што размаўляць і нешта зь імі абмяркоўваць. Відаць, гэткая рэакцыя тлумачыцца тым, што палітычныя апанэнты рэжыму ў Беларусі трапляюць пад рэпрэсіі ці знаходзяцца пад кантролям уладаў, а за мяжою ўсё ж цяжэй арганізаваць іх перасьлед. Пазьней у кулюарах супрацоўнік амбасады Беларусі, які браў удзел у канфэрэнцыі разам з Уладзімерам Сенькам, у абразьлівай форме зьвярнуўся да лідэра беларускіх палітычных уцекачоў, злучаных у Беларуска-Эўрапейскае Задзіночаньне, Зьмітра Піменава. Гэткае зьняважлівае стаўленьне прадстаўнікоў антыбеларускага рэжыму да сваіх апанэнтаў у Брусэлю цалкам упісваецца ў кантэкст з апошнімі ненавіснымі выказваньнямі Лукашэнкі на адрас апазіцыі ды сьведчыць пра імітацыю памкненьняў да дэмакратычных пераменаў і дыялёгу з Эўрапейскім Зьвязам.

БЭЗ-інфа

Вынікі выпрабавальнага тэрміну беларускай дыктатуры

Паўгады, што эўрапейскія палітыкі патрацілі на гульні з апошняй пракрамлёўскай дыктатурай ў Эўропе – рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі, падыходзяць да завяршэньня. Час падвесьці вынікі гэтага так званага «дыялёгу». «Дыялёгам» гэта называлася ў кулуарных размовах некаторых эўрапэйскіх палітыкаў, хворых на пракрамлёўскі прагматызм, а ў крымінальным кодэксе гэта папросту называецца злачыннай змовай.

За апошнія пяць месяцаў, дадзеных рэжыму для стварэньня бачнасьці лібералізацыі, былі неаднаразова парушаны асноўныя правы чалавека. Прыкладамі зьяўляюцца:

- Гвалтоўна разагнаная мірная акцыя, прысьвечаная сьвяткаваньню Дня Сьвятога Валянціна;

- Арыштаваныя і бяз доказаў віны зноўку апынуліся за кратамі былыя палітзьняволеныя;

- Зьдзейсьнены напад на кватэру дэпутута беларускага Парлямэнту і незаконна канфіскаваны дэпутацкі архіў і асабістыя рэчы;

- Ужыты новы від рэпрэсіяў : незаконны арышт палітычна актыўнай моладзі ў войска, якое па сваёй сутнасьці не зьяўляецца беларускім;

- Адбыліся арышты і судовы перасьлед за права карыстаньня грамадзянамі Беларусі роднай беларускай мовай, якая зьяўляецца дзяржаўнай.

Можна прыводзіць бясконцыя доказы злачынстваў узурпатара Лукашэнкі. За апошнія пяць месяцаў, гэта перасьлед нязгодных з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі па расейскім праекце, сумнавядомаму ва ўсім сьвеце як «Чарнобыльская катастрофа», давядзеньне да самагубства праваабаронцы, ціск на недзяржаўныя грамадзкія арганізацыі з боку спэцслужбаў Лукашэнкі, пагрозы і запужваньне сем'яў палітычныў уцякачоў і шмат чаго іншага. Нязьменным на працягу 15 гадоў мы бачым адно – закладнікамі прагматычных гульняў, праплочаных эўрапэйскімі падаткаплацельшчыкамі, зьяўляецца беларускі народ.

З гісторыі нам вядома, што любыя спробы гульняў з дыктатарамі вядуць толькі да павялічэньня колькасьці ахвяраў, а не да паслабленьня рэпрэсіяў. Так званы «прагматызм дамоваў» з дыктатарамі ня вырашае і ня можа вырашыць праблему, а толькі робіць яе больш складанай.

Эўрапейскія палітыкі павінны памятаць, што рэпрэсіўныя структуры дыктатара не зьбіраюцца адмяняць сьмяротнага пакараньня, бо яно дазваляе ім «выпраўляць» свае памылкі і хаваць шматлікія злачынствы. На дадзены момант Беларусь зьяўляецца адзінай эўрапейскай краінай, якая шырока выкарыстоўвае гэты варварскі метад пакараньня.

Злачынны рэжым працягвае практыку палітычнага тэрору, бяручы ў закладнікі новых палітзьняволеных і выкарыстоўваючы аргумант іх вызваленьня ў гандлі за паслабленьне санкцыяў і дасягненьне асабістых цікаўнасьцяў.

Беларускія палітычныя ўцекачы патрабуюць прыпыненьня ўсіх адносінаў з незаконнай уладай Лукашэнкі. У адваротным выпадку гэта будзе разглядацца як саўдзел у этнацыдзе і зьнішчэньні беларускага народа.

Беларускі народ ня вінаваты ў злачынствах Лукашэнкі і не нясе адказнасьць за ягоныя дзеяньні перад міжнароднай супольнасьцю.

Беларусь заўсёды была часткай Эўропы і яна зойме свае месца ў сям'і эўрапэйскіх народаў, Скінуўшы пракрамлёўскую навязаную Масквой дыктатуру Лукашэнкі.

Жыве Беларусь!