Ушанаванне памяці мучаніка экзарха Антона Неманцэвіча

Напярэдадні Пасхі Хрыстовай — 11 красавіка — у Мінску адбудзецца цырымонія ўшанавання памяці экзарха Грэка‑Каталіцкай Царквы ў Беларусі Антона Неманцэвіча. У двары Грэка‑Каталіцкага цэнтра Святога і Праведнага Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6) будзе закладзена капсула з зямлёю з месца пахавання гэтага царкоўнага дзеяча. У цырымоніі, якую ўзначаліць Апостальскі Візітатар для грэка‑католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, возьмуць удзел грэка‑ і рыма‑каталіцкія святары і вернікі.Пачнецца цырымонія ў 9 гадзі ранiцы. Антон Неманцэвіч нарадзіўся 8 лютага 1893 года ў Санкт‑Пецярбургу ў сям’і выхадцаў з Сакольскага павета Гродзенскай губерні. У сталіцы імперыі скончыў прыватную каталіцкую гімназію Св. Кацярыны і духоўную семінарыю. У 1915 годзе быў высвячаны ў ксяндза і паступіў у Мітрапалітальную каталіцкую духоўную акадэмію. Падчас вучобы ў акадэміі стаў сябрам беларускага кола студэнтаў. Скончыўшы навучанне, нёс святарскае служэнне ў Савецкай Расіі. За «занадта актыўную рэлігійную дзейнасць» бальшавікі двойчы (1919, 1921) кідалі яго ў астрог. Па накіраванні мітрапаліта Магілёўскага Эдварда фон Ропа вучыўся ў Папскім усходнім інстытуце (Рым), дзе стаў доктарам усходніх царкоўных навук. У 1929 годзе ксёндз доктар Антон Неманцэвіч вярнуўся ў Беларусь. Месцам яго жыхарства стаў Альбярцін, прыгарад Слоніма, дзе з восені 1924 года працавала місія айцоў езуітаў усходняга абраду. Прабыўшы два гады ў навіцыяце, Антон Неманцэвіч стаў манахам Таварыства Ісуса. Яму было даручана рэдагаванне унійнага часопіса «Да Злучэння». (Калі польская адміністрацыя забараніла выданне гэтага месячніка, быў наладжаны выпуск часопіса «Злучэнне»). У верасні 1939 годзе Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі далучаныя да СССР. У новых умовах пытанні царкоўнай уніі і унійнага руху на тэрыторыі Беларусі і Украіны адышлі пад юрысдыкцыю мітрапаліта Галіцкага Андрэя Шаптыцкага, які яшчэ на пачатку ХХ ст. атрымаў тытул «мітрапаліт Галіцкі, адміністратар мітраполіі Кіеўскай і ўсяе Русі, роўна як архіепархіяў Уладзімірскай, Полацкай, Смаленскай, а таксама епархіяў Луцкай з экзархатам усяе Русі, Астрожскай, Ноўгарадоцкай, Мінскай, Берасцейскай, Віцебскай, Мсціслаўскай, Аршанскай, Магілёўскай, Холмскай, Белзскай, Северскай, Пінскай, Тураўскай і роўна епіскап Камянец‑Падольскі». Маючы такія паўнамоцтвы, мітрапаліт Андрэй 9 кастрычніка 1939 года заснаваў Беларускі экзархат і прызначыў экзархам айца Антона Неманцэвіча. 22 лістапада 1941 года рашэнне архіўладыкі Андрэя зацвердзіў Папа Рымскі Пій ХІІ. 5 студзеня 1942 года а. Антон Неманцэвіч звярнуўся ў Генеральны камісарыят у Мінску з просьбай легалізаваць ягоны стутус экзарха Грэка‑Каталіцкай Царквы ў Беларусі. 16 сакавіка 1942 гада згода генеральнага камісара была атрымана. Сядзібаю Экзархату стаў Альбряцін. Разгарнуць унійную дзейнасць у якасці экзарха а. Антон Неманцэвіч не здолеў, бо ўжо ўлетку 1942 года яго арыштавала нямецкая паліцыя бяспекі. Як лічыць доктар гісторыі Юры Туронак, гэта было зроблена па даносу свецкіх беларускіх праваслаўных актывістаў. З Альбярціна экзарх Антон Неманцэвіч быў дастаўлены ў Мінск. Да нядаўняга часу існавала некалькі версіяў адносна прычыны, даты і месца смерці экзахрха Антона Неманцэвіча. Цяпер дзякуючы знаходкам царкоўнага гісторыка а. Яўгена Усошына дакладна вядома, што а. Антон Неманцэвіч памёр 6 студзеня 1943 года ў турме ў Мінску. Як прычыну смерці а. Антона Неманцэвіча паліцыя бяспекі назвала сыпны тыф. Аднак вядома, што на тыф Антон Неманцэвіч хварэў яшчэ ў дзяцінстве і меў на яго імунітэт. Архімандрыт Леў Гарошка лічыў, што фальшывым дыягназам немцы спрабавалі прыкрыць забойства святара. У любым выпадку, як лічыць архімандрыт Сяргей Гаек, можна гаварыць пра мучаніцтва ex aerumnis carceris (вычарпанне ў варунках турмы). Экзарх Антон Немацэвіч быў пахаваны на нямецкіх могілках у Мінску. Цяпер гэта сквер на вуліцы Карла Лібкнехта. У адпаведнасці з царкоўнымі правіламі з месца, дзе былі могілкі і дзе быў пахаваны экзарх Антон Неманцэвіч, была ўзятая зямля. Капсула з гэтаю зямлёю і будзе 11 красавіка ўрачыста закладзена ў двары Грэка‑Каталіцкага цэнтра Святога і Праведнага Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6). Анатоль Сідарэвіч Наша Нiва