You are here

Літоўская Віленская Арцыбіскупская Курыя супраць ушанавання памяці ксяндза Адама Станкевіча

Прыкра, балюча і не зразумела. Віленская арцыбіскупская курыя адмовіла ва ўсталяваньні дошкі-памяці ксяндзу Адаму Станкевічу ў касьцёле св. Мікалая ў Вільні, дзе кс. Адам служыў большую частку свайго святарскага жыцьця на беларускай мове. Усё жыцьцё за беларускасьць цярпеў зьнявагі. Спачатку ад польскіх уладаў. Нават ардынарый Віленскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Ялбжыкоўскі не павіншаваў сьвятара сваёй дыяцэзіі ксяндза Адама Станкевіча з 25-годдзем яго сьвятарства. Пазьней – ад савецкай улады, ад рук якой загінуў у нетрах ГУЛАГа, з’яўляючыся да канца апошніх дзён адданым Апостальскаму каталіцкаму касьцёлу і верным пастырам Хрыстовым. Усё жыцьцё ён нёс Божую Праўду людзям, прапаведваў навуку Хрыста і касьцёла сваім парафіянам, за што цярпеў і загінуў. І вось сёняшні парадокс. Гэты касьцёл, якому самаахвярна служыў кс. Адам Станкевіч, у асобе кіраўнікоў Віленскай Курыі, адмовіў ўшанаваць яго памяць. Хацелася б нагадаць літоўскаму іерарху, што яго папярэднікі Вілкавіскі дапаможны біскуп Мечыслаў Рэйніс і Кайшадорскі біскуп Язэп Кухта вельмі прыязна ставіліся да кс. Станкевіча і высока ацэньвалі яго служэньне. У прыватнасьці, біскуп Рэйніс (не так даўно кардынал Бачкіс асвячаў у Віленскім педагагічным універсітэце аўдыторыю біскупа Рэйніса), калі віншаваў яго з 25-годдзем сьвятарства адзначаў: „Вы, Паважаны ксёндз, прыступілі да апостальскай працы як ксёндз Каталіцкага Касьцёла, таго Касьцёла, які дзяля загаду Хрыста любе й шануе ўсе народы. /.../ Вы, паважаны ксёндз, з’яўляецеся сынам беларускага народа, дзяля гэтага зразумела, што Вы сваёй працай хацелі і хочаце найбольш служыць свайму народу, каб ён, больш асьвечаны, больш паступовы ў культуры, мацней мог трымацца Хрыстовай навукі і ў згодзе і салідарнасьці мог жыць з суседнімі народамі“. Кайшадорскі біскуп Я. Кухта, у віншаванні з 25-годдзем святарства адзначыў: „... Прыйміце й мае, як старэйшага ў Хрысце Брата, найлепшыя Вам прывітаньні й пажаданьні“. А таксама і літоўская грамадзкая супольнасьць тагачаснай Вільні высока цаніла пастырскую дзейнасьць айца Адама. Літоўскі ксёндз Чыбірас у ліпені 1939 г. пісаў: „Ксёндз-юбіляр ёсьць літоўскага народу шчырым прыяцелем. Віленскае літоўскае грамадзтва яго дужа паважае і любе, заўсёды з радасьцю вітае яго на сваіх сабраньнях. Ксёндз-юбіляр сваёй асобай і дзейнасьцю гэта цалкам заслужыў. /.../ З прыемнасьцю маю адзначыць, што ён, маючы многа беспасрэднай працы, знайшоў магчымасьць навучыцца літоўскага языка і сягоньня ўжо цалкам свабодна можа карыстацца нашай прэсай і згаварыцца з намі. А гэта тым прыямней нам факт, што паважанага юбіляра вучыла языка не жыцьцё паміж ліцьвінамі і адпаведная канверсацыя, але сьведамая воля: юбіляр вучыўся нашага языка, бо хацеў лепш нас пазнаць. Гэта для нас ёсьць цэнным. /.../ Літоўскае грамадзянства глядзіць на юбіляра як на старонніка сужыцьця абодвух народаў“. І такіх цытат можна прывесьці яшчэ шмат. І таму цалкам незразумела, чаму сёняшняя літоўская каталіцкая іерархія варожа ставіцца да ўшанаваньня памяці ксяндза Адама Станкевіча, таго, каго высока цаніла і паважала тагачасная літоўская каталіцкая іерархія. Чаму сёньня, мы не можам ушаванаць памяць тых, якія не менш цярпелі, чым літоўскія каталіцкія сьвятары? Відаць толькі таму, што Адам Станкевіч быў беларусам. І вось атрымоўваецца, што быць беларусам ні тады, ні зараз, не толькі не прыстыжна, але і злачынна. І вельмі прыкра, што Віленская Арцыбіскупская Курыя карыстаецца прынцыпамі не той літоўскай каталіцкай іерархіі (сучасьнікаў Адама Станкевіча), а арцыбіскупа Ялбжыкоўскага, ад якога ж самі пацярпелі не менш за беларусаў. Рада Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч
Навіны дыяспары: