КАРАНАВАНЬНЕ БРАСЛАЎСКАЙ ІКОНЫ МАЦІ БОЖАЙ

У суботу, 22 жніўня 2009 г., у Браславе, пад адкрытым небам, на платформе зробленай у выглядзе карабля, размешчанай непасрэдна каля Браслаўскага Санктуарыя, была каранаваная папскімі каронамі Браслаўская Ікона Маці Божай - Валадаркі Азёраў.

Сьвятую Імшу ўзначаліў, прамовіў казаньне ды зьдзейсьніў Акт каранаваньня Архібіскуп Кёльнскі, кардынал Ёахім Майснэр.

Ва ўрачыстасьці прынялі ўдзел больш за 30 ярархаў (у значнай частцы з-за мяжы), каля 200 сьвятароў і больш за 10 тысяч вернікаў.
Прыбылі таксама прадстаўнікі Віцебскай епархіі Праваслаўнай Царквы.

Пасьля казаньня адбыўся галоўны момант усёй урачыстасьці: Кардынал Ёахім Майснэр усклаў карону спачатку на галаву Ісуса, а потым Яго Маці — Найсьвятой Багародзіцы.

Пасьля гэтага, перад каранаванай Іконай Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін зачытаў Акт адданьня вернікаў і душпастыраў Віцебскай дыяцэзіі пад апеку Маці Божай Валадарцы Азёраў.

Урачыста гучала малітва: «О Марыя, Маці Браслаўская! Мы, Твае дзеці, хочам аддаць Табе ва ўласнасць нашыя сэрцы, нашу працу і адпачынак, малітвы і надзеі, каб Ты, нашая Маці, магла распараджацца імі, як сваёй праўдзівай уласнасьцю».

Ва ўрачыстасьцях каранаваньня Іконы прымалі ўдзел Ўладыка Мілан Шашык, Апостальскі Адміністратар Мукачыўскай грэка-каталіцкай епархіі, прадстаўнікі манахаў-базыльянаў з Украіны і Літвы а таксама прадстаўнікі грэка-каталіцкіх парафіяў з розных куткоў Беларусі.

Як вядома ікона Багародзіцы, якая ўшаноўваецца цяпер у Браслаўскім касьцёле, раней знаходзілася ва ўніяцкім манастыры манахаў-базільянаў, які знаходзіўся недалёка ад Браслава.

Цяпер у грэка-каталіцкіх парафіях трывае Актава падзякі за ласку каранаваньня гэтай старадаўняй іконы Багародзіцы.

http://catholic.by