11 лістапада - Дзень Перамір'я, або успамін завяршэньня Першай Сусьветнай вайны

Роўна аб 11 гадзіне раніцы 11 лістапада 1918 году пасьля больш за 4 гады жорсткай Першай Сусьветнай вайны сьмертаносны агонь на поле боя раптам сьціх. Нямеччына падпісала перамір'е. Як толькі гэтая навіна стала вядомай, ва ўсёй Бэльгіі пачаліся ўрачыстасьці. З тых самых часоў у гэты дзень адзначаецца Дзень Перамір'я, які зьяўляецца дзяржаўным сьвятам у Бэльгіі і лічыцца днём памяці ўсіх бэльгійскіх салдатаў. 11 лістапада 1918 году ў Камп'енскім лесе (поўнач Францыі) прадстаўнікамі Нямеччыны, Ангельшчыны і Францыі было падпісана перамір'е. Сыгнал аб спыненьні агню быў перададзены па ўсім фронце роўна аб 11-й гадзіне раніцы. Такім чынам ,11 лістапада 1918 году Камп'енскім перамір'ем, якое фактычна азначала капітуляцыю Нямеччыны, скончылася Першая Сусьветная вайна, якая доўжылася чатыры гады і тры месяцы. За час вайны загінула амаль 10 мільёнаў чалавек, каля 20 мільёнаў было паранена, колькі чалавек памерла ад голаду і эпідэмій падлічыць немагчыма дагэтуль. Гэтая вайна стала першым глябальным канфліктам ХХ стагоддзя. У гэтую вайну былі ўцягнутыя 38 дзяржаў сьвету. Яна паклала канец старой Эўропе, бо практычна чатыры імпэрыі: Расейская, Германская, Асманская і Аўстра-Вугорская спынілі сваё існаваньне. Нямеччына й Расея перасталі быць манархіямі, былі саслабленыя эканамічна і вымушаныя даць незалежнасьць многім раней акупаваным тэрыторыям. Канец царскай Расеі заклаў фундамент пад адражэньне незалежнай Беларускай Дзяржавы, якая на той час ужо 123 гады знаходзілася пад расейскай акупацыяй. Але неўзабаве германскае жаданьне рэваншу, якое ўвесь час падагравалася крамлёўскімі палітыкамі, ізноў прывяло да Другой Сусьветнай вайны, якой скарыстаўся і Сталін, каб вярнуць шматлікія тэрыторыі згубленыя ў гады Першай Сусьветнай вайны і захапіць новыя. Кожны год, 11 лістапада, у Бэльгіі сьвяткуецца Дзень Перамір'я, у які ўспамінаюць не толькі ахвяраў Першай Сусьветнай вайны, але і ахвяраў Другой Сусьветнай вайны і ўсіх войнаў у сьвеце. На галоўнай цырымоніі сьвята прысутнічаюць кароль і іншыя чальцы каралеўскай сям'і, кіраўнікі розных дзяржаў і бэльгійскія лідары. Гэты дзень прысьвечаны міру ва ўсім сьвеце. Сымбалем Дня Перамір'я зьяўляюцца чырвоныя макі. Іх прышпільваюць да адзежы, пакідаюць на вайсковых мемарыялах у знак павагі да подзьвігаў абаронцаў айчыны. На палях Фландрыі, дзе праходзілі самыя цяжкія баі, расквіталі макі – нібы сімбалізуючы разьлітую кроў салдатаў. У шматлікіх краінах сьвету гэты дзень таксама зьяўляецца адным з галоўных нацыянальных сьвятаў, толькі маюць іншую назву: у Вялікабрытаніі і ЗША - гэта Дзень Ветэранаў, у Францыі - Дзень Памяці. Ўважаем за добрую традыцыю 11 лістапада аб 11 гадзіне хвілінай маўчаньня ўспомніць усіх загіблых на войнах і ў ваенных канфліктах.