У Вільні адбыўся ўспамін Святога Язафата Кунцэвіча

У Вільні, 14 лістапада, у грэка-каталіцкай царкве Святой Тройцы адбылася Боская Літургія ў гонар Святога Язафата Кунцэвіча. Літургію ўзначаліў Апостальскі Адміністратар для беларусаў грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек. На Богаслужбе прысутнічалі святары з Беларусі,Украіны, Літвы, Польшчы, а таксама вернікі з беларускай і украінскай супольнасцяў Вільні.

Менавіта ў гэтай царкве Святой Тройцы ў Вільні Святы Язафат распачаў сваё служэнне і свой духовы подзвіг. Ён шмат прычыніўся да адзінства цэркваў, за што і быў забіты ў Віцебску ў 1623 г. праваслаўнымі фанатыкамі. Але ягоная смерць стала той кропкай, ад якой уніяцкая вера стала займаць галоўнае веравызнанне сярод беларускага народа. Цела ж Святога знаходзіцца ў Ватыкане, у саборы Святога Пятра. Як адзначыў а. Сяргей Гаек, там, у саборы, спачываюць толькі рымскія папы, і адзіны не папа, гэта наш святы Язафат Кунцэвіч.

Пасля шматлікіх год забароны і занядбання, грэка-каталіцкая царква ў чарговы раз адраджаецца. І відаць у гэтым заслуга Святога Язафата Кунцэвіча, які там, у нябесных вышынях, моліцца за нашу збалелую Бацькаўшчыну і за адраджэнне страчанага адзінства хрысціянаў.

Алесь Адамковіч
ТАВАРЫСТВА БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ Ў ЛІТВЕ