Віншаваньне ад Раднага БНР спадара Янкі Жучкі

З нагоды Сьвята Божага Нараджэньня Беларуска-Эўрапейскае Задзіночаньне атрымала віншаваньне ад Раднага БНР спадара Янкі Жучкі, адрасаванае Беларусам. Дарагія Беларусы! Шчыра віншую вас з Калядамі і надыходзячым Новым 2010 Годам. Ад усяго сэрца жадаю вам моцнага духа, веры ў тое, што нашая Краіна Беларусь з кожным новым годам набліжаецца да свае вольнасьці і поўнай незалежнасьці. Гэтая вера павінна даць кожнаму з нас стымул да руплівае працы на ніве адраджэньня беларускае спадчыны: гісторыі, культуры, мовы, стылю жыцьця і мысьленьня. Наш жыцьцёвы шлях павінна асьвятляць усьведамленьне таго, што без укараненьня самога сябе ў беларускіх традыцыях, якія фармаваліся цягам стагоддзяў, мы ніколі ня станем паўнавартаснай нацыяй цывілізаванага сьвету. Нашая гісторыя знаходзіцца ў глыбокай лучнасьці з найлепшымі эўрапейскімі каштоўнасьцямі, такімі як талерантнасьць, верацярпімасьць, прага да вольнасьці, гасьціннасьць, шанаваньне правоў асобы, і ў гэтым мы павінны шукаць сваю ідэнтычнасьць. Беларусы, будзьце годныя славы герояў Беларускае Народнае Рэспублікі. Жыве Беларусь! Радны БНР ў Бэльгіі, Янка Жучка