Івонка Сурвіла: “Няма прычыны, каб мы жылі горш за іншых”

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася з калядным прывітаньнем. “Дарагія суродзічы-беларусы! – гаворыцца ў прывітаньні, – Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з надыходзячымі сьвятамі і жадаю вам іх правесьці з радасьцю ў сэрцах вашых, бо – Хрыстос нарадзіўся! Дарагія браты і сёстры беларусы! Сьвяты гэтыя, як заўсёды, я буду сьвяткаваць з усімі вамі, з надзеяй і верай у лепшую будучыню кожнага беларуса. Прашу Бога ў гэтае вялікае сьвята чалавецтва, сьвята любові і дабраты, каб Бог паслаў "праменьні свае хвалы" на наш прыгожы край, і дазволіў зьдзейсьніць вялікі патэнцыял працавітага і разумнага беларускага народу. Мы ня горшыя за іншых. Няма ніякай прычыны, каб мы жылі горш за іншых. Жадаю вам з глыбіні сэрца тае мужнасьці, тае вытрываласьці і тае годнасьці, якія дазволяць вам дасягнуць мэты кожнага народу -- зрабіць са свайго краю найбольш утульнае для сябе месца на зямлі. Дык дапамажы вам Божа!” – гаворыцца ў калядным звароце Старшыні Рады БНР. Радыё Свабода