Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на сьвята Раства Хрыстовага 2009 году і на Новы 2010 Год

Пачэсныя Айцы сьвятаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

1. “Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі” – гэта словы, якія Анёлы сьпявалі ў Віфлееме, дзе ў ясьлях нарадзіўся Спрадвечны Сын Божы - Госпад і Збаўца наш Ісус Хрыстос. А мудрацы, якія з Усходу прыбылі ў Віфлеем, сьведчылі, што для ўсіх людзей уласьціва жаданьне пазнаць Бога.

Пазнаньне Бога дасягае паўнаты ў сьвятой Царкве, якая навучае, што Хрыстос нараджаецца, каб у сэрцах людзей “аднавіць раней адпалы вобраз Божы”.
Як вы добра ведаеце, у днях 12 – 17 сьнежня 2009 году каталіцкія ярархі з Беларусі былі ў Рыме з візітам “ad limina Apostolorum” (да парогаў Апосталаў). Сустрэча з Першаярархам Каталіцкай Царквы Яго Сьвятасьцю Папам Бенядыктам XVI-тым ды з кіраўнікамі розных ведамстваў Апостальскага Пасаду далі нам каштоўны вопыт Паўсюднасьці Царквы і магчымасьць супольна асэнсаваць заданьні, якія стаяць сёньня перад вернікамі абодвух абрадаў Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

2. У Пастырскім Пасланьні, якое мы атрымалі ад Сьвятога Айца, ён зьвярнуў увагу ярархаў і вернікаў Беларусі, што сёньня надзвычай важна, каб з адноўленым запалам і з новымі сіламі абвяшчаць непрамінальную Евангельскую Вестку ў грамадзтве. У тым жа грамадзтве трэба ўмацоўваць і разьвіваць сапраўдныя духоўныя каштоўнасьці.

Сьвяты Айцец нагадаў так сама, што перад пастырамі ды вернікамі Царквы стаіць неадкладнае заданьне “паказваць сілу веры, укаранёнай у трывалай Традыцыі, каб гэта паспрыяла захаваньню глыбокай хрысьціянскай тоеснасьці народу, у поўным павагі дыялогу з іншымі культурамі і рэлігіямі”.

Далей у сваім Пасланьні Яго Сьвятасьць Бенядыкт XVI-ты зьвяртае ўвагу, што ў душпастырскім служэньні неабходным ёсьць братняе супрацоўніцтва з Праваслаўнаю Царквою ў Беларусі. Сёньня Праваслаўныя Цэрквы, таксама як і Каталіцкая Царква, грунтоўна разважаюць над тым, якім чынам адказваць на выклікі нашага часу, каб верна перадаваць людзям Евангельле Хрыста.
І далей Папа настаўляе нас:

“Прымаючы заахвочваньне, якое было выказана падчас нядаўняй каталіцка-праваслаўнай сустрэчы на Кіпры, трэба прыкласьці яшчэ больш намаганьняў на супольным шляху ў гэтым кірунку.

Значны ўнёсак у гэтую справу можа ўнесці невялікая, але руплівая Грэка-каталіцкая Супольнасьць вашай краіны. Яна зьяўляецца важным сьведчаннем для Царквы і Божым дарам”.

3. Гэты пастырскі ўспамін Супольнасьці нашай Грэка-каталіцкай Царквы зьяўляецца для нас – грэка-католікаў Беларусі асабліва каштоўным заахвочваньнем.
Таму ў час сьвятаў Раства Хрыстовага і Новага Году Гасподняга ў нашай малітве хочам памятаць пра нашую Бацькаўшчыну Беларусь, пра ўсіх яе жыхароў розных канфесіяў. Разумеем, што моцную, квітнеючую Беларусь магчыма пабудаваць толькі на фундаменце веры ў Бога. І гэта заданьне для вернікаў усіх хрысьціянскіх Цэркваў у Беларусі. Трэба толькі, каб мы з радасьцю прынялі Віфлеемскае сьвятло і адважна і мужна ішлі разам па шляху веры, надзеі і любові.

У гэтым духу грэка-католікі Беларусі шчыра моляцца, каб Новы 2010 Год Гасподні быў блаславёнай нагодай разам з братамі лацінскага абраду ды з праваслаўнымі і пратэстантамі сулучна сьведчыць, што Госпад Ісус Хрыстос нясе ўсім жыхарам Беларусі сьвятло Божай Праўды.

У Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве ў 2010 годзе будзем адзначаць 280-тыя ўгодкі каранаваньня папскімі каронамі цудадзейнай Жыровіцкай Іконы Багародзіцы, якое праходзіла ў 1730 годзе з Апостальскага Блаславеньня Папы Бенядыкта XIII-га. Блаславеньне на святкаваньне 280-х угодкаў мы атрымалі ў Рыме ад Папы Бенядыкта XVI-га.

Няхай гэтае Апостальскае Блаславеньне дойдзе ў Новым Годзе да ўсіх людзей добрай волі ў Беларусі.

І няхай малітвы Жыровіцкай Маці Божай спадарожнічаюць усім Беларусам, як на Бацькаўшчыне, так і па-за яе межамі.

Усім сьвятарам, манахам, манахіням, семінарыстам, усім вернікам нашае Царквы ды ўсім нашым Сябрам жадаем вялікага супакою сэрца, радасьці і надзеі.

Усіх вас віншуем з Божым Нараджэньнем і Новым 2010 Годам Гасподнім
і вітаем сьвяточным вітаньнем:
Хрыстос нарадзіўся – Яго славім!

Менск, Раство Хрыстова 2009 году.

+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі