Беларуская Царква ўшанавала памяць свайго сына – мучаніка Экзарха Антона Неманцэвіча

Штогод 6 студзеня беларускія грэка-католікі узгадваюць мучаніцкую сьмерць экзарха Антона Неманцэвіча, замучанага у менскай турме СД 6 студзеня 1943 года.

Мучанік Антон Неманцэвіч. Партрэт А. КрывенкаМучанік Антон Неманцэвіч. Партрэт А. Крывенка6 студзеня 2010 года ў капліцы Душпастырскага цэнтра Сьвятога Язэпа адбылася ўрачыстая Літургія Сьвята Богазьяўленьня з Вялікім асьвячэньнем вады.
У часе Літургіі протапрэзьбітар Яўген Усошын у кароткім слове згадаў, што менавіта ў гэты дзень, у які па юльянскім каледары прыпадае пярэдадзень Раства Хрыстовага, а паводле грыгарыянскага календара сьвяткуецца Хрост Госпада нашага Ісуса Хрыста, у 1943 годзе памёр у турме нямецкага нацыстскага СД у Менску першы экзарх Беларускай Грэка-Каталіцкай Царвы а. Антон Неманцэвіч.

Гэты вялікі падзьвіжнік сьвятой веры і Зьяднання, памёр як мучанік.
Ён жыў і нёс сваё служэньне ва Ўсходняй Місіі айцоў езуітаў у Альбярціне, недалёка ад Жыровічаў, дзе знаходзіцца вялікая сьвятыня Беларускага Народу - цудадзейная Жыровіцкая Ікона Багародзіцы, шанавальнікам якой быў экзарх Антон.

“У гэтым годзе, калі мы сьвяткуем 280-годздзе каранаваньня Жыровіцкай Іконы Маці Божай, з асаблівай малітоўнай увагай узгадваем подзьвіг жыцьця і мучаніцкай сьмерці таго, хто рупліва працаваў на Божай Ніве ў імя сьвятога Зьяднаньня пад Пакровам Жыровіцкай Багародзіцы” – падкрэсліў а. Яўген.

Айцец Антон Неманцэвіч замучаны ў менскай турме СД быў пахаваны 9 студзеня 1943 г. на нямецкіх могілках у Менску сьвятаром мясцовай праваслаўнай Царквы.
Зямля з месца ягонага пахаваньня захоўваецца каля так званага “дрэва вясны” ва двары Душпастырскага цэнтра Сьвятога Язэпа.

***
“Айцец Антон Неманцэвіч, Экзарх беларускіх грэка-католікаў ва ўсім сваім жыцьці і служэньні стараўся быць пастырам і сьведкам Евангельля для ўсіх сваіх суайчынікаў, бяз розьніцы веравызнаньня ці палітычных поглядаў.

Ягоным вялікім ідэалам была зьяднаная Царква. Як тэолаг і душпастыр цярпліва і нястомна стараўся ён будаваць братэрскія адносіны з праваслаўнымі ў духу «пакорлівасьці і рэсьпекту для праваслаўнай Царквы»”

Архім. Сяргей (Гаек)