Вялікае асьвячэньне вады

З нагоды сьвята Хрышчэньня Гасподняга, называнага ў народзе Вадохрышчам, у Беларускай Царкве г. Антвэрпана адбылося ўрачыстае Вялікае Асьвячэньне вады. Гэтая Богаслужба адбываецца толькі аднойчы ў год і прысьвечаная ўспаміну Хрышчэньня Госпада Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдан. Падчас Хросту Збавіцеля адбылося аб’яўленьне Трыадзінага Бога – Айца, Сына і Сьвятога Духа. Паводле веры Царквы асьвячаная ў гэты дзень вада атрымоўвае Ласку Сьвятога Духа і набывае моц ачышчаць і здараўляць духоўныя і цялесныя хваробы, ахоўваць ад напасьцяў бачных і нябачных ворагаў, праганяць дэманаў і суцішаць пажадлівасьці, асьвячаць дамы і служыць на ўсякую асаблівую добрую патрэбу.

Па традыцыі вернікі вернікі бяруць гэтую ваду дамоў і спажываюць пры любой нагодзе для атрыманьня Божага блаславеньня. Таксама гэтай вадой зьдзяйсьняецца штогадовае пераасьвячэньне дамоў, якое адпраўляе сьвятар па запрашэньню парафіянаў.

Пасьля ўрачыстага Набажэнства вернікі Беларускай Царквы зладзілі супольную трапезу, якая прайшла ў духу цеплыні і братэрства.