Тэст на талерантнасць даў адмоўны вынік, або З бальшавіцкім падыходам

Дасланыя сродкам масавай інфармацыі тэксты афіцыйных дакументаў, датычных былой царквы Сьвятога Духа ў Менску, даюць падставу сьцьвярджаць, што дзяржава праводзіць палітыку дыскрымінацыі грэка-каталіцкай супольнасьці г. Менска і Беларусі наогул.

Дзе маліцца?

Нагадаем, што ў звароце на імя Аляксандра Лукашэнкі менскія католікі візантыйскага абраду пісалі, што ўсе 19 гадоў ад таго часу, як пачала адраджацца Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква, у сталіцы яна ўвесь гэты час сутыкаецца з праблемай памяшканьняў. Менская гарадзкая ўлада ўсе гэтыя 19 гадоў вадзіла грэка-католікаў за нос, то абяцаючы вырашыць праблему, то забіраючы свае абяцаньні назад. Тым часам грэка-католікі пабудавалі два парафіяльныя дамы з капліцамі (па вул. Арджанікідзэ і ў завулку Сьнежны), але ўлада забараняла адпраўляць у гэтых дамах набажэнствы. І толькі летась, калі стала вядома, што з візітам у Беларусь прыязджае Дзяржаўны Сакратар Папы Рымскага кардынал Тарчызіё Бэртонэ, улады дазволілі уніятам адчыніць Грэка-каталіцкі цэнтр ў імя Сьвятога і Праведнага Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6).

Гэтым дазволам улада хацела пераканаць высокага ватыканскага госьця: маўляў, зірніце, як мы добра ставімся да грэка-католікаў. А тым часам яшчэ тры менскія грэка-каталіцкія парафіі "кватаруюць" у рыма-католікаў. (Рыма-католікі ж вуснамі мітрапаліта Тадэвуша публічна наракаюць, што на ўвесь Менск ёсьць толькі чатыры касьцёлы. Гэта сьвятыні, пабудаваныя ў ХІХ - пачатку ХХ ст. І толькі перад прыездам кардынала Трачызіё Бэртонэ ўлада дала першы за 20 гадоў дазвол пабудаваць у Менску новы касьцёл.)

Жыцьцё менскіх грэка-католікаў трохі палегчылася б, калі б улада дазволіла вернікам зьбірацца на набажэнствы ў парафільяным доме ў зав. Сьнежным. І нават калі ўлада дасьць мачымасьць грэка-католікам дазвол маліцца ў завулку Сьнежны, гэта не дапаможа вырашыць праблему памяшканьня. Праблема памяшканьня можа быць вырашана (хоць і часова) толькі пасьля ўзьвядзеньня ў Менску царквы.
Чаму яны гэтак робяць?

У артыкуле "Тэст на талерантнасьць" я пісаў, што ў нашай краіне дзейнічае няпісанае правіла: бяз згоды правячага архірэя РПЦ улада ня можа даць прадстаўнікам іншай канфесіі згоды на будаўніцтва храму (малітоўнага дому, навучальнай установы) на тэрыторыі дадзенай епархіі.
Чаму мітрапаліт Тадэвуш гэтак стараецца засьведчыць сваю павагу да праваслаўя і пайшоў сёлета на велікодную службу ў праваслаўны сабор? Каб улесьціць экзарха Філарэта і каб той паспрыяў Рыма-Каталіцкай Царкве вырашыць яе праблемы.

Спадзявацца на істотны посьпех мансіньёр Тадэвуш ня можа. Таму што РПЦ бачыць у асобе Каталіцкай Царквы канкурэнта. Дарма, што 73 працэнты грамадзянаў нашай краіны атэісты, дарма, што гэтыя мільёны РПЦ евангелізаваць ня можа. Бадай, галоўны клопат РПЦ у тым, каб гэтага не зрабілі канкурэнты.

У Каталіцкай Царкве РПЦ асабліва вылучае уніятаў. За тое, што ў іх той самы абрад, тыя самыя кандакі і трапары, іканастасы, што і ў праваслаўных, РПЦ надзяляе грэка-католікаў асабліваю нелюбоўю. Паколькі ў наш адукаваны век за веру нельга ні пасадзіць, ні саслаць, задача РПЦ (і ўлады) заключаецца ў тым, каб ня даць паўстаць у Беларусі моцнай Грэка-Каталіцкай Царкве. Адсюль і яе праблемы. З храмамі ў першую чаргу.

Прафанацыя, або Што яны будуюць?

У той час, калі грэка-католікі склалі зварот да А.Лукашэнкі, у СМІ зьявілася паведамленьне, што на Верхнім рынку будзе адбудавана царква Сьвятога Духа. Супаставіўшы гэтае паведамленьне і зварот католікаў візантыйскага абраду, журналісты зрабілі выснову, што вернікі жадаюць, каб дзяржава адбудавала ім царкву. Гэта ня так. Але, з другога боку, паколькі РБ зьяўляецца правапераемніцай БССР, было б няблага, каб улада сучаснай Беларусі адбудавала тое, што зьнішчыла яе папярэдніца.

Сёньня можна дакладна сказаць: ніякай царквы менская ўлада аднаўляць не зьбіраецца. На месцы сьвятыні будзе будавацца дзіцячая філармонія "с использованием архитектурно-художественного образа здания церкви Святого Духа XVII в.", як напісана ў лісьце з камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва. Пра тое, што гаворка ідзе толькі пра аднаўленьне "архитектурного облика церкви Святого Духа XVII в.", чытаем і ў адказе Менгарвыканкаму.

Іншымі словамі: на месцы царквы Сьвятога Духа, маюць узьвесьці будынак дзіцячай філармоніі, які вонкава будзе нагадваць храм, але сьвятыняю ня стане, бо ў гэтым будынку ня будзе ні алтара, ні іканастасу, ні амбону, ні аналоя. Карацей, мы маем справу з прафанацыяй.

Як даведваемся з адказу Менгарвыканкаму, план прафанацыі сьвятога месца, або намер "восстановить здание бывшей церкви Святого Духа в первоначальном облике как историко-культурный, а не культовый объект", быў распрацаваны яшчэ пры камуністычным рэжыме - у 1984 годзе. Сучасная ўлада выцягнула яго з-пад сукна, каб рэалізаваць нарэшце бальшавіцкі праект.

Імёны вядомыя

У царкоўных колах ходзяць чуткі, што ў жніўні ў Менск зноў прыедзе кардынал Тарчызіё Бэртонэ, каб абгаварыць умовы пілігрымкі Яго Сьвятасьці Папы Рымскага ў Беларусь. Беларускія чыноўнікі будуць зноў запэўніваць кардынала ў тым, што яны паважаюць Каталіцкую Царкву, і грэка-католікаў ня менш, чым рыма-католікаў. Дасьведчаны і вытрыманы ватыканскі дыпламат будзе ўсьміхацца і ківаць галавой, бо ён ведае: ад часу папярэдняга візіту сітуацыя менскіх католікаў абодвух абрадаў не палепшылася.

Адказ Менскага гарвыканкаму сьвецкім грэка-католікам г. Менску каштоўны тым, што нашай грамадзкасьці і каталіцкай супольнасьці ў Беларусі і за мяжой цяпер вядомыя імёны тых, хто не дазволіў будаваць грэка-каталіцкі храм у сталіцы і прыняў рашэньне аб прафанацыі сьвятога месца. Пакінем у баку намесьніка міністра культуры Ўладзіміра Грыдзюшку, старшыню камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Віктара Нікіціна і дырэктара "Менскай спадчыны" Паўла Шыкунца, бо ня ім належала апошняе слова. Апошняе слова належала ўпаўнаважанаму ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леаніду Гуляку і мала каму вядомаму галоўнаму дарадцу галоўнага ідэалагічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзідэнта Л. В. Боровко. Чалавеку з адміністрацыі нават больш, чым прэзідэнцкаму ўпаўнаважанаму.

Спасылкі на ўказ прэзідэнта - гэта ня вартае ўвагі самапрыкрыцьцё, бо чыноўнікі самі распрацавалі (як высьвятляецца, яшчэ за бальшавіцкім часам) канцэпцыю адбудовы і функцыянальнага выкарыстаньня царквы Сьвятога Духа, яны ж - пры наяўнасьці добрай волі - маглі б пераканаць кіраўніка дзяржавы і ў тым, што царкву лепш адбудаваць як культавы аб'ект, які адначасна можа выкарыстоўвацца і як канцэртная зала (у грэка-каталіцкіх сьвятынях, як і ў праваслаўных бажніцах Грэцыі і Кіпру, стаяць лаўкі).

Ня ўсё страчана

Паколькі беларускі рэжым зацікаўлены ў наладжваньні добрых адносінаў з Ватыканам, многае залежыць і ад Сьвятога Пасаду.

Калі б я быў на месцы тых, хто кансультуе Ватыкан і дае яму парады, я б параіў у праграму кожнага візіту высокіх гасьцей з Апостальскай Сталіцы ўключаць наведваньне грэка-каталіцкіх парафіяў.

Гэта выдатна, што ў праграму мінулагодняга візіту кардынала Тарчызіё Бэртонэ была ўключана сустрэча ў Менску з грэка-каталіцкай супольнасьцю. Вынік у наяўнасьці: Грэка-каталіцкі цэнтр па вул. Арджанікідзэ.

У праграму наступнага візіту высокага ватыканскага госьця варта было б уключыць наведваньне грэка-каталіцкай парафіі Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Тут ужо ўлады Фрунзенскага раёну самі стараліся б, каб вернікі маглі адпраўляць набажэнствы ў доме № 7 у Сьнежным завулку.

І зусім натуральна, што ў праграму пілігрымкі Яго Сьвятасці проста неабходна ўключыць літургію ў візантыйскім абрадзе. І дзе яе будзе служыць Сьвяты Айцец, як не ў сталічным грэка-каталіцкім храме?

Пётра ПІНЧУК
"ЦАРКВА" - беларуская рэлігійная культурна-асьветніцкая газета