Спачыла ў Богу сп. Зоя Смаршчок-Жалязоўская

Напярэдадні Вялікадня Беларускую патрыятычную дыяспару ў Бэльгіі напаткала сумная навіна: у суботу З красавіка адыйшла да Госпада спадарыня Зоя Смаршчок-Жалязоўская, удава праваслаўнага сьвятара Аўгена Смаршчка.

Спадарыня Зоя нарадзілася 15 сьнежня 1922 г. у вёсцы Стараельня Кашалеўскай гміны Наваградскага ваяводства ў Заходняй Беларусі. У часе ІІ Сусьветнай вайны, будучы беларускай патрыёткай яна ўступіла ў шэрагі Саюзу Беларускай Моладзі. Гэта сталася прычынай таго, што з наступленьнем Чырвонай Арміі яна была вымушана зьехаць у Германію. Пасьля вайны, калі родны край апынуўся ўжо пад трывалай бальшавіцкай навалай, спадарыня Зоя засталася ў Нямеччыне і неўзабаве пераехала ў Бэльгію. Тут, дзякуючы ватыканскай стыпендыі, якую Апостальская Сталіца ўсталявала для абяздоляных беларускіх студэнтаў па хадайніцтву грэка-каталіцкага сьвятара фламандскага паходжаньня айца Робэрта ван Кавэлярта, яна паступіла ў Лёвэнскі Каталіцкі Унівэрсітэт (KUL), пасьля завяршэньня якога атрымала дыплём фармацэўта. Застаючыся патрыёткай, якой балела душа за лёс Беларусі, яшчэ ў студэнцкія гады яна далучылася да беларускага патрыятычнага руху, стаўшыся сябрам Згуртаваньня Беларускіх Студэнтаў Бэльгіі, заснаваным у 1948 годзе. У 1950 г. выйшла замуж за свайго калегу па Лёвэнскаму Каталіцкаму Унівэрсітэту беларуса Аўгена Смаршчка, які ў хуткім часе стаў праваслаўным сьвятаром...

... Актывізацыю беларускага жыцьця ў Бэльгіі на пачатку 2000-х гадоў сп. Зоя сустрэла з радасьцю і ажыўленьнем. Пры закладаньні Беларускай Грэка-Каталіцкай парафіі ў Антвэрпане ў 2002 годзе яна аказала моцную маральную падтрымку і сталася дабрадзейкай парафіі. Каштоўным для парафіяльнай бібліятэкі стаўся яе дар – некалькі скрыняў беларускіх кнігаў. Памятуючы пра тое, што муж спадарыні Зоі быў праваслаўным сьвятаром, вернікі выказвалі ёй глыбокую пашану і ласкава называлі матушкай, адчуваючы вялікі духоўны ўздым ад яе прысутнасьці за Набажэнствам.

У 2004 годзе сп. Зоя была адным з арганізатараў і ганаровых удзельнікаў Зьезду новай хвалі эміграцыі ў Антвэрпане, і ў наступныя гады актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, арганізаваных Беларускай эміграцыяй. Але час, які нікога не шкадуе і шануе, адымаў у яе ўсё болей і болей сілаў і здароўя... І вось, у Вялікую Суботу перад Вялікаднем, 3 красавіка 2010 году матушка Зоя Смаршчок-Жалязоўская адыйшла на вечны спачын у Нябесную Айчыну.

Адпяваньне спадарыні Зоі адбудзецца паводле праваслаўнага абраду 10 красавіка ў 10 гадзін раніцы ў каталіцкай царкве Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Гэвэры каля Лёвэну, пасьля чаго яна будзе пахаваная ў сямейным склепе на тамтэйшых могілках, дзе ўжо 26 год спачывае яе муж сьвятар Аўген Смаршчок.

***

У блаславёным сьне яе, дай, Госпадзе, знайсьці вечны супакой слузе Тваёй Зоі, і ўчыні ёй вечную памяць! Вечная памяць! Вечная памяць! Вечная памяць!