You are here

26 красавіка – дзень памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы

small_cher-26042010-1.jpgРаднымі БНР былі арганізаваны пікеты ў дзень смутку і ўспаміну ахвяр Чарнобыльскай АЭС. Пікеты адбыліся насупраць беларускай амбасады ў Бэльгіі і насупраць будынкаў Эўрапейскіх інстытуцыяў. Падчас пікетаў было распаўсюджана вялікая колькасьць улётак, на розных эўрапейскіх мовах.



26042010-1

cher-26042010-2.jpg

cher-26042010-3.jpg

26 красавіка 1986 году на тэрыторыі СССР адбылася вялікая трагедыя, журботнае рэха якой гучыць дагэтуль. У гэты дзень праз злачынную безадказнасьць узарвалася Чарнобыльская Атамная Электрастанцыя. Гэтая падзея чорнай мяжой падзяліла найноўшую гісторыю Беларусі на два перыяды – да катастрофы і пасьля.

Савецкае кіраўніцтва краіны ня толькі схавала ад свайго народу інфармацыю аб катастрофе, але й прыняло рашэньне абсадзіць радыяцыйныя хмары, якія пагражалі Маскве, на тэрыторыі Беларусі. Сотні пажарнікаў і добраахвотнікаў прынялі ўдзел у тушэньні пажару на АЭС, ня ведаючы, што ў гэты час яны атрымліваюць сьмяротную дозу апраменьваньня, і неўзабаве сканалі пакутлівай сьмерцю ад прамянёвай хваробы. Народ жа працягваў жыць на забруджанай тэрыторыі, падвяргаючыся радыяцыйнаму апраменьваньню, нямінуча вядучаму да згубы.

Толькі калі Заходнія дзяржавы забілі трывогу, зафіксаваўшы ў сябе небясьпечны для жыцьця ўзровень радыяцыі, урад СССР быў змушаны прыадчыніць свайму народу завесу праўды і пачаць эвакуацыю з забруджаных тэрыторыяў. Дзясяткі населеных пунктаў Беларусі і Ўкраіны ў лічаныя дні пераўтварыліся ў спустошаныя мёртвыя гарады, якія прымушаюць здрыгануцца любога, хто бачыў іх фатаграфіі. Людзі пазбавіліся сваіх хат, сваіх садоў, сваіх лясоў, рэк і азёраў, сваіх школ і магілаў продкаў. У адно імгненьне тысячы людзей згубілі сваю радзіму, сваё дзяцінства і мінулае... Зямля іх Бацькоў ператварылася ў велізарны радыяцыйны могільнік. А праз некалькі гадоў да гэтай непрыкметнай для вока згубы дадаўся ўсплеск анкалягічных захворваньняў ва ўсіх катэгорый насельніцтва – у дзяцей, моладзі, пажылых і старых... Ляманты бацькоў над памерлымі дзецьмі нагадалі гады Другой Сусьветнай вайны...

Мінулі гады. І вось, новаяўленая ўлада дыктатара Лукашэнкі прымае рашэньне правесьці чарговы эксперымэнт над сваім народам: насельніцтва пачынаюць дэзынфармаваць і засяляць тэрыторыю, якая ў савецкі час была аднесеная да радыяцыйнага могільніку-рэзэрвацыі. На заражаных землях вядуць сельска-гаспадарчыя працы і вырабляюць прадукты харчаваньня, якімі напаўняецца ня толькі айчынны рынак, але й замежны. Больш таго, у галаве неадэкватнага беларускага кіраўніцтва ўзнікае ідэя будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі, якая пралангуецца правапераемнікам злачыннага СССР - Расейскай Фэдэрацыяй. Яшчэ б'е набатам Чарнобыльскі звон па памерлых і яшчэ жывых ахвярах катастрофы 1986 году, а Беларусь ужо зноў ставяць перад праблемай “мірнага” атаму і ўтылізацыі радыяцыйных адходаў...

У гэты дзень, 26 красавіка, мы жадаем нагадаць сваім суайчыннікам і жыхарам Эўрапейскага Зьвязу аб тым, што “мірны” атам ва ўмовах нестабільнасьці перастае быць мірным і нясе сьмерць ня толькі асобнаму чалавеку або групе людзей, але і ўсёй сям'і народаў, ставячы пад пагрозу існаваньне ўсяго чалавецтва.
Цяперашняя Беларусь, краіна найболей пацярпелая ад “мірнага” атаму, знаходзіцца пад ўладай неадэкватнага дыктатара Лукашэнкі і правапераемнікаў КДБ - крамлёўскіх эспэрымэнтатараў, і таму яе сучаснасьць нестабільная, а будучыня нявызначаная. Гістарычная памяць змушае нас, беларусаў, біць трывогу і папярэджваць народы Эўропы аб небясьпецы, якую ўтойвае ў сабе выбуховая сумесь “атам – дыктатура – кгб - крэмль”, якая ня мае павагі ні да волі, ні да правоў чалавека, ні да самога чалавечага жыцьця.

Паўзучая легітымізацыя незаконнага рэжыму Лукашэнкі эўрапейскімі ўрадавымі структурамі падахвочвае нас заклікаць простых эўрапэйскіх жыхароў і грамадскія арганізацыі аб дапамозе ў супрацьстаяньні гэтай дзіўнай гульне Эўраструктураў з дыктатарам. Выгада асобных прагматыкаў немінуча абернецца трагедыяй для нас і будучых пакаленьняў, як гэта ўжо было ў гісторыі, напрыклад, з тым жа Гітлерам, метадамі кіраваньня якога публічна захапляецца беларускі фюрэр.

БЭЗ-INFO

Навіны дыяспары: