You are here

Рыгоні прыехаў і з'ехаў. Рэпрэсіі працягваюцца

З 16 па 19 кастрычніка ў Менску знаходзіўся спецыяльны дакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Андрэа Рыгоні. Палітык сустракаўся з афіцыйнымі службоўцамі і апазіцыяй і спрабаваў скласці справаздачу аб сітуацыі ў Беларусі. Але падчас візіту спецдакладчыка рэпрэсіі ў Беларусі не толькі не спыніліся, а наадварот – узмацніліся.

Дэмакратычны актывіст Павал Юхневіч прысуджаны сёння судом Савецкага раёна Менска да 15 сутак арышту. Актывіст толькі ўчора выйшаў з спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна, дзе правёў 7 сутак арышту за арганізацыю Еўрапейскага Марша, як яго зноў асудзілі па двух артыкулах адміністрацыйнага кодэкса.

Дэмакратычнай актывістцы і праваабаронцы Святлане Гарохавік прыстрашылі выключэннем з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта за ўдзел у арганізацыі Еўрапейскага Марша. У спецпрыёмнік-размеркавальнік на Акрэсціна, дзе дзяўчына адбывала 15 сутак арышту, прыйшоў супрацоўнік КДБ і заявіў, што ва ўніверсітэце дзяўчына больш вучыцца не будзе.

Моладзевага лідэра Мікіту Сасіма зноў збіраюцца заклікаць на тэрміновую службу ў беларускае войска. У менскім спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна, дзе апазіцыянер адбываў арышт за падрыхтоўку Еўрапейскага Марша, яго наведалі прадстаўнікі баранавіцкага ваенкамата і супрацоўнікі КДБ.

Справу лідэра «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча перадалі ў Шклоўскі раённы суд. Актывісту, які асуджаны на паўтара года, пагражае яшчэ шэсць месяцаў зняволення.

Спіс далёка няпоўны. Як раз у дні візіту Рыгоні ў Менск з турмаў сталі выходзіць апазіцыянеры, якіх арыштоўвалі за падрыхтоўку Еўрапейскага Марша. І яны распавядаюць страшныя рэчы.

«Апошнім разам я адбываў арышт на Акрэсціна некалькі гадоў таму. Трэба сказаць, што за гэты час умовы ўтрымання ў спецпрыёмніку сталі больш жорсткімі. З'явілася такая навіна як асабісты надгляд, або папросту кажучы, «шмон». Два разы на тыдзень у камеру прыходзілі ахоўнікі і пачыналі нас абшукваць. Правяралі кожную кішэню, кожнае шво…Як у сапраўднай «зоне… Было сапраўднае катаванне холадам. З прычыны холаду нельга было спаць. Праз кожныя 15 хвілін уставалі і рабілі практыкаванні – інакш можна было акалець. Усе, хто быў са мной у камеры, моцна прастылі і выйшлі на свабоду хворымі людзьмі», – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 сябра аргкамітэта Еўрапейскага Марша Зміцер Бародка. У дзень, калі Бародку несправядліва прысудзілі да 15 сутак арышту, яго жонка Валянціна нарадзіла двайнят. Раптоўны арышт мужа выклікаў у жанчыны заўчасныя роды.

«Пры затрыманні амапаўцы накінулі мне на галаву чорны цэлафанавы мяшок, забралі мабільны тэлефон», – распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 заяўнік Еўрапейскага Марша, актывіст грамадзянскай кампаніі “Джынс за Свабоду” Яўген Афнагель, які ўчора выйшаў на свабоду з спецпрыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна, дзе адбываў 10 сутак арышту.

Хартыя-97

Навіны Беларусі: