Вера Рамук

Беларуская супольнасьць у нашай краіне і ва ўсім сьвеце панесла вялікую страту: 5 траўня ў Чыкага пасьля нядоўгай хваробы памерла Вера Рамук, вельмі актыўная дзеячка нашага эмігранцкага асяродьдзя ў другой палове мінулага і ў пачатку цяперашняга стагодьдзяў.

Яна нарадзілася 6 верасьня 1931 году у Сабарах (тады гэта была Польшча, цяпер – Докшыцкі раён на Віцебшчыне, блізка ад Глыбокага) ва ўніяцкай сям’і Стэфана Жызнеўскага і Еўдакіі Гапанёнак. Пасьля ўз’яднаньня Беларусі Жызнеўскія былі сярод тых, каго “планавалі” выслаць у Сібір. Потым была нямецкая акупацыя, і ў 1944 годзе сям’я пераехала ў Нямеччыну. Адтуль у 1949 годзе яны перабраліся ў Злучаныя Штаты Амэрыкі.

Спачатку жылі ў гарадку Пеорыя ў штаце Ілінойс. Там Вера закончыла факультэт вольных навук ва Ўнівэрсытэце Брэдлі (1954). Прымала актыўны ўдзел у студэнцкім жыцьці, у розных аўдыторыях распачынала свае роспаведы пра Беларусь і яе народ, ужо там арганізавала жаночы ансамбаль беларускага танцу. Пазнаёмілася з доктарам Вітаўтам Рамуком, таксама вельмі актыўным эмігрантам з радзімы. У 1958 годзе яны пажаніліся.
У 1963 годзе Вера і Вітаўт Рамукі пераехалі на сталае месца жыцьця ў Чыкага. Неўзабаве яны разгарнулі ў гэтым горадзе вельмі актыўную грамадскую дзейнасьць, мэта якой была аб’яднаньне тых, хто прыехаў з Беларусі. Многае ўдалося зрабіць: Беларускі каардынацыйны камітэт, які ўзначальвалі Вітаўт і Вера Рамукі, злучаў у цікавых агульных грамадска-культурных мерапрыемствах беларусаў, што гуртаваліся вакол уніяцкай парафіі Хрыста Збаўцы і праваслаўнай царквы Сьвятога Юр’я. Дзякуючы спадарыні Веры да многіх падзей далучаліся і тыя, хто прыязджалі ў эміграцыю з Беларусі ў дзевяностыя гады і пазьней. Вера Рамук сваёй адкрытай шчырасьцю і няспыннай дзейнасьцю аб’ядноўвала многіх, хто не забыўся пра радзіму, незалежна ад паходжаньня і веравызнаньня, – і гэта, як уяўляецца, мае і сёньня асаблівае значэньне.

Вера Рамук была ініцыятарам многіх сустрэч з палітыкамі і грамадскімі дзеячамі ЗША, на якіх звярталася ўвага на палітычнае становішча ў Беларусі, на стаўленьне ўладаў да нацыянальнай мовы і культурнай спадчыны, на спрадвечныя спадзяваньні беларусаў быць вольнымі і незалежнымі. Яна сустракалася з прэзідэнтам Рэйганам, перапісвалася з прэзідэнтамі Клінтанам і Бушам і многімі іншымі палітычнымі дзеячамі ў Вашынгтоне і ў штаце Ілінойс. У 1974 годзе Вера Рамук з вялікай групай тых, хто з Беларусі, сустракала і вітала славутага беларускага мастака Марка Шагала на адкрыцьці ў цэнтры Чыгага яго мазаікі “Часіны году” – найвыдатнейшага ў сьвеце шэдэўра выяўленчага мастацтва. Яна арганізоўвала экспазыцыі твораў мастакоў і канцэрты музыкантаў, што прыехалі сюды з Беларусі, рыхтавала выданьне розных кніжак з беларускай побытавай тэматыкай, ініцыіравала рэгулярную выставу беларускіх новагодніх ялінак у мэрыі Чыкага і ў офісе графства Кук, прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і абавязковым штогадовым сьвяткаваньні ў сакавіку нашага Дня Волі. Многія, хто прыязджаў з Беларусі ў Чыкага, лічылі за гонар пабываць у доме Рамукоў, пагутарыць з імі... Вера Рамук пісала цудоўныя вершы, – гэты кірунак яе дзейнасьці патрабуе асобнай гаворкі.

Сталася так, што 9 сакавіка памёр Вітаўт Рамук, а амаль праз два месяцы пайшла з жыцьця і спадарыня Вера. Выказваем шчырае спачуваньне іх дачцэ Ірэне, сыну Джону, унукам і ўсім родным і блізкім гэтых цудоўных і значных асобаў. Памяць аб Веры і Вітаўце Рамуках будзе жыць доўга ў сэрцах тых, хто іх ведаў, у сэрцах усіх, каму не абыякавая ідэя захаваньня беларускай культурнай і ідэйнай спадчыны, беларускай самасьвядомасьці.