Пяцідзённае Паломніцтва ў Рым і Бары

rome062010_in.jpgПа запрашэньні Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў з нагоды завяршэньня Году Сьвятара, абвешчанага летась Сьвятым Айцом Бенэдыктам XVI-м, пробашч Беларускай Уніяцкай Парафіі Сьвятога Мучаніка Язафата Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага сьвятар Ян Майсейчык зьдзейсьніў паломніцтва ў Вечны Горад да магілаў Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, Сьвятога Мучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага і Сьвятаначальніка Міколы Цудатворцы, архібіскупа Міраў Лікійскіх, нятленныя мошчы якога спачываюць у італійскім горадзе Бары.

У першыя два дні паломніцтва 9-10-га чэрвеня айцец Ян прыняў удзел ва ўрачыстым Міжнародным Кангрэсе Сьвятароў, што праходзіў ў Базыліцы Сьвятога Апостала Паўла за Мурам (менавіта пад алтаром гэтага храму знаходзіцца магіла гэтага Сьвятога Апостала і ягоныя мошчы). На Кангрэсе прысутнічала больш за 60 біскупаў і каля 9 тысяч сьвятароў з усяго сьвету. Адправа Сьвятой Літургіі, Пакланеньне Сьвятым Дарам, Літаніі – усё гэта спрыяла падвышанаму духоўнаму настрою сярод прысутнага сьвятарства, а багаслоўскія даклады, якія былі зробленыя выбітнымі тэолагамі, такімі як кардынал Якімус Мейснэр ды дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Тарчызіо Бертонэ, пакліканыя былі натхніць сьвятарства да больш руплівага служэньня Эўхарыстыі і плённага місіянэрства.

Далей айцец пробашч наведаў украінскую Грэка-Каталіцкую царкву сьвятых Мучанікаў Сяргея і Вакха, дзе знаходзіцца цудатворная ікона Маці Божай “Madonna del Pascolo”, у нашым народзе вядомай як Жыровіцкая (італьянскае слова “pascolo” азначае тое самае, што і старабеларускае слова “жырава” - паша. Ікона, пазьней празваная Жыровіцкай, аб’явілася ў цудоўны спосаб на грушцы, якая расла пасярод багатай пашы, дзе пастухі пасьвілі сваю скаціну). Гэта ікона была сьведкам нашае гісторычнае лучнасьці з Апостальскай Сталіцай: намалявая яна была ў сівой даўніне невядомым беларусам, які праходзіў манашы подзьвіг у Рыме, але захаваў вялікую пашану беларускай сьвятыні з Жыровіц і ўвекавечыў яе на чужыне. Імя гэтага манаха не захавалася, ды і ікона была некаторы час забытая і аб’явілася ў цудоўны спосаб у 1730 годзе: калі адбываліся ўрачыстасьці Каранацыі Жыровіцкай іконы Папскімі каронамі ў 1730 г. у гэтай рымскай царкве адваліўся тынк у алтарнай апсідзе. Якое ж вялікае было зьдзіўленьне манахаў, калі пад тынкам яны заўважылі старажытны фрэскавы абраз Маці Божай – копіі Жыровіцкай іконы. Акружаная пашанаю праз гэты Абраз, Маці Божая спаслала потым шматлікія Ласкі ад Госпада. У гэтым храме перад цудоўным Абразам айцец Ян адслужыў акафіст Маці Божай Жыровіцкай на беларускай мове.

Пасьля Службы ў Базыліцы Сьв. Паўла 10 чэрвеня, паломніцтва прадоўжылася ў рымскай царкве Сьвятога Духа. Дзе на малітву за Еднасьць Хрысьціянаў сабраліся прадстаўнікі Усходніх Уніяцкіх Цэркваў, на чале з Кардыналам Леанардам Сандры, Прэфэктам Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў, якая і запрашала нашага сьвятара ў Рым на ўрачыстасьці. На гэтым малітоўным зборы прысутнічалі сьвятары і сэмінарысты самых розных Каталіцкіх Цэркваў і багаслоўскіх установаў. Акрамя нашай Беларускай Уніяцкай Царквы там былі сьвятары і навучэнцы Армянскага Каталіцкага Каледжу, Эфіёпскага каталіцкага Каледжу, Грэцкага каталіцкага Каледжу, Рускага Каталіцкага Каледжу Сьвятой Тарэсы ад Дзіцятка Ісуса, Мараніцкага Каталіцкага Каледжу, Каледжу Сьвятога Язафата, Каледжу Сьвятога Ахрэма, Каледжу Сьвятога Яна Дамаскіна, Каледжу Сьвятога Васіля Вялікага, Украінскага Інтстытуту Сьвятой Марыі і мнігія іншыя. Пасьля Малітвы усе прысутныя былі запрошаныя на канцэрт духовай музыкі ў Кангрэгацыю Усходніх Цэркваў, дзе армянскія, эфіёпскія і іншыя сьпевакі падзяліліся багацьцем сваёй культуры з іншымі паломнікамі.

Увечары таго ж дня Сьвяты Айцец Бенэдыкт запрасіў сьвятароў на Вячэрню, якую ён адправіў на плошчы Сьвятога Пятра. Пасьля Вячэрні ён адказаў на пяць пытнаньняў, якія былі зададзеныя сьвятарамі – прадстаўнікамі пяці кантынентаў сьвету. Сярод гэтых пытаньняў былі і такія актуальныя, як адносіны да цэлібату сьвятарства ды малой колькасьці навучэнцаў у Сэмінарыях. Сьвяты Айцец пацьвердзіў неабходнасьць захаваньня цэлібату, назваўшы яго не проста халасьцяцкім станам, але ахвяраю свайго жыцьця на служэньне іншым. Адносна ж малой колькасьці сэмінарыстаў, Папа заклікаў пакладаць надзею на Госпаду і разумець, што сьвятарства – гэта не проста прафэсія, але Боскае пакліканьне. Немагчыма проста шырока расчыніць дзьверы Сэмінарый і набіраць туды студэнтаў, як гэта робяць, напрыклад, сьвецкія ВНУ. У Сэмінарыю прыходзіць толькі той, каго кліча Ласка Духа Сьвятога і хто адклікаецца на яе, і не на што іншае. Таму трэба маліць Гаспадара Жніва, каб Ён паклікаў работнікаў і каб яны пачулі голас гэтага макліканьня.

11 чэрвеня, на ўрачыстае закрыцьцё Году Сьвятарства, на Набажэнства разам са Сьвятым Айцом на плошчу Сьвятога Пятра ў Ватыкане сабралася больш за 300 біскупаў, 15 тысяч сьвятароў, вялізарная колькасьць кардыналаў, манахаў і манахінь, сэмінарыстаў і сьвецкіх вернікаў з усяго сьвету.

Пасьля Набажэнства Сьвяты Айцец Бенэдыкт блаславіў усё сьвятарства на подзьвіг служэньня Народу Божаму і падбадзёрыў пераадольваьць усе цяжкасьці і прыкрасьці, якія зьвязаныя з гэтым служэньнем і сэкулярызацыя грамадства.

u_krypcie_lia_moscau_sv_mikoly.jpg Пасьля Рымскіх Сьвятыняў айцец пробашч адправіўся ў горад Бары на поўдні Італіі, дзе ў сулучнасьці з Айцамі Дамініканамі, якія апякуюцца тамашнімі сьвятынямі, прыняў удзел Малітве за Еднасьць Хрысьціянаў. 12 чэрвеня айцец Ян адслужыў Боскую Літургію на машчах Сьвятаначальніка Міколы Цудатворцы, архібіскупа Міраў Лікійскіх, у інтэнцыі антвэрпанскай грэка-каталіцкай парафіі, усіх яе верных, і за тых, чые імёны былі пададзеныя руплівымі вернікамі перад пачаткам падарожжа. Трэба зазначыць, што Сьвяты Мікола моцна шанаваны ва ўсіх Хрысьціянаў, як Каталікоў, так і Праваслаўных. У Крыпце, дзе спачываюць мошчы гэтага Сьвяціцеля, заўсёды прысутныя малельнікі, якія просяць заступніцтва Міколы перад Богам.

Завершылася паломніцтва ушанаваньнем мошчаў Сьвятой Мучаніцы Каломбы, што спачывае ў Рыма-Каталіцкай катэдры ў Старым Горадзе. Яна была замучаная за Веру яшчэ ў 273 годзе, але цела якой засталося нятленным да сёньняшняга дня.

Парафіяльная Рада