РЭЗАЛЮЦЫЯ СЭСІІ РАДЫ БНР

Супраць Будаўніцтва Атамнай Электрастанцыі ў Беларусі

На тэрыторыі Беларусі, якая да гэтага ня можа залячыць нанесеныя Чарнобылем раны, урад Лукашэнкі зьбіраецца разьмясьціць атамную электрстанцыю.

Гэта ўжо ня першая спроба пабудаваць АЭС на беларускай зямлі. У 1988 годзе Масква, са згоды тагачаснага камуністычнага кіраўніцтва, плянавала разьмясьціць атамную станцыю пад Віцебскам. Аднак тады актывісты толькі што ўтворанага БНФ арганізавалі акцыі пратэсту, дзясяткі тысяч віцяблян падпісаліся супраць будаўніцтва, і разьмяшчэньне АЭС удалося прадухільць.

Мэтазгоднасьць разьвіцьця атамнай энэргетыкі дзесяцігодзьдзямі зьяўляецца прадметам дыскусіяў на Захадзе. Да гэтага часу ў сьвеце ня вырашаная праблема ўтылізацыі ядзерных адкідаў, спрэчным застаецца ўплыў АЭС на навакольнае асяродзьдзе, аварыі на атамных станцыях здараюцца кожны год. Няма ніякіх гарантыяў, што аднойчы такая аварыя ня набудзе маштабу чарнобыльскай.

Цяперашняе кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, безумоўна, павінна было ўзяць пад увагу гэтыя і іншыя нэгатыўныя аспэкты будаўніцтва АЭС, аднак яно прыняла рашэньне без шырокага грамадзкага абмеркаваньня і, як высьветлілася, без парадаў з неангажаванымі МАГАТЭ адмыслоўцамі.

Апошняя інфармаццыя, якую ўдалося здабыць грамадзтву, сьведчыцть, што будаўніцтва АЭС будзе даручана расейскім кампаніям; пры гэтым Беларусь можа зрабіцца закладнікам экспэрымэнтаў маскоўскіх атамшчыкаў.

Паказальна, што на праведзеных уладамі так званых абмеркаваньнях будаўніцтва АЭС праціўнікі будаўніцтва звычайна не маглі атрымаць слова; пікеты і масавыя акцыі актывістаў экалягічнага руху забараняліся, іх удзельнікі затрымліваліся.

Зразумела, што свабоднае і адкрытае абмеркаваньне усіх аспэктаў будаўніцтва АЭС можа адбыцца толькі ў свабодным грамадзтве і пры ўладзе, якая выбіраецца народам і залежыць ад народа.

Рада БНР пратэстуе супраць плянаў будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі і выказвае падтрымку грамадзянскай супольнасьці, якая імкнецца супрацьстаяць гэтаму праекту.

Лёндан, 18 красавіка 2010 г.