Сымвалы

simbaliНа нацыянальныя каштоўнасьці мусіць быць адзіны агульны погляд і адзінае ўсьведамленьне зьявы. Калі гэтага няма – нацыя ў бядзе. Ужо толькі па гэтай прыкмеце можна сцьвярджаць пра нацыянальную бяду беларусаў. Амаль дзьвесьце гадоў расейскай акупацыі і сістэмнага вынішчэньня беларушчыны не мінаюць бяссьледна. Хвароба каляніяльнага духу сядзіць яшчэ так глыбока, што нават некаторыя адраджэнцы не пазьбеглі яе метастазаў.

Самы кур’ёзны прыклад – гэта ўсхваленьне “трасянкі” (прытым адукаванымі людзьмі). Хаця рэч агульнавядомая, што калі дзе-небудзь у сьвеце назіраецца такая хімерычная моўная зьява, то гэта ёсьць працэс моўнай дэградацыі і адлюстраваньне (абавязкова!) рэгрэсу аўтэнтычнай культуры (існуе дастатковая літаратура і эмпірычны досьвед у гэтым пытаньні).

Аналягічная цераспалосіца і ў дачыненьні да сымволікі. Некаторыя кажуць, што вось і добра, што Лукашэнка забараніў Беларускі Гэрб і Сьцяг. Цяпер усё відаць, дзе хто ёсьць, ато толькі апаганіў бы нацыянальныя сымвалы.

Аднак гэта ня ўся праўда (і, нават, зусім ня праўда). Сэнс сьцягу і гэрбу глыбейшы і сіла большая. Нацыянальныя дзяржаўныя сымвалы не дачасная рэч і не разьменная манета. Яны па-над усім, і нават над часам. Сьцяг веецца і над палітыкай, і над унутранымі канфліктамі, пакуль існуе адзінства дзяржавы і лучнасьць нацыі. Гэта значыць, што пакуль існуюць агульныя вечнасныя каштоўнасьці народа, што прызнаюцца ўсімі. Не лукашысты прыдумалі Пагоню і беларускі Бел-Чырвона-Белы сьцяг, і не прыдумаў іх Народны Фронт. Гэрб і Сьцяг існавалі ўжо сотні гадоў і нарадзіліся ў гісторыі нашага народу. Нацыянальны дзяржаўны гэрб Пагоня і гістарычны сьцяг ніяк не маглі атаясамлівацца зь якім-небудзь палітычным рэжымам і нават з палітычнай сілай, якая іх адрадзіла і ўзьняла. (Пасьля зацьвярджэньня нацыянальнага Беларускага сьцяга і Пагоні ў якасьці дзяржаўнага сьцяга і гэрба Рэспублікі Беларусь Народны Фронт на ІІІ-м Зьезьдзе ў 1993 г. прыняў асобны Сьцяг БНФ – трохканцовае трохпалоснае бел-чырвона-белае палатно з шасьціканцовым крыжам на ўсю шырыню — і дзьве гэрбавыя эмблемы: Вялікую эмблему з выявай Пагоні і Малую – з выявай шасьціканцовага крыжа Пагоні)

Нацыянальны дзяржаўны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня лучацца з усёй беларускай нацыяй і адлюстроўваюць існаваньне незалежнай Беларускай дзяржавы.

Калі б усе гэтыя цяжкія гады Беларускі сьцяг і гэрб Пагоня існавалі ў якасьці дзяржаўных сымвалаў, яны б культурна і дзяржаўна дапамагалі кансалідаваць нацыю, падымалі б ў беларусаў пачуцьцё гонару і гістарызму нацыянальнага існаваньня і сьведчылі б пра гэта ў сьвеце. Палітычныя канфлікты маглі б нават разьдзіраць грамадзтва, але Беларускі сьцяг веяўся б над усім сымвалам салідарнасьці і нагадваў бы пра адзінства.

Лукашысты, якія ськінулі Гэрб і парвалі Беларускі сьцяг, зрабілі злачынства перад нацыяй. Злачынства, якое вымагае абавязковага пакараньня.

Сама гэтая падзея (незаконны фальшывы рэфэрэндум, парваньне сьцяга) ёсьць адлюстраваньнем сутнасьці таго, што адбывалася: уладу ў Беларусі захапілі антыбеларускія прамаскоўскія сілы. Парваньне Беларускага сьцяга ёсьць сымвал іхняй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі (этнацыд, закрыцьцё беларускіх школаў, перасьлед мовы, разбурэньне беларускага друку, перасьлед беларускай літаратуры, фальсіфікацыя гісторыі, адчыненьне межаў перад расейскай палітыкай і разьведкай, русіфікацыя, бяспраўе людзей, рэпрэсіі па ідэалягічнай прыкмеце і г.д. – усё, што культурна і этнічна нішчыць і разбурае беларускі народ).

Грубы невук Ціцянкоў, рвучы Беларускі сьцяг на вачах усяго грамадзтва, прадэманстраваў цёмны рытуал паніжэньня народа, які маўчаў. У старажытнасьці такія дзеяньні змываліся толькі крывёй. Цяпер іншыя часы. Але калі нацыя не асудзіць гэты бруд – яна не падымецца.

Зразумела, што антынацыянальны рэжым ня мог кіраваць пад Беларускім сьцягам і беларускім Гэрбам. Але мусіць быць зразумела таксама, што для нацыі страта Сьцяга і Гэрба нават у такой акупайнай сітуацыі, — гэта ня “добра”, а вельмі дрэнна.

Наша Беларуская ідэя, наша Бацькаўшчына, нашыя Сымвалы – цяпер у падпольлі. Тым часам пад афіцыйным чырвона-зялёным сьцягам савецка-маскоўскай акупацыі змушаюць хадзіць нашу моладзь, нашых спартоўцаў і вайскавікоў. Як жа рэалізаваць адзінства нацыі, калі існуюць сымвалы падзелу? Нават на міжнародным футбольным матчы такое ўжо не ўдаецца.

Вельмі важна разумець, што такое дрэнна і што такое добра. У палітыцы няма “пустых паперак”, пустых сымвалаў і нават “пустых ідэй”. Усё вымагае асэнсаваньня, бо ўсё можа быць скарыстана і ўсё можа перамяніцца. Няма ніводнай ідэі, нават самай бязглуздай, якая б не знайшла пасьлядоўнікаў (напрыклад, ідэя джынсавай “парцянкі”). Калі ёсьць ружжо – яно некалі можа выстраліць.

Дыктатарскія антынацыянальныя і акупацыйныя рэжымы гэта скрозь пацьвярджаюць. Успомнім першае агульнанацыянальнае палітычнае дзеяньне, першую агульнанацыянальную перамену, якую зрабіла каманда Лукашэнкі, захапіўшы ўладу. Першым дзеяньнем было – ліквідацыя дзяржаўных сымвалаў нацыі – Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрбу “Пагоня”.

Рытарычнае пытаньне: які першы чын мусяць зрабіць беларусы пасьля ліквідацыі прамаскоўскага рэжыму? Адказ зразумелы – вярнуць нацыянальныя сымвалы дзяржавы. За тымі, што будуць здольныя зрабіць такі чын, за тымі і станецца будучыня. Тут простае назіраньне. Тыя, што гэтага ня зробяць, — тыя працягнуць прамаскоўскую палітыку нішчэньня ўсяго беларускага. Вось што такое Сымвалы нацыі.

Зянон ПАЗЬНЯК
сайт Партыі БНФ