Пара вызначацца - ці крамлёўскія сцэнары, ці нацыянальныя інтарэсы

Кандыдат у прэзыдэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў разам з кіраўніком Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам сёньня зрабілі прэзэнтацыю для журналістаў "Маніфэсту аб абароне нацыянальных інтарэсаў".

Паводле Рыгора Кастусёва, Партыя БНФ, усьведамляючы адной з асноўных каштоўнасьцяў нацыянальныя інтарэсы Беларусі, лічыць непрымальным для сябе ўдзел у выбарчай кампаніі паводле крамлёўскіх сцэнароў, "бо яны маюць на мэце захаваньне і замацаваньне кліенцкай залежнасьці Беларусі ад РФ, утворанай цяперашнім рэжымам, і не прывядуць да рэальнай дэмакратызацыі краіны".

У "Маніфэсьце аб абароне нацыянальных інтарэсаў" утрымліваецца апісаньне крокаў, якія мусіць зрабіць пасьля прыходу да ўлады нацыянальна-дэмакратычны кандыдат: выхад Беларусі з мытнага зьвязу і АДКБ, вывад расейскіх базаў з тэрыторыі Беларусі, рассакрэчваньне інфармацыі аб наступствах Чарнобыльскай катастрофы і прывядзеньне санітарных нормаў да эўрапейскіх стандартаў, захады для паляпшэньня дэмагарфічнай сытуацыі, а таксама падтрымка беларускай мовы і культуры.

Рыгор Кастусёў накіраваў "Маніфэст" да ўсіх заяўленых кандыдатаў у прэзыдэнты апроч Сяргея Гайдукевіча, які ўжо агучыў сваё пазытыўнае стаўленьне да Масквы.

"Зварот стане лякмусавай палачкай, якая пакажа, як патэнцыйныя кандыдаты ставяцца да будучых выбараў, і як яны ставяцца да Расеі", - падкрэсьліў кандыдат ад Партыі БНФ.

"Цяпер прыйшоў час вызначацца. Ці гуляць у маскоўскія сцэнары і здымаць Лукашэнку рукамі Крамля, ці кіравацца выключна нацыянальнымі інтарэсамі і ствараць свае ўласныя сцэнары", - падсумаваў прэзэнтацыю старшныя Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Маніфэст аб абароне нацыянальных інтарэсаў

Мы, удзельнікі кампаніі выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 2010 г.,

* Усьведамляючы прыярытэт нацыянальных інтарэсаў перад прыватнымі палітычнымі амбіцыямі,
* Кіруючыся імкненьнем забясьпечыць сувэрэнітэт і свабоду нашай Бацькаўшчыны,
* І вярнуць дзяржаўныя структуры Рэспублікі Беларусь на шлях служэньня беларускаму народу,

І. Заяўляем:

* Нацыянальным інтарэсам Беларусі адпавядае як мага хутчэйшае адхіленьне ад улады рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
* Мы памятаем, што вялікая ступень адказнасьці за злачынствы цяперашняга беларускага рэжыму ляжыць на кіраўніцтве Расеі, якая ня толькі шмат гадоў прызнавала сфальсыфікаваныя выбары, але й падтрымлівала Аляксандра Лукашэнку палітычна і эканамічна.
* Усьведамляем, што небясьпека для палітычнай і эканамічнай незалежнасьці Беларусі і свабоды грамадзянаў нашай краіны сыходзіць ня толькі ад цяперашняга рэжыму, але і ад найвышэйшых палітычных колаў Расеі й зьвязаных зь імі алігархаў.
* Лічым марнай і непрымальнай працу паводле сцэнароў, напісаных у Маскве, бо яны маюць на мэце захаваньне і замацаваньне кліенцкай залежнасьці Беларусі ад РФ, утворанай цяперашнім рэжымам, і не прывядуць да рэальнай дэмакратызацыі краіны.

ІІ. У выпадку прыходу да ўлады, гарантуем ажыцьцяўленьне наступных пунктаў:
1. Эканамічныя інтарэсы беларусаў істотна разыходзяца з палітыка-эканамічнымі арыентырамі такіх дзяржаваў, як РФ ці Рэспубліка Казахстан. Адпаведна, авантурны праект цяперашняга рэжыму па далучэньні Беларусі да мытнага зьвязу са згаданымі краінамі павінны быць згорнуты ў кароткія тэрміны.
2. Беларусь мусіць выйсьці з АДКБ – структуры, фактычнай канчатковай мэтай стварэньня якой ёсьць фармаваньне карных сілаў, для прасоўваньня імпэрскіх інтарэсаў Масквы. Прыналежнасьць да АДКБ ня робіць унёску ў бясьпеку Беларусі, але будзе зьяўляцца перашкодай для разьвіцьця кантактаў у эўрапейскім кірунку, а таксама замінаць мадэрнізацыі беларускага войска.
3. Беларусь - гэта наш дом, у якім мы хочам будаваць нашае жыцьцё і гадаваць наступныя пакаленьні, і нашая зямля не прызначная быць “шчытом”, “фарпастом” ці “буфэрам” для суседніх дзяржаваў. А значыцца разьмешчэньне кантынгенту і базаў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мусіць быць завершанае, як неабгрунтаванае з гледзішча нацыянальных інтарэсаў.
4. Беларусь – краіна, у найбольшай ступені пацярпелая ад Чарнобыльскай катастрофы, і гэта адбіваецца на здароўі нашых суайчыньнікаў. Будучае кіраўніцтва краіны мусіць спыніць злачыную практыку замоўчваньня ды ігнараваньня чарнобыльскай праблемы. Санітарныя нормы, зьвязаныя з радыяцыйным забруджваньнем мусяць быць прыведзеныя да паказьнікаў, прынятых у ЭЗ. Адміністрацыйная стымуляцыя перасяленьня на забруджаныя тэрыторыі ды вырабу на іх с/г прадукцыі мусіць быць спыненая. Палітычна матываваныя забароны на замежнае лячэньне і аздараўленьне мусяць быць скасаваныя.
5. Дэмаграфічная сытацыя ў Беларусі — важнае пытаньне для будучага кіраўніцтва краіны. Мусяць быць ажыцьцёўленыя палітычныя ды эканамічныя захады, спрыяльныя для ўтварэньня сем'яў, нараджэньня і гадаваньня дзяцей.
6. Беларуская мова і культура – аснова існаваньня беларускай нацыі, а безь беларускай нацыі ня будзе і Беларусі. Будучае кіраўніцтва краіны мусіць забясьпечыць прыярытэтную абарону і разьвіцьцё мовы і культуры нашага народу.
7. Прыватызацыя дзяржаўнай маёмасьці, у выпадку безадказнага правядзеньня, нясе пагрозу “ціхай” эканамічнай акупацыі, і пашырэньня ўплыву арганізаваных злачынных груповак. З гэтага вынікае, што будучая ўлада Рэспублікі Беларусь павінная закрыць дарогу да ўдзелу ў прыватызацыйных мерапрыемствах арганізацыям, якія наўпрост альбо праз пасярэднія структуры кантралююцца ўрадамі суседніх краінаў, ці зьвязаныя зь дзейнасьцю злачынных груповак і незаконных палітычных рэжымаў.
8. Будучае кіраўніцтва краіны мусіць выправіць наступствы антынацыянальнай эканамічнай палітыкі цяперашняга рэжыму, якая ўвяла Беларусь у пастку амаль татальнай залежнасьці ад расейскіх энэрганосьбітаў. Дывэрсіфікацыя забесьпячэньня энэргетычнай сыстэмы нашай дзяржавы мусіць стаць тэрміновай задачай.

сайт Партыі БНФ