ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. Сьвята, якое будзе дзяржаўным

Сёньняшні дзень, перакананы, у Беларусі ніяк ня будзе адзначаны на афіцыйным ўзроўні — пры тым што, калі б не 25 жніўня 1991 года, цяперашні гаспадар прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі мог бы быць начальнікам Шклоўскага райсельгасупраўленьня, а генэралы, якія аддаюць каманды на зьбіцьцё пікетоўшчыкаў — цягнуць афіцэрскую лямку дзе-небудзь на Далёкім Усходзе (альбо, што больш верагодна — ваяваць у «гарачай кропцы»).

Але нічога іншага і не выпадае чакаць у краіне, дзе ў школьных падручніках па гісторыі Мураў’ёў-вешальнік падаецца як выбітны дзяржаўны дзеяч, дзе няма ні слова пра Курапаты, а распад савецкай імпэрыі называецца дзяржаўным злачынствам.

Парадаксальна іншае — і ў апазыцыйным асяродку гэты дзень узгадваюць нячаста. Ва ўсялякім разе, значна менш, чым 27 ліпеня 1990 году, калі прымалася Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Тое ж тычыцца і большасьці незалежных СМІ. Пры гэтым, калі гавораць пра прыняцьце Дэклярацыі ў ліпені 90-га, ілюстрацыйны матэрыял, фотаздымкі (а ў выпадку з тэлеканалам «Белсат» — і відэа) — якраз паказвае падзеі, якія адбыліся ў жнівеньскі дзень 91 года — выштурхоўваньне з трыбуны першага сакратара ЦК кампартыі Малафеева, унясеньне ў Авальную залю Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і, нарэшце — дзесяткі тысяч людзей, якія выйшлі да Дому ўраду на заклік Беларускага Народнага Фронту (відэа і фота прыняцьця Дэклярацыі ў 90-ым не захаваліся. Ва ўсялякім разе, калі мы з Пазьняком рыхтавалі нашую кнігу пра аднаўленьне Незалежнасьці — не знайшлі нічога).

Прыняцьце Дэклярацыі, безумоўна, было вельмі важнай падзеяй — але дакумэнт ня выканаў тую ролю, якую мелі падобныя дакумэнты ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Камуністычная большасьць адмовілася надаць Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы — гэта значыць, абвясьціць вяршэнства беларускіх Канстытуцыі і законаў над так званымі «саюзнымі».

Між тым сапраўдная Незалежнасьць была абвешчана менавіта 25 жніўня 1991 году, калі пад уціскам дэпутатаў Апазыцыі БНФ і народу на плошчы Вярхоўны Савет надаў Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы.

Тут вярнуся на год раней і заўважу, што сам працэс прыняцьця Дэклярацыі сёньня прадстаўляецца некаторымі ў скажоным выглядзе. Яскравы прыклад гэтаму — словы Станіслава Шушкевіча, які з году ў год у сваіх інтэрвію імкнецца давесьці, што БНФ нібыта ня меў да Дэклярацыі ніякага дачыненьня. Вось і нядаўна Станіслаў Станіслававіч заявіў: «Сама Декларация принималась не очень тяжело, но очень, я сказал бы так, крикливо. БНФ тогда вел себя уверенно, энергично и требовал, чтобы была решительно другая Декларация, которая давала бы полный суверенитет. Также БНФ протестовал против включения пункта о том, что надо продолжать работу над Союзным договором. А к этому не был подготовлен ни Верховный Совет, ни население. И поэтому депутаты от БНФ не участвовали в голосовании за Декларацию».
І які ўжо раз даводзіцца нагадваць, што дэпутаты БНФ пісалі праект гэтай Дэклярацыі. Што ўсе дні, калі абмяркоўваўся дакумэнт, дэпутаты БНФ адстойвалі свае пазыцыі — і выступамі, і шляхам галасаваньня. Толькі ў часе пасяджэньняў 26-27 ліпеня дэпутаты БНФ выступілі больш за сто разоў! Пра выхад з залі як тактычны крок і яго ўплыў на вынік галасаваньня таксама шмат казалася.

Але прыкметна, што ў гэтым інтэрвію Шушкевіч прызнаў тое прынцыповае разыходжаньне, якое было паміж ім і намі двацаць гадоў таму.

БНФ спрыяў і абраньню Шушкевіча ў Вярхоўны Савет, і абраньню яго на пасаду першага намесьніка Старшыні ВС — але, на жаль, нашыя спадзяваньні на Шушкевіча як на саюзьніка ў справе дасягненьня Незалежнасьці не апраўдаліся — увесь год пасьля прыняцьця Дэклярацыі ( з ліпеня 1990 па жнівень 1991-га) Станіслаў Станіслававіч публічна падвяргаў сумневу мэтазгоднасьць незалежнасьці і выступаў за «абноўлены Союз».

Што да «непадрыхтаванасьці» насельніцтва да Незалежнасьці, пра якую кажа Шушкевіч, дык, па-першае, да пэўных працэсаў людзей сапраўды трэба рыхтаваць. Калі ж увесь час заяўляць, што Незалежнасьць — глупства, што ўласныя грошы — фантазыя, што ўласнае войска — гэта немагчыма, дык сапраўды, людзі будуць дэзарыентаваныя.

Па-другое, сотні тысяч людзей з меншай адукацыяй, чым у члена-карэспандэнта АН Шушкевіча, разумелі непазьбежнасьць і мэтазгоднасьць поўнай Незалежнасьці без усялякіх там «саюзных дамоў». Нагадаю, што наданьне Дэклярацыі статусу канстытуцыйнай сілы ўтрымлівалася ў патрабаваньні страйкоўцаў, якія выйшлі на плошчу перад Домам ураду ў красавіку 1991-га (а зьбіралася ў першыя дні страйку больш за сотню тысяч чалавек).

Нарэшце, асабіста я прыйшоў на надзвычайную сэсію ВС 24 жніўня 1991 года, трымаючы зварот, падпісаны дырэктарамі (!), кіраўнікамі прафкамаў і старшынямі страйкамаў пяці найбуйнейшых віцебскіх прадпрыемстваў — вытворчага аб’яднаньня «Маналіт», станкабудаўнічых заводаў імя Кірава і імя Камінтэрну, завода заточных станкоў і тэлевізыйнага заводу. Першым пунктам звароту было патрабаваньне надаць Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы.

Падобныя патрабаваньні мелі і іншыя дэпутаты, якія пасьля правалу пракамуністычнага путчу ГКЧП сабраліся 24 жніўня на надзвычайную сэсію ВС.

Крытычная сытуацыя ўзьнікла 25 жніўня ў часе галасаваньня за наданьне Дэклярацыі канстытуцыйнага статусу — Шушкевіч, які вёў сэсію замест адсунутага Дземянцея, выказаў сумнеў: а ці прагаласуюць дэпутаты? Для дэпутатаў, большасьць зь якіх прывыклі галасаваць «як скажа начальства» (а Шушкевіч ўжо быў для іх «начальствам»), тое магло ўспрымацца як пэўны знак.

Выратаваў сытуацыю Пазьняк — ён узяў слова ў апошні момант і выступіў так, што яго падтрымалі і сакратары абкамаў, і старшыня Саўміну Кебіч. Я дакладна ведаю, што Пазьняк не рыхтаваў той выступ, ён быў спантанным — але, перакананы, гэта была адна з самых важных і лёсавызначальных палітычных прамоў у гісторыі Беларусі.

Пасьля выступу Пазьняка і рэплік падтрымкі пачалося галасаваньне.

«За» — прагаласавалі 253 дэпутаты (для прыняцьця станоўчага рашэньня патрэбна было 232 галасы, дзьве траціны ад колькасьці абраных дэпутатаў).

У 20 гадзін 08 хвілін 25 жніўня 1991 году Беларусь стала незалежнай краінай.

Зразумела, што па сваёй значнасьці для Беларусі 25 сакавіка 1918-га і 25 жніўня 1991-га стаяць побач.

Незалежнасьць, якая была абвешчана заснавальнікамі БНР у 1918-ым, была рэальна дасягнутая прыхільнікамі БНФ у 1991-ым, — і тымі, хто галасаваў за яе ў Авальнай залі, і тымі дзесяткамі тысяч людзей, што стаялі на плошчы перад Домам ураду пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі, і тымі, хто ў гарадах, мястэчках і вёсках падтрымліваў ідэю, якая сагравала пакаленьні беларусаў.

Зянон Пазьняк прапанаваў абвясьціць наступны год — 20-ыя угодкі жнівеньскіх падзеяў — годам беларускай Незалежнасьці.

Часам хочацца пабыць аптымістам і выказаць спадзяваньне, што наступнае 25 жніўня мы будзем адзначаць як дзяржаўнае сьвята.

Сяргей Навумчык
NAVINY.BY