Дзяды ў Бэльгіі

Беларуская грамада ў Бэльгіі традыцыйна адзначыла дзень памяці продкаў.

Пасьля памінальнай Боскай Літургіі ў Беларускай Грэка-Каталіцкай царкве ў Антвэрпане вернікі адправіліся на Лёвэнскія могілкі, дзе пахаваны вядомы беларускі кампазытар Мікола Равенскі, які спачыў у Бэльгіі ў 1953 годзе. Там, ля магілы, сьвятар Ян Майсейчык адслужыў паніхіду па сьветлай памяці спадару Міколе і ўсім памерлым, сярод якіх тыя, хто аддаў свае жыцьці за веру, волю, незалежнасьць і памнажэньне славы Айчыны. У прамоўным слове пасьля малітвы радны БНР Зьміцер Піменаў ўспомніў усіх кіраўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Памінаньне Дзядоў скончылася сьпевам беларускага духоўнага гімну “Магутны Божа” і братэрскай трапезай, рупліва падрыхтаванай рукамі беларускіх гаспадыняў.