Адыйшоў да Госпада Радны БНР Янка Жучка

Janka_Zhuchka_.jpgБеларускую грамаду Бэльгіі спасьцігла сумная падзея: 16 лістапада 2010 году на 83-цім годзе жыцьця адыйшоў да Госпада спадар Янка Жучка. Руплівы працаўнік на Беларускай ніве, адданы патрыёт Радны Беларускай Народнай Рэспублікі да самае свае сьмерці быў надзейным апірышчам беларускае патрыятычнае грамады Бэльгіі, якому балела душа за лёс беларусаў і Беларушчыны. На пачатку 2000-х гадоў ён быў тым, хто стаў ля вытокаў заснаваньня Беларускай Грэка-Каталіцкай парафіі ў Антвэрпане і да апошняга быў яе верным дабрадзеем і фундатарам. У асобе спадара Янкі Жучкі маладыя Беларусы, што зграмадзіліся вакол ідэяў 25 сакавіка, знайшлі Дзеда, які імкнуўся захаваць пераемнасьць пакаленьняў і зь якою багата дзяліўся сваімі ўспамінамі, перажываньнямі і мроямі. Таму ягоная сьмерць сталася глыбокаю стратаю ня толькі для сваякоў, але і для ўсяго Беларускага грамадства.

Пахаваньне сьветлай памяці спадара Янкі Жучкі адбудзецца ў панядзелак 22 лістапада на могілках Конінхсло (Koningslo).

У нядзелю 21 лістапада ў Беларускай Царкве ў Антвэрпане пасьля Боскай Літургіі будзе адпраўлена паніхіда за ягоную душу.

Зьміцер Піменаў: Янку Жучку любілі за аптымізм і любоў да Беларусі

Радны БНР Зьміцер Піменаў, легендарны "першы Мірон" у Беларусі, а цяпер эмігрант новай эміграцыйнай хвалі, быў добра знаёмы зь Янкам Жучкам, які ўчора памёр у Бэльгіі. Мы папрасілі спадара Піменава падзяліцца сваімі згадкамі пра памерлага.

Зьміцер Піменаў: "Я пазнаёміўся зь Янкам Жучкам у 2003 годзе, калі пачаў грамадзкае жыцьцё ў Бэльгіі. Але да таго я ўжо чуў пра яго ў перадачах Радыё Свабода і ведаў, што ў Бэльгіі жыве беларус, якога сэрца б’ецца па-беларуску. І ягоны інтэлект таксама працаваў па-беларуску. Пры дапамозе ягоных парадаў мы змаглі адчыніць нашу грэка-каталіцкую царкву ў Бэльгіі. Ён вельмі прыязна ставіўся да ўсяго, што мы робім. Два месяцы таму мы пачалі рабіць дакумэнтальнае відэа пра яго, на якім ён распавядае пра сваё жыцьцё, пра "Дванаццатку" зь ягоных студэнцкіх часоў, паказвае і камэнтуе свае фотаздымкі. Для мяне гэта быў самы блізкі чалавек тут”.

Радыё Свабода: "А скажыце, калі ласка, як ён, чалавек найстарэйшай хвалі беларускай эміграцыі, ставіўся да маладой дыяспары, якая зьявілася на Захадзе нядаўна?"

Зьміцер Піменаў: Празь яго рукі, калі можна так сказаць, прайшло шмат беларусаў, у тым ліку і такіх, якія былі абыякавыя да беларускай справы. А таму да кожнага новага эмігранта зь Беларусі ён ставіўся, я сказаў бы, з мудрай асьцярожнасьцю. Да мяне ён таксама доўгі час прыглядаўся, размаўляў, пытаўся пра мой погляд на сёе ці тое. Але падчас апошніх нашых сустрэчаў, калі ён распавядаў пра свой удзел у СБМ-е, я зразумеў, што ён мае да мяне поўны давер. І было шырэйшае кола людзей з новай эміграцыі, хоць, можа, і ня надта вялікае, якому ён мог распавесьці пра такія рэчы. Яго любілі за ягоны аптымізм, за ягоную любоў да Беларусі".

Радыё Свабода