Паховіны Раднага БНР спадара Янкі Жучкі

pahavanne_zhuchki_sm.JPG22 лістапада Беларусы Бэльгіі праводзілі ў апошнюю дарогу свайго паважанага Янку Жучку. Для многіх з прысутных гэта быў Чалавек найвышэйшага аўтарытэту і павагі. Ад пачатку свайго жыцьця ў эміграцыі ён не на хвіліну не забываў пра сваю родную Беларусь. Ён добра памятаў слаўную гісторыю сваёй краіны і добра ведаў, хто скраў гэтую гісторыю ў Беларусаў.

Праводзіць Янку прыйшла вялікая колькасьць ягоных родных і блізкіх. Сьвятар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы разам з пробашчам парафіі Сьвятых Пятра і Паўла ў Брусэлі адслужылі заўпакойную Імшу з Паніхідай. У часе Набажэнства, пробашч Беларускай Царквы ў Атвэрпане сьвятар Ян Майсейчык зазначыў: “Сёньня мы разьвітваемся не проста з земляком, не са звычайным беларусам з паходжаньня, а з чалавекам, які стаўся для нас родным і блізкім, як бацька. Ягоная цеплыня і ветлівасьць, якімі ён атачаў кожнага, хто так ці інакш сутыкаўся зь ім, прываблівалі і вымагалі такое самае цеплыні і ветлівасьці ў адносінах да яго самога. Шчыры Беларус, адданы патрыёт і руплівы вернік – на пачатку двухтысячных гадоў ён стаў тым, хто прыклаў намаганьні да заснаваньня Беларускай Грэка-Каталіцкай парафіі ў Антвэрпане, старанна и ахвярна прысьвячаючы свой час і здольнасьці, каб пераканаць святаначальства ў неабходнасьці гэтай сьвятой справы. Потым, на працягу многіх гадоў ён быў як маральным, так і матар’яльным фундатарам Царквы, якая заўсёды ўважала яго за ганаровага парафіяніна. Ягоная сьмерць стала для нас момантам пэўнага сіроцтва, пасяліўшы ў нашыя сэрцы глыбокі сум і боль страты, але мы верым, што добры Бог вернаму сыну зямной Бацькаўшчыны дасьць Бацькаўшчыну Нябесную, дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу, ні войнаў, ні інтрыгаў, ні несправядлівасьці, але жыцьцё шчасьлівае і бясконцае. Вечная Вам памяць, дарагі наш і любы Спадар Янка!”

Разьвітальнае слова ад родных і блізкіх сказаў Янкаў ўнук Серж, які яго найбольш любіў, як і ўсе яго родныя. На працягу ўсёй прамовы слёзы перашкаджалі яму, але гэты малады моцны хлопчык знайшоў у сабе сілы сказаць пра дзядулю ўсе добрыя словы, якія ён папярэдадні прыгатаваў. Дзед Янка быў моцным Чалавекам і ён можа ганарыцца тым, што ягоны ўнук стараецца быць годным яго аўтарытэту.

pahavanne_zhuchki1.JPG

На могілках да труны, якая была накрыта Бел-Чырвона-Белым сьцягам, была ўскладзена вялікая колькасьць вянкоў і жывых кветак, сярод якіх быў вянкі ад Рады БНР, ад вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, заснавальнікам і фундатарам якой быў Янка Жучка, і ад беларусаў Бэльгіі.

Радны БНР Зміцер Піменаў распавёў прысутным пра тое, хто быў і якім быў найстарэйшы Радны БНР Янка: “Ад пачатку сваёй вымушанай эміграцыі маладога вясковага хлопца з -пад Клецку не пакідала думка атрымаць добрую адукацыю, каб вярнуцца на Радзіму і будаваць яе вольнай ад розных акупантаў. Яму прыходзілася цяжка працаваць на вугальных капальнях, каб заробіць грошы на жыцьцё , але кожную вольную хвіліну займаўся самаадукацыяй і падвышэньнем сваіх ведаў. Усе маладыя Беларусы, якія былі разам з ім, марылі аб тым, што атрымаўшы адукацыю, яны вернуцца на Беларусь, каб выкарыстаць яе на карысьць Радзіме. Але не ўсім гэтым хлопцам хапіла ведаў, якія яны атрымалі у беларускіх гімназіях пад час нямецкай акупацыі, што прыйшла на зьмену польскай і савецкай. За той кароткі тэрмін навучаньня ў Клецкай тэхнічнай школе ён даведаўся пра гісторыю Беларусі, якая была невядомай і якую не дазвалялі ведаць ані польскія , ані савецкія акупацыйныя ўлады. Падчас навучаньня ён стаў актывістам Зьвязу Беларускай Моладзі, сябры гэтай арганізацыі рыхтаваліся стаць гаспадарамі вольнай Беларусі і верылі, што нямецкая ўлада часовая і што яны здолеюць знайсьці сілы, каб пазбавіцца ад нямецкай акупацыі, якая вызваліла беларускія землі ад маскоўскіх асаднікаў. Гэта актыўная моладзь не ўяўляла іншую Беларусь, акрамя як пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам і з Пагоняй. Гэту веру яны пранесьлі праз гады і калі шматлікая колькасьць іх дачакалася развалу Савецкага Саюзу, яны сваю павагу да беларускіх сымбаляў здолелі перадаць Беларусам, якія марылі пра вызваленьне ад крамлёўцаў. Спадар Янка быў з першых, хто стаў дапамагаць беларускім дыпляматам набываць і адчыняць Беларускую Амбасаду. Галоўнай маральнай узнагародай яму было бачыць, што беларускае прадстаўніцтва ў сталіцы Эўропы пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам. Янка меў добрыя сяброўскія адносіны з тымі першымі беларускімі дыпляматамі і гэта сяброўства не перарвалася пасьля прыходу антыбеларускай дыктатуры. Мне давялося быць сьведкам, калі супрацоўнік Беларускай Амбасады ў адной з краін Эўропы тэлефанаваў Янку, каб павіншаваць яго са Сьвятам 25 сакавіка. Янка са шкадаваньнем і паразуменьнем адносіўся да тых дыпламатаў, якія вымушаны былі служыць беларускім справам пад чужым чырвона-зялёным сымбалем. Ён распавядаў, што гэтыя дыпляматы верылі, што беларуская гістарычная сымболіка зноў верняцца на Беларусь. І гэтыя расповяды, надавалі нам, беларусам новай хвалі, надзею і сілы для актыўнасьці на карысьць Радзімы. Нябожчык Янка умеў добра вызначаць у прыехаўшых беларусаў любоў да Беларускіх сымбалеў і адданасьць да беларускіх спраў. Час добра паказаў, што яго сумненьні не былі пустымі і яго недаверлівасьць не была дарэмнай. Шматгадовае актыўнае жыцьцё добра навучыла вызначаць каньюктурнасьць і прагматычныя адносіны да спраў, якія Радны БНР лічыў амаль што сьвятымі. Ён быў вельмі інтэлегентным чалавекам і гэта яму замінала рабіць крытычныя заўвагі няшчырым да беларускіх спраў людзям. І гэта яму прыносіла душэўныя турботы і хваляваньні. Да апошніх сваіх дзён Янка цікавіўся беларускім палітычным жыцьцём. Памятаю, як два гады назад, Янка зрабіў выступ у Эўрапарламенце пад час вырашэньня беларускіх праблемаў, ён шчыра быў незадаволены, тым, што пад час палітычнай працы не ўжывалася беларуская мова і не было беларускага перакладчыка. Праз год мне прыйшлося зноў прысутнічаць на слуханьнях па беларускіх пытаньнях у будынку Эўрапарламенту. І я быў прыемна зьдзіўлены і з удзячнасьцю пачуў, што словы Раднага БНР былі пачутыя і прынятыя да ведама, паседжаньне вялося з перакладам на беларускую мову. Можна шмат што распавесьці цікавага пра гэтага старога Беларуса, але самае адметнае, што ён не хацеў мець ніякіх іншых размоў, як размовы пра Беларусь і пра надзею, што Беларусь будзе вольнай ад часовай чорнай навалачы. Ён вельмі хваравіта перанёс, што сёньняшнія чужынскія дыпляматы Беларускай Амбасады не адчынілі яму візы для ўезду ў Беларусь пару гадоў назад. Гэта яму было вельмі балюча і няхай гэта будзе на сумленьні тых чыноўнікаў, якія нібыта прадстаўляюць Беларусь ў замежжы. Хацелася б верыць, што гэтыя людзі пакаюцца перад адыйшоўшым да Бога старым Беларусам.

Прашу усіх Беларусаў быць годнымі памяці беларускага актывіста і палымянага патрыёта Янкі Жучкі, які праз усё сваё жыцьцё пранёс любоў да Радзімы і верыў ў тое, што Беларусь будзе вольнай, і замест вуліц розных кнорынаў і суворавых будуць вуліцы Кастуся Каліноўскага і Міхала Вітушкі.

Мы ўсе Беларусы, таксама павінны верыць, што вуліцы Беларусі будуць мець назву Янкі Жучкі.

Жыве Беларусь!