З Днём Герояў

Дарагія суродзічы,

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі віншую вас з 90-мі ўгодкамі Слуцкага Збройнага Чыну, з нашым слаўным Днём Герояў.

Случакі, як ніхто ў нашай гісторыі, заслугоўваюць героямі звацца. Мелі яны адвагу і мужнасьць змагацца за ідэал, за волю для сваёй зямлі. Слуцкі Збройны Чын застаўся назаўсёды ў нашай памяці не таму, што ён быў збройным – зброі случакі мелі вельмі мала, -- а таму, што дзесяць тысяч беларусаў вырашылі бараніць да апошняга сваю дзяржаву. Былі гатовыя аддаць жыцьцё, каб жыла беларуская Беларусь.

Шмат мы перажылі за гэтыя 90 год. Маем сваю дзяржаву, але кволая яна яшчэ, а агрэсіўны ўсходні сусед ня можа дачакацца зручных абставінаў, каб ізноў яе захапіць. Дарагія суродзічы, памятайма прыклад нашых слаўных продкаў. Разам з Радай БНР і з усімі змагарамі за волю і Незалежнасьць, будзьма гатовыя бараніць наш край. Я веру, што абаронім мы яго ў пачатку гэтага, 21-га стагодзьдзя, ня зброяй, а нашай рашучасьцю і нашай салідарнасьцю. Да нашага моцнага пачуцьця справядлівасьці, да нашай нецярпімасьці да крыўдаў і зьнявагаў, хапіла б дадаць крыху любові і талерантнасьці адных да другіх , ды забыцца пра свае ўласныя інтарэсы ды амбіцыі, каб перамагчы ўсе перашкоды на нашым шляху да зьдзяйсьненьня ідэалаў нашых слаўных случакоў.

Дык дапамажы нам Божа!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР

Наша ніва