Велікоднае пасланьне айца Аляксандра Надсана

«Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся, людзі! Сёньня Пасха Гасподняя, пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі да неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяем песьню перамогі».

Гэтымі словамі пачынаецца Вялікодны гімн (канон) сьвятога Яна Дамаскіна.

Пасха — слова габрэйскага паходжаньня. Яно азначае выхад на волю з Ягіпту пад правадырствам Майсея абранага народу пасьля чатырохсотлетняга зьняволеньня. І вось гэтая падзея стала вобразам таго, што зьдзейсьніў Ісус Хрыстос, які сваім устаньнем з мёртвых вызваліў нас з няволі сьмерці, прывёўшы да вечнага жыцьця з Ім. Насамрэч гэта было абнаўленьне людзкога роду, акт новага тварэньня, як скажа пасьля сьвяты Павал: «Хто ў Хрысьце, той новае стварэньне: старое мінула, вось сталася ўсё новае» (2 Кар 5:17).

Вялікдзень — радаснае сьвята, але нельга забыцца, што яго апярэджвала Вялікая Пятніца, калі Госпад Ісус памёр на крыжы. Сам бязьвінны, Ён даў сябе ў ахвяру як выкуп за нашыя грахі. Сьвяты Пётра прыпамінае нам, што мы «адкупленыя… не марным срэбрам ці золатам, але найдаражэйшай крывёю Хрыста, як ягняці беззаганнага і без пракуды» (1 Пт 1:18–19).

Габрэі, сутыкнуўшыся зь цяжкасьцямі жыцьця ў пустыні, куды іх вывеў Майсей, пачалі наракаць: «Лепш бы нам было памерці ад рукі Госпада ў зямлі Ягіпецкай, калі мы сядзелі ля катлоў з мясам, калі мы елі хлеба ўдосталь!» (Вых 16:3). Іншымі словамі, яны сталі перад выбарам між свабодаю з усімі яе цяжкасьцямі і тым, што звычайна называецца «чаркай і скваркай». У падобны спосаб і мы сёньня стаім перад выбарам: быць ці ня быць нам з Хрыстом, які памёр за нас і ўваскрос. Сьвяты Павал кажа: «Калі мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што разам зь Ім жыць будзем» (Рым 6:8), бо «Калі Ён памёр, дык памёр раз для граху, а што жыве, дык жыве для Бога. Так і вы лічыце сябе памерлымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысьце Ісусе» (Рым 6:10–11).

Сёньня беларусы зьбіраюцца адзначаць Вялікдзень пад ценем жахлівых падзеяў, што днямі здарыліся ў Менску. Нашыя думкі і сэрцы зь сем’ямі загінулых і з усімі пацярпелымі. У гэтых трагічных абставінах ці знойдзем мы ў сабе дастаткова духоўнай сілы, каб, — не адмаўляючы патрэбы знайсьці адказных за гэты ўчынак, за што яны павінны атрымаць згодна з вымогамі справядлівасьці, — адмовіцца ад нянавісьці, а пайсьці сьледам за Хрыстом, які на крыжы маліўся за тых, хто яго ўкрыжаваў: «Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць»(Лк 23:34)? Гэта быў бы першы крок да агульнага прымірэньня і духоўнага ацаленьня.

Хочацца закончыць гэтыя кароткія разважаньні словамі Вялікоднай службы:

«Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін аднаго абдымем; скажам «Браты» і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля Ўваскрасеньня; і ўсклікнем вось так: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах жыцьцё дараваў.

Вялікдзень 2011 г., Лёндан
Наша ніва