ДЗЯДЫ – Дзень успаміну памерлых

У суботу 29 кастрычніка вернікі Беларускай царквы ў Анвэрпане адзначаць спаконвечнае беларускае сьвята – Дзяды. У гэты дзень аддаецца даніна памяці ўсім спачылым продкам, не толькі тым, імёны якіх захоўваюцца ў нашай памяці, але й далёкім прашчурам з сівой даўніны. Існуе павер’е, што калі хтосьці на Дзяды адведвае царкву і могілкі, запальвае зьнічык і моліцца за памерлых, то і яны адказваюць яму сваім спрыяньнем.

Паводле ж веры Хрыстовай маліцца за памерлых ёсьць наш абавязак, грэбаваць якім азначае – ненавідзець душу сваю, якая таксама патрабуе шматлікіх малітваў да Бога ад іншых людзей, перадусім сьвятых. Памерлыя нашыя родныя і блізкія церпяць ачышчальныя мукі ў чаканьні суда Божага, а царкоўныя малітвы за іх прыносяць ім палёгку. Таму вернікі, якія любяць тых, што адыйшлі з гэтага сьвету, не нядбаюць ажыцявіць гэтую любоў і прымаюць удзел у Набажэнстве і адведваюць могілкі.

Паколькі ў бальшыні беларусаў новай хвалі экзылю родныя магілы засталіся на Бацькаўшчыне, то ў Беларускай царкве ў Анвэрпане ўсталяваўся звычай адведваць на Дзяды магілу выбітнага беларускага кампазытара Міколы Равенскага (аўтара шматлікіх твораў царкоўнай і патрыятычнай музыкі, у тым ліку гімну “Магутны Божа”), які спачывае ў бэльгійскім Лёвэне.

Расклад Набажэнстваў у суботу 29 кастрычніка:

10:30 – Паніхіда ў Беларускай царкве (Lange Beeldekensstraat 22, 2060 Antwerpen);

Пасьля паніхіды – паездка ў Лёвэн на магілу М. Равенскага, - заўпакойная Ліція на могілках.

Жадаючыя паехаць на могілкі, - просьба паведаміць праз e-mail: belcarkva@gmail.com (для рэзэрвацыі месца ў аўто).