Сьвята Дзядоў у Бэльгіі

29102011-1sm1.jpgУ суботу 29 кастрычніка беларусы Бэльгіі і Францыі сабраліся разам у Беларускай Грэка-Каталіцкай царкве ў Антвэрпане, каб успомніць сваіх дзядоў і разам памаліцца за душы родных і блізкіх, а таксама за душы тых, хто аддаў сваё жыцьцё за Веру Сьвятую і незалежнасьць і свабоду роднай Бацькаўшчыны. Канешне, аддаць даніну малітоўнай памяці сваім продкам і спачылым героям прыйшлі далёка не ўсе, што аказаліся на чужыне – адчуджэньне ад традыцый свайго народу моцна засела ў сэрцах шматлікіх беларусаў. Абыякавасьць (а нярэдка і варожасьць) да старадаўняе Хрыстовае веры, да ўласнае культуры і мовы, спараджае і абыякавасьць да сваіх бацькоў, дзядоў, прашчураў. Але, як кажуць у народзе, - “Бог ня Цімошка, бачыць нямножка”, таму і застаюцца абыякавыя бяз Божага блаславеньня і пакутуюць ад сваёй жа неразважлівасьці...

29102011-2.jpg

Пасьля малітвы ў царкве, вернікі накіраваліся на могілкі ў Лёвэн, дзе пахаваны знакаміты аўтар шматлікіх твораў царкоўнай і патрыятычнай музыкі Мікола Равенскі. Ля ягонай магілы сьвятар Ян Майсейчык адправіў заўпакойную ліцію, а ўсе прысутныя прасьпявалі гімн «Магутны Божа», музыку для якога напісаў сьветлай памяці спадар Равенскі.

29102011-3.jpg

29102011-4.jpg

Падчас малітвы былі ўзгаданыя імёны беларусаў, якія перадалі эстафету любові і павагі да Бацькаўшчыны, і якія былі да апошніх сваіх дзён адданымі беларускай справе патрыётамі. У сваім казаньні айцец Ян падзякаваў прысутным за тое, што яны пераадольваюць усе цяжкасьці, якія спадарожнічаюць стаяньню ў добрым, і за тое, што яны сваёй прысутнасьцю галасуюць за Беларушчыну. Насамрэч, большасьці беларусаў даводзіцца несьці на сабе адбітак савецкага выхаваньня і прарасейскага імпэрскага ўплыву, так што ім часам каштуе амаль што гераічных высілкаў, каб вырвацца з улады крамлёўскае прапаганды і заявіць аб сабе, як аб беларусах, якія ведаюць сваю гісторыю і шануюць сваіх Дзядоў. Вядома, што супраць беларускага патрыятызму працуе расейскае тэлебачаньне і расейская блогасфэра, якія зараз прысутныя практычна ў кожным доме; супраць Беларушчыны часта выступаюць і расейскамоўныя сябры (у тым ліку беларусы), якія на бытовым узроўні аказваюць моцны ўплыў на тое, каб стварыць уражаньне, што Беларусь, яе мова і культура, яе старадаўня вера і гісторыя – нічога не вартыя. Таму тое, што прысутныя знаходзяць у сабе сілы перадолець гэтыя “прыяцельскія” уплывы, ужо само па сабе падзея надзвычайная і дастойная пахвалы. Радны БНР Зміцер Піменаў адзначыў, што менавіта павага і любоў да Беларусі тых старых беларусаў не дазваляе яму ісьці чужымі сцяжынамі, якія вядуць у бездань і прыводзяць родную краіну ў рабства.

29102011-5.jpg

Разам з дарослымі ў малітве прынялі ўдзел і дзеці вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якія з задавальненьнем пераймаюць традыцыі сваіх бацькоў. І гэта дае надзею, што Беларуская Вера і захаваньне традыцый застануцца ў іх жыцьці і будуць перададзеныя будучым пакаленьням.

29102011-6.jpg

БЭЗ-Інфа