ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ БЕЛАРУСІ

Дарагія Суродзічы!
 
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, вітаю Вас зь вялікай падзеяй у жыцьці нашага народу – Слуцкім Збройным Чынам, ці, як яго называе Юрка Віцьбіч, Слуцкім Фронтам БНР.

Цытую далей Юрку Віцьбіча: “Меліся ў нас паўстаньні і больш колькасныя па ліку, як Вяліжскае, і ня горш арганізаваныя, як Гомельскае, і ня менш зацятыя, як Парэцкае, Барысаўскае, Івянецкае, Койданаўскае, Мірскае, Рагачоўскае, Панкоўска-Будаўскае, Бешанковіцкае і шмат шмат іншых. Аднак ні адно з гэтых паўстаньняў не выявіла ў такой ступені наш нацыянальны супраціў расейскім акупантам, як Слуцкае”. 

Дык заклікаю усіх Вас, дарагія суродзічы, адзначыць гэтую вялікую падзею. Адначасна заклікаю кожнага з Вас, у Беларусі і ўва ўсіх беларускіх асяродках у сьвеце, ушанаваць памяць ня толькі герояў Случчыны, якія “першыя паўсталі й пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”, але і ўсіх Вам ведамых і няведамых змагароў за незалежнасьць  Бацькаўшчыны і Вашую волю. Дзякуючы ім мы яшчэ існуем як нацыя, нягледзячы на шматлікія намаганьні нашых суседзяў, каб сьцерці з паверхні Зямлі незалежную дзяржаву Беларусь.
 
Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі