You are here

Не сьмяротнаму пакараньню!

30 лістапада ў сталіцы Беларусі Менску суддзі, што выконваюць загады дыктатара Лукашэнкі, могуць падтрымаць патрабаваньне пракурора і прысудзіць двух маладзёнаў да сьмяротнага пакараньня!

Галоўным доказам для вынясеньня страшнага прысуду зьяўлаецца той факт, што ў дзяцінстве адзін з абвінавачаных любіў бавіцца з піратэхнікай. Абвінаваўца на судовым працэсе карыстаўся сьведчаньнямі, здабытымі незаконнымі мэтадамі час папярэдняга сьледства, а таксама недакладнымі фактамі экспэртаў. Падчас судовага спектаклю галоўны абвінавачаны Канавалаў знаходзіўся у псыхалягічна падаўленым стане і адмовіўся даваць сьведчаньні ў сваю абарону. Другі абвінавачаны, Кавалёў, засьведчыў, што ня мае аніякага дачыненьня да тэракту, і што першыя прызнаньні супраць сябе і супраць свайго сябра ён рабіў пад псыхічным уздзеяньнем і фізычнымі катаваньнямі.

Выбух у мэтро быў выкананы на высокім прафэсійным узроўні, зьнявечыў і забраў жыцьці дзясяткаў ні ў чым нявінаваных людзей. Той факт, што праз некалькі гадзінаў, калі яшчэ ня былі прыбраныя целы загінуўшых, месца выбуху наведаў кіраўнік краіны са сваім маленькім сынам, гаворыць аб тым, што Лукашэнка дакладна ведаў, што другога выбуху ня будзе. У першым сваім выступе ён абвінаваціў ва ўсім палітычную апазыцыю і заклікаў сілавыя структуры знайсьці і пакараць вінаватых. І тое, што прызначаныя вінаватыя былі арыштаваныя праз некалькі гадзінаў пасьля выступу Лукашэнка, дае права меркаваць, што спэцслужбы дакладна ведалі, хто мусіў знаходзіцца ў месцы правядзеньня тэракту супраць жыхароў і гасьцей беларускай сталіцы.

Двух маладых хлапцоў хочуць абвінаваціць і забіць! У часе судовага сьледства ня было знойдзена матывацыі зробленага злачынства, эксперты не знайшлі вартых даверу фактаў каб давесьці, што гэтае злачынства было зроблена менавіта арыштаванымі хлапцамі. Доказы грунтуюцца толькі на фантазіях пракурора, але ў сучаснай Беларусі гэтага дастаткова для таго, каб прысудзіць чалавека да вышэйшай меры пакараньня. Даказаць сваю нявінаватасьць ва ўмовах дыктатуры немагчыма! Усе прысутныя на судовым працэсе адзначаюць, што сьледства ідзе ў адным напрамку – спадабацца дыктатару, які хоча атрымаць выгаду ад тэракту. Людзі, што пацярпелі ад выбуху, ня вераць у тое, што судзяць сапраўдных выканаўцаў злачынства. Робіцца відавочным, што для захаваньня ўлады Лукашэнка гатовы бясспрэчна выконваць усе загады сваіх крамлёўскіх гаспадароў, ажно да фізычнага зьнішчэньня сваіх апанэнтаў і ні ў чым нявінаватых людзей. У тым ліку зьдзяйсьняць крыварыя тэракты супраць беларускага народу.

Беларускія палітычныя ўцекачы неаднаразова зьвярталі ўвагу на тое, што палітыка лібералізму і прагматычнага стаўленьня ў адносінах да дыктатарскага рэжыму будзе мець страшныя наступствы. Тэракт у менскім мэтро таму падцьвержаньне. Мы заклікаем палітыкаў Эўропы і ЗША зьмяніць ліберальную палітыку з дыктатарам на больш прынцыповую і жорсткую, ня забываючыся на той факт, што Лукашэнка – псыхічна хворы чалавек, і яго хваробу выкарыстоўваюць кіраўнікі крамлёўскага рэжыму.

Рэжым дыктатара Лукашэнка хоча забіць двух не вінаватых у тэракце маладых людзей., гэтым паказваючы поўную непавагу да чалавечых каштоўнасьцяў і робячы выклік сусьветнаму грамадзтву. Кроў гэтых і наступных ахвяраў дыктатараў і таталітарных рэжымаў застанецца на сумленьні тых, хто заняў пазыцыю абыякавасьці і прагматызму ў пытаньні найбольшай чалавечай каштоўнасьці – Жыцьця.

Не дзяржава дае чалавеку жыцьцё, і не дзяржаве пазбаўляць чалавека жыцьця! Пара скончыць з варварствам у эўрапейскай краіне!

Не сьмяротнаму пакараньню ў Эўропе!