Стоп сьмяротнаму пакараньню

piket28112011-sm.jpgАктывістамі Беларуска- Эўрапейскага задзіночаньня быў праведзены інфармацыйны пікет у падтрымку двух маладых людзей бяздоказна абвінавачаных у зьдзяйсненьні тэракту ў мінскім метро –Канавалава і Кавалёва. Акцыя была накіравана таксама супраць сьмяротнага пакараньня ўвогуле як праява дзікунства і барбарства. Пікетоўцы трымалі плакат з выявамі абвінавачаных і надпісам «Уратуйце іх жыцьці». Была распаўсюджана вялікая колькасьць інфабюлетнёў на ангельскай, французкай і фламанскай мове.

Пікетоўцы зьвярнулі таксама увагу на праблему палітзняволеных у Беларусі. Пікет адбыўся ў Бруссэлю насупраць будынка Эўракамісіі і Рады Эўропы. Мінакі з цікаўнасьцю чыталі змест інфабюлетня і з абурэньнем рэагавалі на факты беззаконьня ў Беларусі

piket28112011-1.jpg

Пасьля пікету на плошчы Роберта Шумана беларусы накіраваліся да беларускай амбасады каб перадаць зварот да амбасадара. У звароце быў змешчан заклік дапамагчы захаваць жыцьці двух маладых беларусаў якія сталі ахвярамі добра спланаванай акцыі супраць чалавеччых жыцьцяў.

Тэкст зварота:

Паважаны спадар амбасадар!

Я, Піменаў Зьміцер, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, зьвяртаюся да Вас па дапамогу, каб захаваць жыцьцё двум беларусам.

Я ведаю, што Вы любіце Беларусь і мяркую, што Вы яе любіце ня меньш чым я. І я ўпэўнены, што агульначалавечыя каштоўнасьці і чалавечае жыцьцё для Вас далёка не пусты гук. Таму прашу Вас, выкарыстайце свой талент дыплямата і пераканайце тых, ад каго залежыць лёс двух маладых беларусаў, што знаходзяцца на мяжы жыцьця і сьмерці. Тыя факты, якія былі пачутыя падчас судовых паседжаньняў, ня ў стане пераканаць пацярпелых ад тэракту і ўсіх разважлівых людзей, што тэракт быў зроблены Канавалавым і Кавалёвым. Я перакананы, што вы маеце добрае сэрца, якое не дазволіць вам застацца абыякавым да іх лёсу.

Мы ўсе павінны зразумець, што нельга называць грамадства дэмакратычным, калі існуюць недэмакратычныя сродкі ўздзеяньня на грамадства. Ужываньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі не зьяўляецца пазітыўным фактарам фармаваньня прывабнага іміджу Беларусі ў сьвеце. А калі да сьмерці будуць асуджаны маладыя хлопцы, віна якіх ня ёсьць пэўнай, я, Вы, усе беларусы, станем саўдзельнікамі жахлівага злачынства, ад якога нам не адмыцца да канца сваіх дзён.

Зробім жа ўсё магчымае, каб уратаваць іх жыцьці і сваё сумленьне.