Галадоўка салідарнасьці ў Бруссэлі

4 студзеня беларукі палітычны актывіст Зміцер Піменаў на знак салідарнасьці са зьняволеным Сяргеем Каваленкам паспрабаваў правесьці пікет насупраць беларускай амбасады ў Бельгіі.

04012012-1.jpg

Гэта была ўжо другая акцыя за апошнія некалькі дзён, але нажаль і яна скончылася брутальным затрыманьнем Зьмітра Піменава супрацоўнікамі брусэльскай паліцыі, якія, як пабітыя сабакі, апускалі вочы да долу ад сораму, што ім прыходзіцца рабіць брудную справу па загаду свайго «ліберальнага» начальства.

04012012-2.jpg

Зміцер Піменаў: "Адчуў на сваёй шкуры прыход новага лева-ліберальнага кіраўніцтва Бельгіі. Да гэтага часу на працягу амаль шасьці гадоў стаўленьне да пікетаў беларускіх актывістаў было пазытыўна-талерантным. Становіцца відавочным, што эўрапэйскія лібералы будзе падтрымліваць толькі псэўдасвабоду і ліберастычную мараль. Іх не цікавяць правы нацыі, якая вынішчаецца па ўсіх накірунках, і іх ня можа хваляваць жыцьцё простага беларуса, які за адстойваньне свайго права звацца Беларусам знаходзіцца за кратамі. Гульня з маральнымі чалавечымі каштоўнасьцямі прывядзе краіны Эўропы да катастрофы. Спецыфічнае разуменьне свабоды эўрапейскімі лібераламі не абяцае нічога добрага для нашай краіны. Па рэакцыі бэльгійскіх паліцэйскіх да нашых "дзяржымордаў" з амбасады можна меркаваць, што карупцыйная зараза ад беларускай дыктатуры трапіла ў чыноўніцкія кабінэты Брусэля. Але праўда пераможа!"

Будучы абураныя такім разгортваньнем падзеяў, актывісты Бэларуска-Эўрапейскага задзіночаньня абмяркоўваюць іншыя спосабы пратэсту супраць дзеяньняў карных ворганаў у Беларусі ў абыход бюракратычнай машыны брусэльскіх карупцыянэраў.

Прапануем матэрыял "Радыё Свабода":

Бэльгійскага галадоўніка Зьмітра Піменава затрымала паліцыя

Кіраўнік Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў зноў выйшаў 4 студзеня да беларускай амбасады ў Брусэлі, патрабуючы вызваліць беларускіх палітвязьняў, у тым ліку ягонага земляка зь Віцебску Сяргея Каваленку.

Два дні таму спадар Піменаў абвясьціў, што распачынае галадоўку пратэсту за вызваленьне Сяргея Каваленкі, які знаходзіцца ў віцебскім СІЗА. Супраць актывіста заведзена крымінальная справа за парушэньне адбываньня рэжыму ўмоўнага пакараньня — «хатняй хіміі», прысуджанай у 2010-м годзе за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы.

Сяргей Каваленка трымае галадоўку пратэсту ўжо 17-ты дзень, і Зьміцер Піменаў вырашыў таксама галадаваць на знак падтрымкі.

​​У першы дзень акцыі, 2 студзеня, Зьмітра Піменава затрымала паліцыя. Пасьля кароткага разбору яго адпусьцілі, але папярэдзілі, што наступным разам ён будзе аштрафаваны. 3 студзеня кіраўнік Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня быў у адваката, зь якім абмяркоўваў магчымыя наступствы.

4 студзеня ён зноў выйшаў да беларускай амбасады ў Брусэлі зь бел-чырвона-белым сьцягам і плякатам «Свабоду палітвязьням». Праз колькі часу яго затрымала паліцыя. Перад самым затрыманьнем ён пасьпеў патэлефанаваць, каб празь беларускую "Свабоду" зьвярнуцца да грамадзкасьці Беларусі:

​​«Мой пікет — гэта салідарнасьць зь беларускім героем Сяргеем Каваленкам, якога трымаюць за кратамі за ягоную любоў да Радзімы. Гэта мая салідарнасьць зь іншымі палітвязьнямі, якім абрыдла жыць пад ціскам страху, і дзеля будучыні сваёй краіны яны вырашылі нешта зьмяніць. Сваім пікетам я хачу падтрымаць моладзь, якая ладзіць розныя акцыі пратэсту, набліжаючы лепшую будучыню для сваёй краіны. Беларусы, прачніцеся! Час бараніць сваю краіну! Жыве Беларусь!»