Рада БНР патрабуе абвяшчэньня расейскага амбасадара ў Беларуси «пэрсонай нон грата»

З нагоды апошніх выказваньняў Аляксандра Сурыкава Рада БНР распаўсюдзіла заяву наступнага зьместу:

“Як стала вядома, амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі спадар Сурыкаў заявіў у інтэрвію газэце “Звязда”, што ў выпадку абвастрэньня валютна-фінансавай сытуацыі Беларусі “варта падумаць пра пераход на агульную з Расеяй валюту”. Ён таксама даў зразумець, што Масква будзе перашкаджаць вытворчасьці легкавых аўтамабіляў на тэрыторыі Беларусі, калі яна будзе наладжаная ў абыход інтарэсаў Расеі.

Гэтыя заявы выяўляюць сапраўднае, імпэрскае стаўленьне Расеі да незалежнасьці нашай краіны.

Не сакрэт, што толькі дзякуючы Расеі Лукашэнка знаходзіца пры ўладзе – пацьверджаньне гэтаму і крызіс 1996 году, калі “маскоўскі дэсант” уратаваў Лукашэнку ад імпічмэнту, і так званыя выбары 2001, 2006, 2010 году, перад якімі Крэмль выдаткоўваў лукашэнкаўскаму рэжыму мільярдныя крэдыты.

Насуперак памылковаму і распаўсюджанаму ўяўленьню, Расея не зьяўляецца донарам Беларусі. У выпадку, калі б у 1994 годзе быў абраны эўрапейскі шлях разьвіцьця, прамысловы, транзытны і, найперш, чалавечы, інтэлектуальны патэнцыял дазваляў Беларусі цягам некалькіх гадоў стаць нароўні з постсавецкімі краінамі Усходняй Эўропы. Аднак палітыка прарасейскага кіраўніка краіны, уцягваньне Беларусі ў вайсковую сыстэму АДКБ, якая кантралюецца маскоўскім Генштабам, разьмяшчэньне расейскіх вайсковых базаў, – паставілі заслону паміж Беларусьсю і дэмакратычнымі эўрапейскімі краінамі.

Выкарыстоўваючы Беларусь як важнейшы для сваіх стратэгічных інтарэсаў вайсковы пляцдарм, Масква расплочваецца з Лукашэнкам падачкамі, якіх, аднак, хапае, каб падтрымліваць ілюзію эканамічнай стабільнасьці. Ва ўсялякім разе, хапала да апошняга часу. Эканамічны крызіс, дэвальвацыя нацыянальнай валюты паставілі ўладу Лукашэнкі пад пагрозу, аднак і тут Масква прыйшла яму на дапамогу. Узамен Расея дамаглася яшчэ большай палітычнай і эканамічнай залежнасьці Беларусі – праз уваход нашай краіны ў т.зв. Мытны зьвяз ды поўны кантроль над “Белтрансгазам”.

Рада БНР неаднаразова зьвяртала ўвагу на імпэрскую палітыку Расеі ў дачыненьні да Беларусі; цяпер жа гэтая палітыка стварае рэальную пагрозу беларускай незалежнасьці. Расея ніколі не падтрымлівала дэмакратычныя памкненьні беларускага грамадзтва; паказальна, што афіцыйная Масква ні слова не сказала ў абарону беларускіх палітычных вязьняў.

Расейскі амбасадар Сурыкаў і раней дазваляў сабе выказваньні, якія выходзілі па-за межы нормаў паводзінаў кіраўніка дыпляматычнай місіі. Аднак яны заставаліся без адэкватнага адказу з боку лукашэнкаўскага МЗС. Цяперашнія ягоныя заявы выяўляюць абсалютна недапушчальнае для дыплямата ўмешваньне ва ўнутраныя справы сувэрэннай краіны. Рада БНР лічыць, што спадар Сурыкаў павінен быць абвешчаны “пэрсонай нон грата” і неадкладна”.

газета "Салiдарнасць"