Інфармацыйны пікет ля будынку ПАРЭ ў Страсбурзе

25122012_1sm.jpg25 студзеня беларусы Францыі, Бэльгіі і Нямеччыны правялі інфармацыйны пікет ля будынку Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбурзе. Галоўнай мэтай правядзеньня акцыі было заклікаць эўрапейскіх палітыкаў “абудзіць сумленьне” і спыніць “імітацыю барацьбы з дыктатурай у Беларусі!”

25122012_1.jpg

25122012_2.jpg

Разгляд беларускага пытаньня быў прызначаны ад 10 да 12 гадзіны. Менавіта таму актывісты Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня прызначылі акцыю ад 9 да 13 гадзіны. Пасьля заканчэньня паседжаньня да ўдзельнікаў акцыі выйшлі журналісты розных тэлеканалаў. Напрыканцы акцыі старшыня камісіі замежных справаў польскага сэйму спадар Andrzej Halicki паведаміў, што рэзалюцыя была прынятая большасьцю галасоў.

Падчас пікету было распаўсюджана некалькі соцен улётак наступнага зьместу:

Здрада ці параза Эўрапейскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі?

З самага пачатку існаваньня дыктатарскага рэжыму ў Беларусі, Эўрапейскія палітычныя інстытуты вялі імітацыю барацьбы з аўтарытарным рэжымам, усталяваным крэмлёўскай мафіяй, тым самым марна растрачвалі бюджэтныя сродкі эўрапейскіх краінаў. Чым больш выдаткоўвалася некантраляваных сродкаў для нібыта падтрымкі грамадскай супольнасьці, тым больш зніжаўся аўтарытэт розных НДА (няўрадавых арганізацый) сярод беларускага насельніцтва. Чыноўнікі з Эўрапейскіх структур, якія павінны былі праводзіць кантроль і аналіз выдаткаваных субсідыяй, паставіліся да гэтай важнай справы безадказна, магчыма маючы асабістыя зацікаўленасьці. Нядбайнасьць у выкананьні сваіх абавязкаў прывяла да таго, што фінансавая дапамога, прызначаная для развіцьця грамадскай супольнаьсці ў Беларусі, трапляла ў рукі нясумленных грамадскіх актывістаў, якія магчыма былі пад кантролем і ціскам спецслужбаў антыбеларускага рэжыму.

Ігнараванне эўрапейскімі палітыкамі пытаньня абароны дзяржаўных і гістарычных інтарэсаў Беларусі прывяло да таго, што кіруючая хунта забараніла выкарыстаньне беларускіх гістарычных дзяржаўных сімбаляў, прыраўноўваючы гэта да крымінальных злачынстваў. За вывешваньне беларускага нацыянальнага сьцяга пазбаўлены волі беларускі герой Сяргей Каваленка. У знак пратэсту супраць незаконнага арышту ён абвясьціў галадоўку, а за праяву салідарнасці з палітвязнем Сяргеем Каваленкам псэўдаліберальнае кіраўніцтва Бельгійскага Каралеўства аддало каманду арыштаваць беларускага палітычнага ўцекача ў Бельгіі Зьмітра Піменава за праведзеную ім акцыю ля беларускай амбасады ў Брусэлі. Дадзены факт прыводзіць да думкі, што краіны Эўразьвязу чакае дыктатура лібералізму, прагматызму і ігнараваньня правоў чалавека. Тэндэнцыі і дынаміка псэўдаліберальнай палітыкі і прагматычнага падыходу ў барацьбе з дыктатурамі ўсё больш і больш пазначаецца крывавымі плямамі на палітычнай мапе сьвету.

Беларускія палітычныя ўцекачы з асаблівай насьцярожанасьцю назіраюць, як інстытуты, якія ўзялі на сябе адказнасьць за пабудову дэмакратычнага ладу ў эўрапейскіх краінах, некампітэнтна і непрафесійна падыходзяць да выкананьня сваёй місіі. Абуральным фактам зьяўляецца тое, што некаторыя палітыкі Эўропы пачалі заклікаць беларускіх актывістаў прыняць удзел у так званай выбарчай кампаніі з назвай «Парламенскія выбары». Магчыма яны забыліся, што да гэтага часу з турмы ня выйшлі ўдзельнікі папярэдніх "выбараў". Што стаіць за гэтымі заклікамі? Адсутнасьць палітычнага прафэсіяналізму, які, магчыма, грунтуецца на інфармацыі, атрыманай ад псэўдадэмакратычных беларускіх структураў, ці ўдзел у карупцыйных схемах, якія дазваляюць раскрадаць грошы з эўрапейскага бюджэту, адмываючы іх праз розныя псэўдафонды па барацьбе з дыктатарскім рэжымам. Як можна падтрымліваць сродкі масавай інфармацыі ў краіне, акупаванай мафіёзным рэжымам? Яны ж знаходзяцца пад кантролем і ціскам спэцслужбаў, ня маючы магчымасьці данесьці праўду грамадству. Як можна аказваць дапамогу беларускім праваабарончым арганізацыям і паралельна садзейнічаць арышту беларускіх праваабаронцаў? Яскравым таму прыкладам зьяўляецца арышт абаронцы правоў чалавека Бяляцкага Алеся.

Ва ўмовах эканамічнага крызісу палітыкі Эўропы чарговы раз прапануюць санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі. Яны таксама прапануюць павялічыць сьпісы беларускіх чыноўнікаў, неўяздных на тэрыторыю Эўразьвязу, паралельна не кантралюючы, ці працуюць гэтыя сьпісы. Прыкладам можа паслужыць адпачынак дыктатара Лукашэнкі ў Аўстрыі, альбо працоўная паездка міністра ўнутраных спраў А. Куляшова ў Францыю па лініі Інтэрпола на мінулым тыдні. Эўрапейцы абмяркоўваюць са злачынцамі як трэба змагацца з мафіяй? Альбо вучаць, як трэба лавіць палітычных актывістаў?!

Колькі яшчэ сродкаў выдаткуюць або адмыюць эўрапейскія чыноўнікі на імітацыю барацьбы з дыктатурай? Для дэмакратызацыі Беларусі, Эўрапейскія палітыкі павінны ў першую чаргу абудзіць сваё сумленне і шчыра захацець пераменаў!

Беларускія палітычныя ўцекачы спадзяюцца, што новаабраныя кіраўнікі Эўрапейскага Парлямэнту і Парляменцкай Асамблеі Рады Эўропы створаць эфектыўныя рычагі ціску на дыктатуру ў Беларусі, не баючыся крамлёўскай мафіі!