Гутарка са Зьмітром Вайцюшкевічам у Амстэрдаме

12 траўня ў межах грамадскай кампаніі « Эўрапейская салідарнасьць з Беларусьсю» музыка Зьміцер Вайцюшкевіч наведаў з канцэртам Амстэрдам. Сустрэча была арганізаваная пры дапамозе Леры Красоўскай і грамадскай ініцыятывы “Мы памятаем”.
Каб паслухаць песьці вядомага беларускага сьпевака ў сталіцу Каралеўства Нідэрланды завіталі беларусы з Бэльгіі і Францыі.

Пасьля канцэрту, ня гледзячы на шчыльны графік, Зьміцер Вайцюшкевіч пагадзіўся адказаць на некалькі пытаньняў ад БЭЗ-Інфа.

Гутарка са Зьмітром Вайцюшкевічам у Амстэрдаме

large_interv.jpgГод 6 ці 7 таму на французскім тэлебачаньні я пачуў песню на знаёмы матыў, але па французку. Гэта была кампазіцыя “Я нарадзіўся тут”, выкананая гуртом Louise Attaque на супольным канцэрце ў Менску. Якія ўражаньні засталіся ад канцэрту?

Я ня ведаў, хто яны такія….. Так і ня скажаш, што нейкія зоркі з Францыі. Мы сядзелі ў кавярні і падумалі, што тэба ж нешта засьпяваць разам. Вырашылі сьпяваць “Я нарадзіўся тут”. Але пасьля пачалася буча: амбасада Францыі пачала рэзка даваць задні ход, кажучы : “Мы баімся, што будзе міжнародны скандал. Скажуць, што французкі гурт падтрымлівае беларускую апазіцыю.” Але ўсё ж такі музыкі ўзялі на сабе адказнасьць. Мы адрэпетавалі і зрабілі. Для мяне гэта быў вельмі важны момант падтрымкі, салідарнасьці. Насамрэч можна сказаць, што ад мастацтва нічога не залежыць, а можна сказаць, што шмат чаго залежыць.Вельмі часта чыноўнікі баяцца мастацтва, бо яно можа нарабіць нейкай так бы мовіць “бяды” ці зрабіць нейкі дыпляматычны скандал. Таму я вельмі рады, што яны згадзіліся, і мы засьпявалі. З гуртом мы ўжо так не кантактуем, але, можна сказаць, адчуваем адзін аднаго.

Пасля гэтага ў вас былі выступы ў Францыі?

Так. У Парыжы,Тулузе.

Як публіка Вас сустракае?

Усё было цудоўна. У нас былі вельмі актыўныя і добрыя слухачы. Іх было шмат. Нягледзячы на тое, што кнайпа (кавярня) была маленечкая, яны стаялі адзін на адным і дыхалі, можна так сказаць, у нос. Увогуле французкая публіка вельмі актыўная. Галоўнае, каб музыкі гэта ведалі і маглі выкарыстаць гэта.

Ці прыходзяць беларусы на вашы эўрапейскія канцэрты?

Ну натуральна! Хто сёння прыйшоў? Палова беларусаў, палова галяндцаў. Яны ня ведаюць, хто такі Зьміцер Вайцюшкевіч. Для іх увогуле катастрофа - вымавіць маё імя. Тым ня меньш, тут добрае месца для такіх сустрэчаў, бо тут адбываюцца яшчэ і шмат іншых. У Берліне была выдатная вечарына. Эўрапейцы гатовыя ўспрымаць чужыя праблемы. Гэта таксама пэўны ўзровень падрыхтаванасьці да сумеснага жыцця ў эўрапейскім доме, бо без гэтага ня можа быць адзінай Эўропы з ейнымі праблемамі, крызісамі, з боллю. Яны гатовы ўспрымаць беларускую праблему. І калі з беларускага боку крычаць, што эўрапейцы ў нас толькі хочуць пастроіць “Ікею” ці нешта яшчэ, ўвогуле ня згодны з такім меркаваньнем. Ну так, яны будуюць “Ікеі” і “Магдоналдсы” паўсюль, але й нам самім трэба быць падрыхтаванымі да добрасуседства, да разуменьня чужых праблемаў. Праз чужое сваё шанаваць.

Беларусы , якія прыходзіць на канцэрты ў замежжы, на якой мове яны размаўляюць?

Мне пашчасьціла, на мае канцэрты прыходзіць большасць беларускамоўнай публікі. Хаця натуральна, што ёсць расейскамоўныя. Ёсць рускія, якія проста прыходзяць на канцэрты таму, што гэта былая савецкая супольнасць. Я ведаю, што ў Варшаве ўжо традыцыйна беларускамоўная публіка. У Берліне на рускія акцыі ходзяць беларусы, супраць Пуціна напрыклад. У гэтым сэнсе мне, канешне, больш пашанцавала, беларускамоўных на мае канцэрты прыходзіць больш.

У Беларусі замінаюць размаўляць на роднай мове і карыстацца ёй штодзённа, прапаганда вядзе да цалкам расейскамоўнага асяроддзя. Людзі зьяжжаюць у замежжа, і, вось, няма перашкодаў, калі ласка карыстайся мовай. Я прыязжаю ў Эўропу і бачу, людзі размаўляюць па расейску. Якое ўвогуле стаўленьне да такой зьявы? Ці няма нейкага грэблівага стаўлення да іх?

У мяне асабіста не. Мы агульнымі праблемамі там жывем, і, вось, пра гэты моўны стан у замежжы проста мала гаворыцца. У нас увогуле ні пра што няма ніякай дыскусіі, абмеркаваньня нацыянальных пытаньняў, пытаньня нацыянальнай меньшасьці за мяжой. А з другога боку, я меў такі прыклад: у мяне быў канцэрт у Кіотэ, гэта 60 км ад Токіа, былая сталіца літаратараў японскіх. На гэтым канцэрце былі толькі японцы і два чалавекі з савецкага саюзу - беларуска і казах. Беларуска прыехала з Токіо каб пагаварыць са мной па-беларуску. Яна толькі там зразумела, што ёй трэба гэтая мова. Каб прыйсьці да такога трэба, каб гэты ген моўны пачаў “інфецыраваць”. Беларускія справы, гэта як інфекцыя, вылечыцца немагчыма, калі ты інфецыраваны, калі можна так сказаць.

Ці можаце сказаць, у якой эўрапейскай краіне, на Вашую думку, беларуская дыяспара найбольш актыўная, моцная?

Пачну з Расеі. Вельмі моцная дыяспара ў Іркуцку, але зараз іх там душаць сур’ёзна, экстрэмізм і ўсё, што хочаш, ім шыюць. Вельмі шкада, што ўсе беларусы ў Расеі махнулі на іх рукой, ніхто не хоча салідарызавацца. Такая традыцыйная сітуацыя, хай самі выкарасківаюцца. У Калінінградзе вельмі моцная і актыўная дыяспара. Увесь час нешта праводзяць. У Пецярбурзе пачалі зараз падымаць галаву. У Маскве некалькі суполак скаладаюць прыемныя ўражаньні. Што тычыцца Эўропы. Беластоцкія беларусы, але гэта настолькі натуральна, што лічы і не Эўропа. У іх і школы ёсьць, і часопісы выходзяць. Рух ёсьць у Швецыі, у Нямечынне. Можа не ў той ступені, бо іх ня шмат.

Сёньня было паднята пытанне пра салідарнасць, чым могуць дапамагаць эўрапейцы беларусам. Я хацеў запытацца пра ролю дыяспары. Моладзь, каторая з’ехала ў Эропу, што яны могуць зрабіць для Беларусі?

У свой час Ротшыльд для Ізраіля пабудаваў дарогі, купіў вінаграднікі і зрабіў віно. Чалавек зарабіў вялікія грошы і падарыў тое, што будзе працаваць гады. Гэта як на старасьці гадоў людзі дораць калекцыі гарадам ці ў бібліятэкі. Вось, каб хто-небудзь, напрыклад Пуцін, аддаў 130 міліярдаў на беларускія дарогі, на мадэрнізацыю, вось гэта канкрэтна. Усё астатняе, гэта кожны сам для сябе вырашае. Трэба адчуваць прыналежнасьць да гэтага ўсяго: да рэчкі, да бярозкі, да слова.

Апошняя хваля беларускіх эмігрантаў, якія з’ехалі па палітычных матывах. Ці патрэбна ім надалей займацца палітыкай, “варушыць” эўрапейскіх чыноўнікаў. Як вы ставіцеся да акцый па ўсёй Эўропе, да пікетеў?

Можна сказаць - няхай робяць, што хочуць, але тады губляецца сэнс іхняга прыбываньня ў Эўропе. Польшча стала дэмакратычнай краінай, і шмат хто вярнуўся, хтосьці асэміляваўся, бо гэта натуральны працэс. Але пакуль яшчэ ня час складваць усе прыстасаваньні зброі. Нажаль, у самой Беларусі няма ўспрымання яе як дзяржавы. Людзі павінны самі гэта вырашаць. Рана ці позна чалавек сустракаецца са сваім навошта, са сваім сэнсам.

Сустракаю тут шмат маладзёнаў, якія кажуць, што займаліся палітыкай у Беларусі, а тут ня будуць, бо яны не за гэтым сюды прыехалі. Ёсьць таксама катэгорыя людзей, якая атрымала дапамогу дзяржавы, але ні вучоба, ні праца іх ня цікавяць. Яны проста аселі тут паразітаваць. Якое ваша стаўленьне да такой зьявы?

Барадулін не паехаў. Бураўкін мог паехаць, быць начальнікам у Маскве, сядзець “у носе калупаць”. Някляеў мог бы паехаць. Я пра сябе ніколі не думаў. Але каб захацеў, мог бы рэалізавацца дзе-небудзь там у Маскве, як усе традыцыйна. Няма такога.Таму мой капітал (капітал гэта тваё здароўе) я ахвярую, як ні пафасна гэта гучыць. Я бачу сэнс у гэтым для майго жыцця і крычаць:“Пацаны! Паверце ў мяне”- я не збіраюся. Я веру ў Беларусь, у Нёман, дубы, у гісторыю. Тыя ахвяраваньні людзей… “Бог не Цімошка, ён жа бачыць нямножка”.

Ці гатовыя беларусы да пераменаў? Напрыклад, адбылася зьмена ўлады, і беларусы прышлі да ўлады.

Думаю што мы гатовы, гэта толькі пытаньне часу.

Дзякуй вялікі за адказы.

Гутарыў Павал Хівук
12/05/2012