Выбарчы спектакль вачамі беларускіх эмігрантаў

Грамадзкае назіраньне за наведваньнем беларускай амбасады ў Брусэлі людзьмі, якія стаяць на консульскім ўліку як грамадзяне Беларусі, быў прымеркаваны мерапрыемству, якое акупацыйны рэжым называе “выбары”. Такія пікеты-назіраньне актывісты Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня ладзяць пачынаючы з так званых выбараў 2006 года.

P1020057.jpg

Акцыя пачалася а 9 гадзіне раніцы з арганізацыйных пытаньняў з мясцовай паліцыяй.
Потым да актывістаў БЭЗу далучыліся сябры БХД і іншых беларускіх апазыцыйных партыяў і рухаў. У час пікету падыходзілі мясцовы жыхары, каб спытацца, з якой нагоды пікет. Шмат хто пазнаваў на адным з плакатаў апошняга дыктатара Эўропы, мінакі рабілі фотаздымкі гэтага плаката, бо лічылі яго актуальным і правільным.

P1020047.jpg

Настрой удзельнікаў пікету быў надзвычай добры, і мерапрыемства суправаджалася сяброўскімі дыскусіямі након будучыні краіны. Усе пагаджаліся з меркаваньнем, што пікеты салідарнасьці ў эміграцыі павінны адбывацца як мага часьцей, бо гэта надае сілаў тым, хто застаўся на акупаванай тэрыторыі і працягвае змагацца за будучыню Беларусі.

Бліжэй да абеду адзін з паліцэйскіх адгарнуў прапагандысцкі плакат, які вісеў на ўваходзе ў амбасаду – за плякатам была схавана выява Беларускай Пагоні. Убачанае выклікала радасную рэакцыю ва ўдзельнікаў пікету, але супрацоўнік амбасады, што хутка выбег з будынку, стаў хутка вешаць гэты плакат на месца, тлумачачы нешта паліцэйскаму. Для ўдзельнікаў пікета засталося сакрэтам, адкуль зьявілася выява Пагоні на ўваходзе ў амбасаду. Адным з удзельнікаў пікета была выказана думка, што, магчыма, дыпламаты на ўсякі выпадак рыхтуюцца да зьмены ўлады і прымаюць прывентыўныя меры на ўсялякі выпадак.

P1020063.jpg

Адметнасьцю сёлетняга “галасаваньня” сталася колькасьць людзей, што наведала амбасаду: трошкі больш за трыццаць. Значна лепшы паказальнік у параўнаньні з былымі гадамі. Але да токога выніку спрычыніўся супрацоўнік амбасады, што перыядычна падвозіў электарат на працоўным аўта. Яго пікетоўцы трапна назвалі «сацыяльны таксіст».

Арганізатары акцыі са шкадаваньнем адзначылі, што сярод прыйшоўшых на так званыя выбары былі і тыя, хто калісьці называў сябе апазыцыянерам і прасіў палітычны прытулак, каб захаваць сабе жыцьцё і свабоду. Зразумела, што час мяняецца і погляды таксама, і, магчыма, рэжым у вачах гэтых псеўдапалітычных актывістаў стаў больш дэмакратычным, а той факт, што ў турмах сядзяць палітычныя зняволеныя, іх не турбуе. Не сакрэт, што бальшыня так званых палітычных уцекачоў запісвалася ў шэрагі партый, каб потым зьехаць у Эўропу, наладзіць ўласнае жыцьцё ды паліваць брудам тых, хто не прызнае дзейсны рэжым за беларускую ўладу, паралельна падтрымліваючы акупацыйны рэжым галасаваньнем ў амбасадзе.

Акцыя скончылася а 16 гадзіне. Яе ўдзельнікі падзякавалі ініцыятарам пікету за добрую арганізацыю мерапрыемства і выказалі жаданьне быць удзельнікамі наступных акцый, што мае ладзіць БЭЗ.

БЭЗ-Інфа