Круглы стол у Брусэлі

17 кастрычніка ў будынку Эўрапарламента з ініцыятывы польскага палітыка Марэка Мігальскага адбылася сустрэча эўрапейскіх палітыкаў з прадстаўнікамі розных палітычных партый і рухаў з Беларусі.

На пачатку мерапрыемства кожны з запрошаных меў магчымасьць зрабіць кароткі даклад на тэму «Беларусь учора і сёньня». Але, на жаль, даклады аказаліся усхваленьнямі і расповядамі пра беспамылковасьць пэўных партый і іх лідэраў. А адвечнае пытаньне “Хто падтрымае нашу імітацыю апазыцыйнай дзейнасьці, якая дазваляе нам існаваць, а рэжыму ўзмацняцца?” можна было зь лёгкасьцю прачытаць паміж радкоў.

На гэтым паседжаньні за круглым сталом прысутнічалі людзі, якія цягам апошніх гадоў удзельнічаюць у розных семінарах і трэнінгах, на якія безсэнсоўна транжырацца сродкі Эўракамісіі і амэрыканскага Кангрэсу, сродкі, якія павінны былі пайсьці на пабудову грамадскай супольнасьці ў Беларусі.

Якую мэту перасьледвалі дэлегаты з Беларусі, прыняўшы удзел у гэтым круглым стале? У чарговы раз папрасіць грошы на імітацыю барацьбы? Зразумела, што эўрапейскім палітыкам прасьцей адкупіцца чарговым грашовым траншам ад людзей, што ствараюць імітацыю апазыцыі, нічога не мяняючы у палітычнай сістэме Беларусі, чым пасапраўднаму пачаць змаганьне з марыянетачным філіялам маскоўскага рэжыма

Кожнаму палітычна адукаванаму чалавеку добра зразумела, што раз'яднаная Эўропа са сваімі праблемамі ня ў стане змагацца з маналітнай крамлёўскай тэраніяй. Таму палітыкамі Эўропы выбрана тактыка нейтралітэту з Крамлём. Апошнім часам з вуснаў беларускіх так званых палітычных аналітыкаў гучыць крыўда, што палітыка Эўразьвязу сваім прагматызмам узмацняе рэжым Лукашэнкі. Але адразу ўзнікае пытаньне, чаму палітыкі Эўропы павінны адкідваць прагматызм у дачыненьнях з Беларусьсю, калі палітыка так званай беларускай апазыцыі ўся трымаецца на прагматызме і грашовых цікаўнасьцях?

ЧАМУ?

Чаму павінны выдаткоўвацца сродкі з бюджэтаў эўрапейскіх краінаў на падтрымку СМІ, якія прапагандуюць псэўдаліберальныя каштоўнасьці?

Чаму эўрапейскія палітыкі павінны залазіць у кішэні сваіх грамадзянаў, каб забяспечыць адпачынак розных псеўдаапазіцыйных актывістаў на нятанных курортах Эўропы?

Чаму так званыя беларускія палітыкі і пальцам ня варухнуць бяз эўрапейскіх грантаў?

Чаму грамадзяне Эўропы не павінны заставацца абыякавымі да праблемаў грамадзскай супольнасьці ў Беларусі ў той час, калі так званыя палітычныя ўцекачы з Беларусі абыякавыя да лёсу сваёй Радзімы?

Толькі таму, што Беларусь геаграфічна эўрапейская краіна? Дык пра гэта ўвесь час кажа афіцыйная прапаганда!

Калі беларусы, якія лічаць сябе патрыётамі сваёй Радзімы, знойдуць адказы на гэтыя «Чаму?», вось тады і пачнецца сапраўднае вызваленьне Беларусі.

А пакуль жыхары Беларусі заслугоўваюць тое, што маюць!

Да вялікага шкадаваньня, прысутныя на паседжаньні праігнаравалі агучаную прапанову распачаць кампанію “Выбары бяз Лукашэнкі”. Менавіта гэта кампанія і павінна мець месца пасьля ўдалага байкоту мерапрыемства пад назвай «Выбары». Гэта была б сапраўдная мабілізацыя ўсіх беларускіх патрыятычных сілаў, яна б высветліла, хто сапраўды ёсьць патрыёт сваёй Радзімы, а не грантавы «змагар», які разглядае змаганьне праз акуляры фінансавых патокаў.

На прыканцы мерапрыемства да прысутных прамаўляў прафесар і эўрадэпутат Вітаўтас Лансбергіс. Ён зьвярнуў увагу на выкарыстаньне тэрмінаў, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці. Марыянетку нельга называць кіраўніком краіны, а прызначаны ёй “парлямэнт” ніяк нельга назваць заканадаўчым ворганам... Таксама ён папрасіў прысутных беларусаў быць больш пільнымі, бо крамлёўскія паліттэхнолагі спрабуюць убіць клін у сяброўскія адносіны паміж народам Летувы і народам Беларусі.

Пасьля паседжаньня актывісты Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня з вялікай цікаўнасьцю паразмаўлялі з вядомым летувіскім палітыкам.

Пасьля заканчэньня афіцыйнай частцы ў Эўрапарламенце Сяргей Каваленка наведаў Антверпан і меў сяброўскую сустрэчу з актывістамі БЭЗу.

brussel102012-2.jpg

brussel102012-1.jpg

БЭЗ-Інфа