Фэст у гонар Сьвятога Мучаніка Язафата Полацкага

11 лістапада Беларуская царква ў бэльгійскім горадзе Антвэрпане адзначыла сваё парафіяльнае сьвята – Дзень памяці Сьвятога Мучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага. Чарговы раз урачыстая Боская Літургія зграмадзіла больш за сотню вернікаў і прыяцеляў парафіі, сярод якіх і беларусы, і фламандцы, і прадстаўнікі іншых народаў, што цэняць скарб Хрыстовай веры і царкоўнай Еднасьці.

Набажэнства было саборна адпраўлена сьвятарамі – айцом Яўгенам Усошыным, дэканам Цэнтральна-Заходняга протапрэзьбірату; айцом Клаўдыям Рабінэт, шматгадовым супрацоўнікам беларускай службы “Радыё Ватыкан”; і айцом Янам Майсейчыкам, парохам царквы Сьв. Язафата і Ўваскрасеньня Хрыстовага г. Антвэрпан. Фламандскі хор бізантыйскай традыцыі “Анёльскі збор” стварыў атмасфэру малітвы і надзвычайнага сьвяточнага настрою.

Sv-Jazafata-11-11-2012-002.jpg

У сваім казаньні сьвятар Ян Майсейчык зазначыў, што ад самага пачатку, ад свайго заснаваньня Сьвятая Царква сустрэла яры супраціў з боку прыхільнікаў розных “традыцыйных”, як на той час здавалася, канфэсій. Вернікі сутыкнуліся са страшэнным перасьледам і ім выпала сьведчыць аб сваёй веры шляхам мучаніцтва. Але зьнішчаючы іх, праліваючы іхнюю кроў, ганіцелі не ведалі, што кроў мучанікаў – гэта насеньне Хрысьціянства. Дзякуючы сведчаньню мучанікаў Царква здабыла Ласку навяртаньня людзей да веры Хрыстовай і распаўсюдзілася па абліччу ўсяе зямлі.

Сьвяты Язафат крочыў тою самаю дарогаю старажытнага мучаніцтва, церпячы несправядлівасьці, ачарненьне і перасьлед, і, нарэшце, перажыўшы лютую сьмерць ад зьведзенага з Божай дарогі падбухторшчыкамі грамадскага і царкоўнага раздраю натоўпу. У сваім сьвяціцельскім служэньні Сьв. Язафат ва ўсім пераймаў Сьвятых Яна Залатавуснага і Амброзія Мэдыяланскага, велічных постацяў сьвятаайчыннай гісторыі, а ў сьмерці прыпадобніўся Сьвятым Мучанікам першых стагоддзяў, якія адважна, але з ціхмянасьцю і пакорай выходзілі да сваіх катаў. “Дзеткі, вось я... Не забівайце дамоўнікаў маіх” – словы, якія сталіся апошнімі ў зямной вандроўцы Сьвятамучаніка і адчынілі яму дзьверы райскія.

Sv-Jazafata-11-11-2012-005.jpg

Sv-Jazafata-11-11-2012-001.jpg

P1020243.jpg

Пасьля Боская Літургіі ўсе ўдзельнікі ўрачыстасьці сабраліся разам у плебаніі на братэрскую вячэру, рупліва прыгатаваную адданымі Царкве верніцамі.