Успамін Сьвятога Мучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага

Сёньня сьвяткуе наша Маці Сьвятая Царква ўрачыстасьць Сьвятога Мучаніка Язафата Полацкага, чыё жыцьцё было кароткім, але поўным гераізму і сьвятасьці, паслушэнства Царкве і веданьня Праўды.

Ён нарадзіўся ў цяжкі час палітычных і рэлігійных канфліктаў, і ў гэты час ён стаў палымяным вызнаўцам веры, добрым пастырам, які імкнуўся да насаджэньня ўзаемапавагі паміж рознымі сацыяльнымі і культурнымі станамі краіны. Ягонае імкненьне да замірэньня грамадскага жыцьця ў яго айчыне не можа зьдзіўляць нават сёньня.

Sviatar-Jan-2012.jpg

Жыцьцярыс Сьвятога Мучаніка распавядае пра цудоўную падзею з ягонага маленства, якую ён перажыў у царве: іскра выйшла ад выявы ўкрыжаванага Хрыста і ўвайшла ў ягонае сэрца.

Рана была не балючай і ён не губляў крыві. Гэта была рана іншага кшталту – яна абудзіла яго да перажываньня любові да Бога і Царквы разам з пакутуючым Збавіцелем, Які выбавіў і яго.

Сьвяты Язафат стаўся рупліўцам еднасьці з Апостальскім Пасадам, Сьвятым Пасадам Папы Рымскага, наступніка Сьвятога Апостала Пятра, каменя, на якім Хрыстос збудаваў Ягоную Царкву. Гэта зрабіла яго цэнтрам, што прыцягваў да сябе як любоў, так і лютую нянавісьць, што паддавала рызыцы самое ягонае жыцьцё.

Сьвяты Язафат ведаў, што ён павінен выпіць келіх да дна, падобна нашаму Боскаму Збавіцелю, нашаму Выратаваньню.

Кожны дзень свайго пастырскага і архіпастырскага служэньня ён сутыкаўся з канфрантацыяй. Яму супрацьдзеілі, яму чынілі перашкоды, фальшыва абвінавачвалі, ачарнялі, зьневажалі і пракліналі, а ён адказваў ім чыстасьцю, выверанасьцю сваіх паступкаў і сьвятасьцю жыцьця.

Калі ў Полацку праціўнікі Царкоўнай Еднасьці ўзбунтавалі народ і навісла пагроза прымяненьня зброі з боку ўладаў, то Сьвяты Язафат рашуча і адважна стаў паміж бунтаўнікамі і ваяводай і кашталянам, грудзямі засланіўшы віноўнікаў і прадухіліўшы кровапраліцьцё.

Гэтыя знакі адвагі і самаахвярнасьці архібіскупа Язафата прыцягвалі ўсё больш людзей. Язафат быў жывым сьвятым.

Але ягоныя праціўнікі таксама ўзрасталі ў сваёй да яго нянавісьці і выношвалі планы, як бы яго прыбраць з дарогі. І вось, яны распачалі чарговую ненавісьніцкую кампанію са шматлікімі ілжывымі абвінавачваньнямі, якімі падбухторылі народ да расправы над Сьвятым. Яны цьверда вырашылі, што забіўшы Мучаніка, яны зьнішчаць нават і імя ягонае і памяць пра яго.

12 лістапада 1623 году Сьвяты Мучанік прамовіў да тых, што прыйшлі яго забіць: “Дзеткі, вось я... Не забівайце маіх дамоўнікаў”.

Пакорлівы, як ягнятка прызначанае на зарэз, дазволіў ён сябе жахлівым спосабам засекчы сякерай. Ягоная кроў пралілася, Бог забраў ягоную душу да Сябе ў Вечнасьць. Бог забраў Мучаніка ў хор Сваіх Сьвятых і зрабіў яго хадайнікам за ўсіх верных Царкве Хрыстовай , прыкладам надзвычайнай вернасьці і руплівасьці царкоўнай Еднасьці.
Ягоныя мошчы, утопленыя ў Дзьвіне, цудоўным чынам былі знойдзеныя і пастаўленыя ў Полацкай Сафіі для ўшанаваньня. Ад іх адбыліся шматлікія цуды, праўдзівасьць якіх зацьверджаная Сьвятой Царквой.

Ягоная сьмерць спрычынілася да пакаяньня і навяртаньня да Царквы нават самых непрымірымых ворагаў Уніі. Так, адзін з галоўных падбухторшчыкаў і завадатараў забойства Сьв. Язафата Мялет Сматрыцкі прынёс пакаяньне і стаўся палымяным прыхільнікам Уніі, і застаўся ёй верны да самага свайго мірнага спачыну, нягледзячы на сталыя пагрозы пазбавіць жыцьця з боку дызунітаў, гэта значыць ворагаў Еднасьці царкоўнай.

Кроў Сьвятога Язафата стала насеньнем, што адрадзіла наш народ, як духова, так і культурна. Народ стаў сьвядомым свайго пакліканьня да Еднасьці, да асаблівага пасланства – несьці Сьвятло Хрыстовай Праўды, адной-адзінай Праўды адкрытай Богам адной-адзінай Царкве.

Сьвяты Язафат быў прымірыцелем, які да сёньня заклікае людзей да жыцьця ў гармоніі, любові і павазе да асаблівасьцяў адзін аднаго.

Ён не рабіў нічога новага. Ён толькі сьледаваў прыкладу такіх вялікіх Сьвятых, як Ян Залатавусны, Амброзій Мэдыяланскі і Максім Вызнаўца. Дзякуючы іх прыкладу ён стаўся Сьвятым і цешыцца славай у Бога.

Сёньня, мілыя ў Богу браты і сёстры, мы ўзносім песьні хвалы Госпаду Богу, які заклікае нас крочыць сьлядамі нашага Мучаніка, бяручы зь яго прыклад пераадоленьня цяжкасьцяў жыцьцёвага шляху сярод фальшывых абвінавачваньняў, прыніжэньня, паклёпаў і перасьледу. Калі нас ачарняюць і ўсяк зьневажаюць, прыцясьняюць і пазбаўляюць права на свабоду вызнаваць сваю веру, шальмуюць і дыскрэдытуюць, мы маем помніць – так сама паступалі і са Збавіцелем нашым, Госпадам Ісусам Хрыстом, таксама паступалі з першымі хрысьціянамі першых стагоддзяў, таксама паступалі з Мучанікамі за веру ва ўсе часы, так, нарэшце, паступалі і ў адносінах нашага велічнага хадайніка і заступніка Сьвятога Мучаніка Язафата, архібіскупа Полацка. Наш шлях вузкі і цяжкі, але ў канцы яго – вянцы ад Бога і вечнае шчасьце ў Небе.

Мы застаемся вернымі нашаму пакліканьню да зьяднанай, Уніяцкай, альбо інакш Грэка-Каталіцкай Царквы, нягледзячы на той журботны шлях, які яна праходзіць на працягу ўсяе свае гісторыі, натхняючыся яе апостальскім духам і непахіснай вернасьцю Хрыстовай волі адносна Сьвятога Апостала Пятра і ягоных намесьнікаў як Вярхоўных Архіпастыраў у Царкве Божай.

Подзьвіг Сьвятога Мучаніка Язафата стукаецца да нашага сумленьня і заклікае да паслушэнства Праўдзе і аддаленьня ад падзелаў і расколаў, што разьдзіраюць нясшытую рызу нашай Маці Сьвятой Царквы і вядуць да выраджэньня і самазьнішчэньня.

Мы павінны навуку Божую і Ягоную адну-адзіную Царкву прыняць, ўвайсьці ў яе і стацца яе паслухмянымі дзецьмі. Такая ёсьць нязьменная воля Божая, каб збавіць усіх людзей, што ў лучнасьці з праўдзівай Царквой прабываюць і асьвячаюцца актыўным удзелам у Сьвятых Таемствах. І іншага шляху, іншай царквы нам не дадзена.

Мы павінны пераадолець так званы “крызыс веры”, які адводзіць людзей ад збаўчай веры ў Эвангельле, або зводзіць хрысьціянскае жыцьцё да фармальнай прыналежнасьці да Царквы, напышлівага мянаваньня сябе праваслаўным без нутранага перамяненьня да лепшага. Мы павінны стаць праўдзівымі хрысьціянамі, не толькі паводле нашых словаў, але таксама і паводле нашых учынкаў, Сьвятым насьлядуючы: мець жыцьце пабожнае і цнатлівае, напоўненае сьвятой пакоры.

Мы павінны навучыцца самых сябе, сваю самадастатковасьць, ганарлівасьць і эгаізм адстаўляць у бок, і штодзённа ўкрыжоўваць сябе і свае жаданьні, у насьледаваньне Хрысту, так як гэта рабілі Сьвятыя ва ўсе час, . Вера – гэта Ласка Божая і ніяк не “асабісты выбар ці пачуцьце” гэтага часу.

Сьвяты Язафат кліча нас усіх вярнуцца назад да апостальскай і сьвятаайчыннай веры, што праз наступнікаў Апосталаў (біскупаў) на чале з Намесьнікам Сьвятога Пятра, Біскупам Рыму, захоўваецца і перадаецца з пакаленьня ў пакаленьне, да сканчэньня вякоў.

Вера – гэта не чалавечая справа, не справа пачуцьцяў, інтэлектуалізма і чалавечых меркаваньняў і сімпатый. Вера – гэта тое, што трэба пакорліва прыняць і чаму належыць падпарадкаваць і свой розум, і свае жаданьні, - усё сваё жыцьцё. Той жа, хто веру трансфармуе пад самаго сябе, свае амбіцыі, палітычныя ці яшчэ якія іншыя перавагі, робіць яе слугой сваіх асабістых цікаўнасьцей – стаіць на хібным шляху і не знойдзе суцяшэньня і Ласкі ніколі.

Пакорлівае, напоўненае любоўю да праўды жыцьцё Сьвятога Мучаніка Язафата ўпрашае нас аддаліцца ад уласных чалавечых меркаваньняў і нашай пыхі. Мы мусім зьмірэнна сесьці ля Ісусавых ног і ўслухацца ў Ягоны голас, і пачаць рабіць тое, што ёсьць Божай воляй: Бога і бліжняга любіць, не грашыць і Ягоныя запаведзі захоўваць.

Госпад Бог заклікае кожнага з нас стаць сьвятым. Усе Сьвятыя, што жылі да нас, паказваюць нам, што сьвятасьць можа дасягацца не толькі нейкімі надзвычайнымі аскетычнымі подзьвігамі, але і ў звычайных жыцьцёвых абставінах: вялікі ці малы, багаты ці бедны, у манастыры ці ў сьвеце, як самотны затворнік ці бацька або маці сямейства. Пастараймася ж гэта ўсьвядоміць, мілыя ў Богу браты і сёстры, і парупіцца дзеля памнажэньня славы Божай і збаўленьня ўласнай душы, рэчы несьмяротнай.

І хай Госпад Бог, па заступніцтву Сьвятога Мучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, запаліць нашыя сэрцы праўдзівай і шчырай любоўю да Госпада Ісуса Хрыста і Сьвятога Крыжа.

Госпадзе Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, зжалься над намі і памілуй нас, грэшных! Амін.

Сьвятар Ян Майсейчык
Антвэрпан, 11-12 лістапада 2012 г.