Выніковы Мэмарандум

Трэба дамагацца як найшырэйшага прызнаньня міжнароднай супольнасьцю, што Аляксандар Лукашэнка і дзяржаўныя органы пад ягоным кантролем, пры адсутнасьці дэмакратычнай легітымнасьці, ня ёсьць правамоцным і дзеяздольным прадстаўніцтвам Беларусі, асабліва у разе прыняцьця ад імя Беларусі абавязкаў і пагадненьняў з наступствамі, якія абмяжоўваюць ці абцяжарваюць яе сувэрэнітэт або датычаць распродажу дзяржаўнай маёмасьці. Гэткія пагадненьні ня будуць абавязковыя для дэмакратычнай беларускай дзяржавы ў будучыні, а стануць прадметам перагляду і магчымага скасаваньня або карэкцыі.

Неабходна дамагацца гарантыяў непарушнасьці беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту з боку краінаў Эўрапейскага Зьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі і Расейскай Фэдэрацыі, непрызнаньня міжнародна-праўнай сілы любых небясьпечных для сувэрэннага статусу Беларусі рашэньняў, якія ад яе імя можа зрабіць аўтарытарнае кіраўніцтва, а таксама непрызнаньня легітымнасьці любых шкодных для сувэрэнітэту Беларусі правоў і прывілеяў, якія Расейская Фэдэрацыя можа сьцьвярджаць ці дамагацца ў Беларусі на грунце дактрыны «зоны асаблівых інтарэсаў».

Дзеля забесьпячэньня сувэрэнітэту ад рызыкаў крызіснага і пераходнага пэрыяду ў абставінах каляпсу аўтарытарнага рэжыму неабходна распрацаваць і палітычна ўзгадніць супольны пакет першачарговых палітычных, эканамічных і юрыдычных захадаў у галіне энэргэтычнай і харчовай бясьпекі, культурна-інфармацыйнай палітыкі, забесьпячэньня адміністрацыйнай кіравальнасьці ва ўмовах пераходу да дэмакратыі, барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю, а таксама забясьпечыць максымальную падтрымку, якую можна мабілізаваць з боку прыхільных гэтым мэтам дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў.

У Мэмарандуме таксама гаворыцца, што грамадзкія і палітычня арганізацыі павінныя каардынавацца ў справе супрацьстаяньня афіцыйнай прапагандзе, «якая зьнішчае беларускую нацыянальную сьвядомасьць».

«Павінен быць мацнейшы скаардынаваны ціск палітычнай і грамадзянскай супольнасьці ў краіне і за яе межамі дзеля зьмяншэньня ў беларускім грамадзтве пачуцьця страху, найперш вызваленьня і рэабілітацыі палітычных вязьняў, спыненьня палітычных рэпрэсіяў і дэмантажу рэпрэсіўнага апарату, свабоды для сродкаў масавай інфармацыі, а ўрэшце — правядзеньня свабодных выбараў», — адзначаецца ў дакумэнце.

«Прадстаўнікі беларускай палітычнай і грамадзянскай супольнасьці прызнаюць Раду БНР рэзэрвовым палітычным дэпазытарам беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі», — гаворыцца ў Мэрандуме.

Мэмарандум падпісалі:

Уладзімер Барадач, Аргкамітэт «Савету нацыянальнага адраджэньня»
Вінцук Вячорка, Аргкамітэт «Беларускага Руху»
Аляксандар Дабравольскі, Аб’яднаная грамадзянская партыя
Мікалай Дземідзенка, «Малады Фронт»
Вольга Карач, ГК «Наш Дом»
Колас Уладзімер, Рада беларускай інтэлігенцыі
Аляксандар Мілінкевіч, «Рух «За Свабоду»
Станіслаў Шушкевіч, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада
Янукевіч Аляксей, Партыя БНФ
Някляеў Уладзімер, кампанія «Гавары праўду»
Зянон Пазьняк, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ
Віталь Рымашэўскі, Аргкамітэт партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя
Вячаслаў Сіўчык, Рух салідарнасьці «Разам»
Ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР